Top.Mail.Ru

Жыццё на слых: як невідушчы студэнт з Віцебска рэалізуе сябе ў вучобе і творчасці

Жыццё на слых

Трэці курс факультэта сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі ВДУ імя П. М. Машэрава студэнт Мікіта Калакольчыкаў закончыў з сярэднім балам 9, цяпер займаецца на чацвёртым, апошнім, курсе. І гэта пры тым, што вучыцца хлопец выключна на слых: спецыялізаваных падручнікаў са шрыфтам Брайля для ВНУ няшмат. А яшчэ сябры ведаюць хлопца пад псеўданімам Nіkіta K як аўтара, аранжыроўшчыка і выканаўцу эстрадных песень.

Здавалася б, такіх мэтанакіраваных, творчых маладых людзей нямала. Але асаблівасць Мікіты заключаецца ў тым, што хлопец з нараджэння татальна сляпы. Прычыну анамаліі зрокавай сістэмы медыкі так і не ўстанавілі, хоць пасля яе выяўлення на працягу некалькіх гадоў бацькі вазілі Мікіту па розных клініках Беларусі і Расіі. Ніхто не даваў шанцаў на аднаўленне зроку. У нейкі момант бацькі прынялі рашэнне пакінуць пустыя спадзяванні і вучыць сына жыць са слепатой. Сям’я згуртавалася ў гэтым імкненні.

— На нашым жыццёвым шляху сустрэлася шмат выдатных людзей з вялікім сэрцам, сапраўдных прафесіяналаў, якія шчыра дапамагалі, — адзначае маці Мікіты Алеся Калакольчыкава. — Так было ў гарадскім цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, спецыяльнай групе для дзяцей з парушэннямі зроку ў дзіцячым садку № 96 Віцебска, у іншых установах.

Малы вельмі любіў барабаніць на імправізаванай ударнай устаноўцы, якую зладзіў яму дзядуля. Тыфла-педагог заўважыла, што ў Мікіты 

ідэальны музычны слых. Таму хлопчык пачаў вучыцца ў цяперашняй віцебскай ДШМ імя А. Багатырова.

У восем гадоў ён пайшоў у Шклоўскую спецшколу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку. Літаральна праз тыдзень бацькам прапанавалі перавесці яго ў другі клас. У першым яму не было што рабіць з прычыны грунтоўнай падрыхтаванасці, уключаючы ўменне чытаць па шрыфце Брайля. Школа-інтэрнат вельмі дапамагла яго сацыялізацыі, выпрацоўцы карысных звычак, дала трывалыя веды. Хлопец добра вучыўся, быў удзельнікам алімпіяд па нямецкай мове, творчых мерапрыемстваў і конкурсаў.

— У сям’і Мікіту заўсёды прывучалі да самастойнасці: што можаш рабіць — рабі, — расказвае мама. — У побыце ён не бездапаможны: працерці пыл, вынесці смецце, зварыць пельмені ці пасмажыць яечню ўмее. Пільна сочыць за тым, каб усе рэчы знаходзіліся на сваіх месцах. Па характары цярплівы, сціплы, нешматслоўны. Шчырая цеплыня звязвае іх з малодшым братам.

Летась Мікіту запрасілі займацца ў заслужаны аматарскі калектыў — 

народную групу «Хорус». Яго юнацтва і чысты голас упрыгожылі творчую групу, якая дзейнічае пад эгідай Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. 

У сваю чаргу малады чалавек атрымлівае эстэтычную асалоду ад творчага працэсу, стройнага шматгалосся. Не менш важна, што ён мае прыклад ужо дарослых мужчын, якія, як і ён, пераадольваюць праблемы невідушчых людзей. Разам яны пастаянна выязджаюць на канцэрты, месяц таму сталі лаўрэатамі фестывалю творчасці інвалідаў Саюзнай дзяржавы «Разам мы зможам больш», што праходзіў у Магілёве.

— Мае любімыя часы сутак — вечар і ноч, — прызнаецца Мікіта. — Калі першачарговыя справы зроблены, я магу камунікаваць з сябрамі ў інтэрнэце, па натхненні пісаць вершы і музыку, слухаць песні іншых выканаўцаў, прыдумляць аранжыроўкі.

У скарбніцы Мікіты каля 20 эстрадных песень, ён з’яўляецца аўтарам музыкі і тэкстаў большасці з іх, сам іх выконвае, часам у дуэце з дыстанцыйнымі сябрамі. Спявае чыста, без навамодных экзальтаванасці і пранонсаў. Самая свежая з песень — «Сеткі восені» — запісана ў дуэце з масквічкай, таксама невідушчай дзяўчынай Вікторыяй Кайновай. Прага да творчасці і пачуццяў пераадольваюць любыя адлегласці і перашкоды.

Хлопец мае мару абсталяваць уласную студыю гуказапісу. Яшчэ адна мэта — атрымаць дыплом ВНУ, каб працаўладкавацца і прыносіць карысць тым, хто мае патрэбу ў падтрымцы.

Мікіту даводзілася сутыкацца з непрыняццем, і гэта не магло не крыўдзіць. Але ён адзначае, што добразычлівыя людзі, гатовыя працягнуць руку, сустракаюцца значна часцей.

Святлана ЯКАЎЛЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю