Нягледзячы на дождж і пахмурнае надвор’е, жыхары вобласці працавалі з настроем, высаджвалі дрэвы і наводзілі парадак у гарадах і вёсках Магілёўшчыны. У Магілёве і Магілёўскім раёне акцэнт быў зроблены менавіта на пасадку дрэў, бо тутэйшыя населеныя пункты і лес моцна пацярпелі падчас сёлетняга ўрагану. Кіраўніцтва рэгіёна на чале з першым намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргеем Савіцкім працавалі ва ўрочышчы вёскі Салтанаўка ў Магілёўскім раёне. На 2,3 гектара тут планавалася высадзіць 10 тысяч саджанцаў хвоі і ёлкі.
Шмат служачых аблвыканкама былі задзейнічаныя на ўборцы тэрыторыі ў раёне вуліцы Якубоўскага ў Магілёве. Агульная справа аб’яднала ўсіх. Плячом да пляча шчыравалі прадстаўнікі выканаўчай улады, сенатары, дэпутаты, моладзь, працоўныя калектывы. Як выказваліся адзін з удзельнікаў, добраўпарадкаванне заўсёды было ў прыярытэце, а сёлета ў Год добраўпарадкавання гэта яшчэ і доўг кожнага.
На бульвары Непакораных у Магілёве клёны і хмызнякі саджала кіраўніцтва горада. «Мы аднаўляем дрэвы на месцы, якое моцна пацярпела ад урагану, — адзначыў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Сяргей Чарткоў. — За гэты год мы высадзілі 3,5 тысячы дрэў, 12 тысяч кустоў і падчас восеньскага месячніка добраўпарадкавання, а ў нас у рамках яго пройдзе тры суботніка запар, высадзім яшчэ 3 тысячы дрэў». Старшыня Магілёўскага гарсавета Святлана Сташэўская, заўважыла, што зялёныя насаджэнні — гэта не проста лёгкія горада, а яшчэ яго прыгажосць і ўтульнасць.
У Магілёўскім раёне шмат хто працаваў на добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў, грамадзянскіх могілак, тэрыторый агульнага карыстання. Усяго было задзейнічаная больш за 11 тысяч жыхароў раёна. «Наогул работа па навядзенні парадку працягваецца ў нас увесь год, — удакладніў старшыня Магілёўскага райвыканкама Дзмітрый Мудрагелаў. — Практычна кожныя выхадныя нашы працоўныя калектывы і райвыканкам задзейнічаныя на добраўпарадкаванні аб’ектаў».
Болей чым 30 актывістаў БРСМ прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі каля стэлы на левым беразе Дняпра ў Шклове. Яны займаліся ўборкай апалага лісця і смецця. Гэта адно з тых месцаў, на рамонт якога будзе выдзелена частка запрацаваных на суботніку сродкаў. Па рашэнні Магілёўскага аблвыканкама, 50 % ад агульнай сумы пойдуць на рамонт і абнаўленне месцаў баявой і воінскай славы Шклова — мемарыяльны комплекс «Памяць», Алею Герояў і стэлу на левабярэжжы Дняпра.
Мемарыяльны комплекс «Памяць» узведзены на месцы абеліска і брацкай магілы воінам, якія загінулі пры вызваленні горада ў чэрвені 1944 года. На 12 мармуровых плітах імёны больш за 8500 загінуўшых воінаў-землякоў. За гады акупацыі ў раёне было спалена 18 вёсак. Іх назвы таксама пазначаны на плітах.
На 15 жалезных шчытах Алеі Герояў партрэты 9 Герояў Сацыялістычнай Працы і 6 Герояў Савецкага Саюза. На гэтай жа алеі знаходзіцца абеліск воінам-афганцам, а таксама дзве пліты з капсуламі, унутры якіх лісты ветэранаў і моладзі нашчадкам. Тут жа ўстаноўлены памятны знак пагранічнікам усіх пакаленняў ад ветэранскай арганізацыі і памятны знак маракам усіх войнаў і ваенных канфліктаў.
Стэла на левабярэжжы Дняпра ўзведзена ў памяць абаронцаў і вызваліцеляў Шклоўскага раёна, землякоў-воінаў, партызан, падпольшчыкаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У яе нішах захоўваюцца капсулы з зямлёй вёсак, спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Па інфармацыі Магілёўскага аблвыканкама, ўдзел у суботніку прыняла 265 тысяч чалавек. Па папярэдніх дадзеных сабрана 1,4 мільёна рублёў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота mogilev-region.gov.by