Top.Mail.Ru
96

Форум дырыжораў сабраў у Магілёве болей чым 200 удзельнікаў

Культурна-адукацыйны праект праходзіць у горадзе на Дняпры ўжо ў трэці раз. Гэта ўнікальная творчая пляцоўка для сустрэч, адкрытага дыялогу і абмену вопытам паміж дырыжорамі і музыкантамі, работнікамі культуры і адукацыі, навучэнцамі і студэнтамі музычных навучальных устаноў Беларусі і Расіі. 


— Мерапрыемства дае выдатную магчымасць выявіць сучасныя тэндэнцыі ў рабоце кіраўнікоў аркестравых калектываў, захоўваючы і развіваючы традыцыі інструментальнага выканальніцтва, — адзначылі ў Магілёўскай абласной філармоніі. — Гэтыя сустрэчы ствараюць спрыяльныя ўмовы для супрацоўніцтва паміж установамі культуры і адукацыі, творчымі калектывамі Беларусі і Расіі. Удзельнікамі форуму былі прадстаўнікі болей чым 11 рэгіёнаў Беларусі, а таксама расійскіх гарадоў Белгарада, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Стаўрапаля. Сёлета спіс папоўніўся прадстаўнікамі з Краснатур’інска (Свярдлоўскай вобласці), Курска і Нальчыка.

У рамках мерапрыемства з кастрычніка мінулага года па люты бягучага праводзіўся анлайн-конкурс імя Л. Л. Іванова сярод аркестраў народных інструментаў. Майстэрства ацэньвала прафесійнае журы ў складзе якога прафесар Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага інстытута культуры і Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М. А. Рымскага-Корсакава Віктар Акуловіч, галоўны дырыжор Белгарадскага акадэмічнага рускага аркестра Яўген Алешнікаў, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор рускага народнага аркестра Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных «Душа Расіі» Уладзімір Шкуроўскі, дырыжор заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь аркестра народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Л. Л. Іванова Дзяніс Чарта і іншыя. Удзел у творчым спаборніцтве прымалі калектывы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі, агульнай сярэдняй адукацыі і вышэйшай адукацыі ў сферы культуры. Вынікі будуць агучаны ўжо заўтра — 13 сакавіка — падчас правядзення Гранд-канцэрта. Падарункам стане таксама выступленне на адной пляцоўцы найлепшых выканаўцаў і дырыжораў з Расіі і Беларусі ў суправаджэнні заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь аркестра народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Л. Л. Іванова. Спецыяльны госць Гранд-канцэрта — італьянскі спявак, музыкант, кампазітар, прадзюсар Рыкарда Фарэзі, які скарыў сэрцы магілёўскіх слухачоў яшчэ падчас леташняга фестывалю «Залаты шлягер», што праходзіў у Магілёве.

У рамках форуму з 12 па 14 сакавіка ў Магілёве адбудуцца канцэрты, круглыя сталы, адкрытыя рэпетыцыі, майстар-класы, лекцыі, творчыя сустрэчы, семінары з удзелам вядучых дырыжораў і музыкантаў з Беларусі і Расіі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю