Top.Mail.Ru

Дэпутаты расказалі, як працуюць з насельніцтвам Чэрыкава

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Давыдоў і старшыня Чэрыкаўскага райсавета Сяргей Нямкевіч сустрэліся з працоўнымі калектывамі чэрыкаўскіх прадпрыемстваў ДРБУ № 215 і «Жылкамунгаса». Сяргей Давыдоў расказаў, над якімі законапраектамі працуе парламент, агучыў пытанне электаральнай кампаніі. Напрыканцы дэпутаты пацікавіліся праблемамі працоўных, якія ў іх ёсць пытанні ці прапановы.


ДРБУ № 215 у 2024 годзе атрымаў шмат новай тэхнікі, але ёсць праблемы з кадрамі. Як высветлілася ў ходзе дыялога, жаданне працаваць і развіваць сваё прадпрыемства у работнікаў прысутнічае. І яны спадзяюцца, што праз дэпутатаў іх пачуюць і дапамогуць. 

— Тут склалася эканамічна нявыгадная сітуацыя — недахоп кадравага патэнцыялу, асабліва спецыялістаў для кіруючых пасад, — удакладніў пасля сустрэчы Сяргей Давыдоў. — І нам, дэпутатам, не ўсё роўна, як тут будуць развівацца падзеі. Важна ўдакладніць сітуацыю па праблемных пытаннях і знайсці рашэнні па выхадзе з іх. Перш за ўсё збіраюся пагутарыць на гэту тэму з старшынямі Магілёўскага аблвыканкама і аблсавета. Не сумняваюся, што станоўчы вынік будзе. Вельмі кранула, што людзі давяраюць і ўдзячныя за ўсё тыя меры, якія робяцца з боку дзяржавы. Гэта натхняе і акрыляе. Адказнасць каласальная, хочацца ўсім дапамагчы.

«Чэрыкаўскі жылкамунгас», у адрозненне ад ДРБУ № 215, прадпрыемства рэнтабельнае і прыбытковае. Сярэдняя зарплата пры заданні 117,7% па выніках за 10 месяцаў на прадпрыемстве ў параўнанні з аналагічным перыядам пазамінулага года складала 127,4% — самая высокая сярод прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці. 

— Працуем над зніжэннем скарг ад насельніцтва, — абазначыў мэты дырэктар прадпрыемства Васіль Чарняцоў. — Нам даводзіўся паказчык 1,5%, а мы яго перавыканалі ў некалькі разоў. Без прэтэнзій ад насельніцтва зусім не абысціся. Звароты маюць сезонны характар. Выпаў снег, людзі пачалі званіць, казаць што слізка. Пачаўся ацяпляльны сезон, скардзяцца, што дзесьці батарэі не да канца праграваюцца. Едзем і ліквідуем праблемы. Акрамя ўсяго, нарошчваем аб’ёмы дзейнасці і аптымізуем выдаткі. Адных толькі будаўніча-мантажных работ выканалі на 2,5 мільёна рублёў. Гэта дадатковыя заробкі. Атрымалі ліцэнзію на праверку вентканалаў. Адкрылі сваю лабараторыю і аказваем паслугу суседнім раёнам.

Людзі звяртаюцца да Васіля Чарняцова яшчэ як да дэпутата Чэрыкаўскага райсавета. «Таму і адказнасць двайная», — усміхаецца ён. Сёлета ў райцэнтры камунальнікі ўстанавілі 5 дзіцячых пляцовак і адну ў сельскай мясцовасці. Людзі ўдзячныя. Налета плануецца паставіць яшчэ дзве.

— Наша работа заключаецца ў тым, каб слухаць і чуць людзей, — адзначыў старшыня Чэрыкаўскага райсавета Сяргей Нямкевіч. — Працуем у шчыльным узаемадзеянні з кіраўніцтвам раёна, прадпрыемстваў і арганізацый. Пытанні насельніцтва падымае самыя што ні на ёсць розныя — ад утрымання дарог і добраўпарадкавання населеных пунктаў да рамонту даху шматкватэрнага дома, дзе жыве заяўнік. Нешта хутка вырашаецца, некаторыя праблемы яшчэ ў рабоце. Але насельніцтва папярэджана і чакае выніку. 

Дэпутаты ганарацца, што за мінулы год ў раёне было знятае шмат пытанняў па пітной вадзе. У аграгарадку Майскі пабудавана станцыя абезжалезвання і дзве міні-станцыі ў аграгарадках Тур’е і Прыпёчына. Налета плануецца ўвесці яшчэ 7 станцый абезжалезвання. Праводзілася работа па стварэнні ў Чэрыкаве новых працоўных месцаў. У прыватнасці 12 з іх было адкрыта, дзякуючы магілёўскаму прадпрыемству «Магатэкс», якое адкрыла ў райцэнтры вытворчасць па пашыве спецадзення.

— Галоўнае, не падманваць людзей, быць цярплівымі і ўспрымаць чужыя праблемы як свае. Тады ўсё атрымаецца, — лічыць Сяргей Нямкевіч. — І трэба зацікаўліваць насельніцтва прымаць удзел у добраўпарадкаванні населеных пунктаў, сваіх двароў. Тады і скаргаў будзе меней, і цаніць зробленае будуць лепш.

Фота аўтара

Чэрыкаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю