Падчас рабочай паездкі ў Бялыніцкі і Клімавіцкі раёны
Акцэнт быў зроблены на выкананні тых задач, якія былі абазначаны Прэзідэнтам у рамках віцебскага пратакола, а таксама на падвядзенні вынікаў работы галіны жывёлагадоўлі Магілёўскай вобласці, арганізацыі рамонту тэхнікі і падрыхтоўцы насення да вясенне-палявога сезона.
Вясковая альтэрнатыва арэнднаму жыллю
Паездка пачалася з наведвання сельгаспрадпрыемства «Радзіма» ў Бялыніцкім раёне, дзе неаднаразова бываў Прэзідэнт і тыпавыя эканамічныя рашэнні якога сёння тыражуюцца на ўсю краіну.
— Сёння тут гаспадарчым спосабам будуюць не толькі прафілакторыі ці малочнатаварныя комплексы, але і жыллё для сваіх работнікаў, — звярнуў увагу Дзмітрый Крутой.
— Гэта здаровая альтэрнатыва класічнаму арэнднаму жыллю, каб замацоўваць людзей. Першыя некалькі дамоў мы паглядзелі, цікавы вопыт, але трэба яшчэ вывучыць эканамічны і нарматыўны прававы складнікі, пагутарыць з людзьмі, каб далей дакладваць Прэзідэнту і, магчыма, распаўсюдзіць вопыт на ўсю краіну.
Дзмітрый Крутой нагадаў, што раней па Указе № 346 будавалася па пяць «прэзідэнцкіх» домікаў на вёсцы. І сёння трэба падумаць, як гэты ўказ трансфармаваць з улікам цаны, якасці і запытаў спажыўцоў.
— Стандартнае масавае будаўніцтва ўжо не падыходзіць для такіх вось індывідуальных рашэнняў,— падкрэсліў ён. — З улікам развіцця сур’ёзнага электраспажывання — а гэта ўжо электрычныя дамы ў сельскай мясцовасці — Прэзідэнт ставіць задачу перад старшынямі райвыканкамаў аптымізаваць інфраструктуру, звязаную з электраспажываннем, і маштабаваць на большую колькасць квадратных метраў, якія будуюцца. Каб дасягнуць сумарнага эфекту эканоміі кошту квадратнага метра.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта звярнуў увагу на тое, што сістэма забеспячэння жыллём сёння пабудавана такім чынам, што вясковыя шматдзетныя сем’і маюць магчымасць будаваць кватэры ў буйных гарадах і сталіцы. Што, дарэчы, выклікае незадаволенасць у рэгіёнах.
— Гэту сістэму трэба мяняць, — заўважыў Дзмітрый Крутой. — На прыкладзе аграгарадка Вішоў Бялыніцкага раёна і сельгаспрадпрыемства «Радзіма» мы пакажам, як гэта можна рабіць.
Сур’ёзная праграма па кожным жывёлагадоўчым аб’екце і прадпрыемстве
У Клімавіцкім раёне кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта наведаў лікёра-гарэлачны завод, мехмайстэрні, а таксама комплекс па адкорме свіней Клімавіцкага камбіната хлебапрадуктаў (КХП). У красавіку
2023 года на філіяле КХП «Клім-Агра» быў запушчаны рэпрадуктар на 3,6 тысячы галоў свінаматак. Другі інвестпраект — будаўніцтва комплексу па адкорме — рэалізуецца ў рамках Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці.
— У рамках абласнога фестывалю «Дажынкі» было праведзена вялікае добраўпарадкаванне населенага пункта, але жыхары справядліва скардзіліся на адсутнасць эфектыўных працоўных месцаў, — паведаміў Дзмітрый Крутой.
— Жывёлагадоўля — адзін з ключавых кірункаў развіцця раёна, таму была падрыхтавана сур’ёзная праграма па кожным жывёлагадоўчым аб’екце і прадпрыемстве. Літаральна на працягу аднаго года мы ўбачылі сур’ёзны вынік у выглядзе росту паказчыка эфектыўнасці. Калі браць крытэрыі па надоях малака, гэта рост у 1,7 раза за год. Калі працягваць у такім жа духу, то літаральна за два гады гэты раён здольны будзе выйсці на ўстойлівы сярэдні ўзровень у рамках Магілёўскай вобласці.
Дзмітрый Крутой падкрэсліў, што рэзультатыўнасць — гэта вялікае дасягненне каманды райвыканкама і тых кіраўнікоў, якія гэтай праграмай займаюцца. Ён таксама быў прыемна ўражаны станам МТК і пляцоўкамі для адкорму бычкоў.
— У вобласці перамяшчэнне жывёлы на эфектыўныя пляцоўкі ідзе вельмі актыўна, і гэта праграма працягваецца, — падкрэсліў ён. — Прэзідэнту дакладвалася аб паказчыках на тых комплексах, якія былі ўведзены ў Магілёўскай вобласці ў 2024–2025 гадах. Гэта ўжо ўзровень краінавых лідараў і доказ таго, што вось за гэтымі аб’ектамі насамрэч будучыня АПК Магілёўшчыны. А значыць — высокая эфектыўнасць, добры заробак, замацоўванне спецыялістаў.
Інвестыцыйныя планы развіцця
Раён нядрэнна працуе і ў рамках праграмы «Адзін раён — адзін праект», якую на нядаўнім УНС было вырашана прадоўжыць.
— Абноўленая версія гэтага дакумента ўжо знаходзіцца ў актыўнай стадыі распрацоўкі, і мне трэба было паглядзець базавыя пункты развіцця Клімавіцкага раёна ў выглядзе КХП і лікёра-гарэлачнага завода, — паведаміў Дзмітрый Крутой. — Яшчэ некалькі гадоў таму КХП знаходзіўся ў перадбанкрутным стане, а сёння задзейнічаны ўсе магутнасці і ўсе вольныя месцы для захоўвання прадукцыі. Да таго ж прадпрыемства актыўна пашырае лінейку тавараў, на якія сёння вялікі попыт на ўнутраным рынку. Гэта значыць, завод выйшаў на ўстойлівыя паказчыкі прыбытку і рэнтабельнасці і з’яўляецца адным з самых эфектыўных у вобласці.
Што датычыцца спраў на лікёра-гарэлачным заводзе, які перажываў не лепшыя часы і дагэтуль яшчэ знаходзіцца ў санацыі, то яны таксама палепшыліся. Сітуацыя стабілізавалася, узровень зарплаты таксама.
— Мы абмеркавалі інвестыцыйныя планы па развіцці гэтага прадпрыемства з улікам экспартных паставак на расійскі рынак і той новай лінейкі прадуктаў, якая сёння запатрабавана ў беларускіх спажыўцоў, — адзначыў Дзмітрый Крутой. — Тут заканчваецца рэалізацыя інвестпраекта з устаноўкай новай лініі. Дадаткова будзе створана да 20 працоўных месцаў з добрым узроўнем заработнай платы.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта заўважыў, што раён добра спраўляецца і з пытаннямі, звязанымі з падрыхтоўкай да вяснова-палявой кампаніі.
— Мы наведвалі адзін з мехдвароў, які два гады таму ў раёне лічыўся горшым, а цяпер там усё стабілізавалася, — паведаміў ён. — Выдатна, што шэфская дапамога, аб якой мы дамаўляліся ў лістападзе, выконваецца ў поўным аб’ёме, дзесьці нават з апярэджаннем графікаў. Нават навучэнцы Клімавіцкага аграрнага каледжа дапамагаюць у рамонце тэхнікі і атрымліваюць жывую практыку. У мяне ніякіх сумненняў няма, што да веснавых палявых работ раён будзе цалкам гатовы.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БелТА