Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь запрашае мінчан і гасцей сталіцы на займальную выстаўку «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры», якая распавядае пра асноўныя этапы гістарычнага развіцця краіны, дае кароткую характарыстыку культурным здабыткам і прадстаўляе беларускую нацыю як неад’емную частку сусветнай супольнасці.
Выстаўка складаецца з дзвюх частак — «Гісторыя» і «Культура». Падарожжа па сцежках беларускай гісторыі пачынаецца з адыходу ледавіка, фарміравання плямён і зараджэння дзяржаўнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Тут можна ўбачыць цікавыя археалагічныя знаходкі накшталт манет І—ІІ стст., копіі знакамітых «Малой падарожнай кніжкі» (1522) і «Апостала» (1524) Францыска Скарыны, вядомыя слуцкія паясы, знойдзеныя ў касцёле Святых Пятра і Паўла (в. Дрысвяты) і шмат іншага. Раім наведвальнікам звярнуць увагу на карту Беларусі, дзе пазначаны замкі — як тыя, што былі разбураны, так і тыя, якія захаваліся да нашых дзён, — на распаўсюджаную схему іх пабудовы і прыгожыя атрыбуты замкавага інтэр’ера.
Перыяд Расійскай імперыі адзначаны ў экспазіцыі вялікай колькасцю дакументаў, перыёдыкі і асабістых лістоў: «Палажэнне пра сялян, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці 19 лютага 1861 года», ліст аб дарэнні сялянскай дзяўчынкі (1814) і інш.
У 1917 годзе Расійская імперыя перастала існаваць. У 1920-м была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў складзе СССР. Пачалася палітыка беларусізацыі, якая была скіравана на адраджэнне беларускай мовы і культуры ва ўмовах савецкага ладу. Была створана беларуская сістэма адукацыі, наладжана выданне беларускіх газет і часопісаў. У экспазіцыі гістарычнага музея прадстаўлены асобнікі газеты «Беларускія ведамасці» за 1921 год і сатырычнага часопіса «Авадзень».
Не забыліся арганізатары раскрыць і тэму войнаў, якія праходзілі па нашай тэрыторыі. У наведвальнікаў ёсць унікальная магчымасць убачыць лістоўкі 1940-х гадоў «Кароткі пералік выразаў на нямецкай мове» і «Знішчайце фашысцкія танкі і бронемашыны», якія распаўсюджваліся на акупаваных тэрыторыях.
Пасля вайны інтэнсіўна аднаўлялася эканоміка. Да 1970-х гадоў рэспубліка ператварылася ў адзін з самых развітых эканамічных рэгіёнаў СССР. На выстаўцы дэманструюцца класічныя атрыбуты савецкіх часоў, якія ўжо сталі своеасаблівым маркерам часу. Наведвальнікі могуць зазірнуць у пакой звычайнай савецкай дзяўчынкі і акунуцца ў атмасферу эпохі. Паступова — ад вайны да першага палёту ў космас, ад алімпіяды ў Маскве да чарнобыльскай катастрофы — гледачы пераходзяць да сучаснай беларускай дзяржавы.
Раздзел «Культура» расказвае пра беларускую музычную традыцыю, нацыянальныя строі і кухню, народныя святы і мілагучную мову. На выстаўцы можна пазнаёміцца з традыцыйнымі інструментамі — жалейкай, лірай, дудой, скрыпкай і цымбаламі — і паслухаць лірычныя матывы ў выкананні беларускіх музыкантаў.
Беларускі народны строй прадстаўлены па рэгіёнах, наведвальнікам прапаноўваецца прайсці невялікі квэст на веданне модных тэндэнцый нашых продкаў. Падказкамі ім служаць дамачаўскі строй (традыцыйнае жаночае адзенне Заходняга Палесся) і жаночы святочны касцюм канца ХІХ стагоддзя.
Інтэрактыўнымі гульнямі прываблівае раздзел пра мову і народныя святы. Тут можна праверыць свае веды і добра правесці час з сям’ёй і сябрамі.
Выстаўка арыентавана на ўсіх, хто цікавіцца беларускай гісторыяй і культурай. Апісанне экспанатаў даецца на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Асабліва карысна будзе наведаць экспазіцыю школьнікам, каб на свае вочы ўбачыць гісторыю, якую дагэтуль яны сустракалі толькі ў падручніку.
Фота аўтара