Як паведаміла намеснік кіраўніка Дзяржаўнага ўпраўлення даных КНР Юй Ін, у форуме прымуць удзел прадстаўнікі ўрадаў, аўтарытэтных аналітычных цэнтраў, вядучых кампаній, вышэйшых навучальных устаноў і галіновых асацыяцый краін — членаў ШАС. Чакаецца, што ва Урумчы з’едуцца каля 500 чалавек, з якіх больш за 200 — замежныя госці.
Паводле слоў Юй Ін, праграма форуму ўключае закрытае пасяджэнне на міністэрскім узроўні, цырымонію адкрыцця і пленарнае пасяджэнне, чатыры тэматычныя падфорумы і шэраг спадарожных спецыяльных мерапрыемстваў.
Як стала вядома, удзельнікі закрытага міністэрскага пасяджэння засяродзяць сваю ўвагу на ўмацаванні міжурадавага дыялогу і выбудоўванні платформ практычнага супрацоўніцтва. Будзе абмеркаваны і складзены пералік прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва дзяржаў — членаў ШАС у галіне лічбавай эканомікі на перыяд 2026-2027 гадоў, які паслужыць арыенцірам для далейшага паглыблення кааперацыі.
Чатыры тэматычныя падфорумы будуць прысвечаны такім пытанням, як лічбавая ўзаемазвязанасць, лічбавы гандаль і эканоміка транспартна-лагістычных калідораў, прамысловае прымяненне лічбавых і інтэлектуальных тэхналогій, лічбавае кіраванне і развіццё лічбавага патэнцыялу. Для садзейнічання дасягненню канкрэтных вынікаў у рамках форуму будуць арганізаваны інтэрактыўная выстава, сесіі для ўстанаўлення бізнес-кантактаў, выязныя агляды мясцовых праектаў і прадпрыемстваў.
Супрацоўніцтва ў сферы лічбавай эканомікі за апошнія гады стала адным з галоўных прыярытэтаў парадку дня ШАС. На саміце ШАС у Цяньцзіні ў верасні 2025 года кіраўнікі дзяржаў-членаў арганізацыі прынялі заяву аб умацаванні развіцця лічбавай эканомікі, узяўшы на сябе абавязацельствы па паглыбленні ўзаемадзеяння ў распрацоўцы міжнародных правіл і стандартаў у галіне бяспекі даных, у развіцці лічбавай інфраструктуры і ў павышэнні якасці грамадскіх паслуг.
Мікалай ЛІТВІНАЎ