На мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня інвалідаў, запрасілі 60 дзяцей з асаблівасцямі здароўя з усіх куткоў Віцебскай вобласці.
Іх сустракалі піянеры-валанцёры ў вобразах казачных персанажаў. Прапанавалі зняцца ў фотазонах #дзяцінства#радасць#усмешкі, а таксама з насельнікамі жывога кутка Палаца дзяцей і моладзі. Дзеці сталі ўдзельнікамі дабрачыннай акцыі «Накармі хвосцікі» па зборы сродкаў на корм жывёлам — чаму б не працягнуць руку дапамогі тым, каму, магчыма, горш, чым табе?
Пасля праграмы «Беларусь — краіна роўных сэрцаў» дзеці падзяліліся на групы для праходжання квэст-гульні. На пяці станцыях, сярод якіх — «Тэрыторыя мастака. Крокі да творчасці», «Тэрыторыя дзяцінства. Крокі да зносін» і інш. — яны ўдзельнічалі ў майстар-класах, імправізаваным турпаходзе, выконвалі музычныя і інтэлектуальныя заданні. У выніку кожная з груп сабрала пазл з сімвалаў Беларусі: васілёк, бусел, зубр. Інтэрактыўнае свята завяршылася танцавальным флэшмобам і ўручэннем падарункаў.
Па водгуках гасцей, мерапрыемства дало магчымасць невялікага падарожжа па Віцебшчыне, знаёмства і шчырых зносін на роўных з равеснікамі. Дзеці раз’ехаліся натхнёныя і перакананыя, што, нягледзячы на асаблівасці, звязаныя са здароўем, яны застаюцца паўнапраўнымі членамі грамадства, могуць вучыцца, ствараць, радавацца і ўвасабляць у жыццё свае мары.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота дадзена Палацам дзяцей і моладзі Наваполацка