Top.Mail.Ru

Дэпутат Наталля Тарасенка расказала пра місію народнага выбранніка

«Разам вырашаем праблемы і пішам законы»

Прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы з працоўнымі калектывамі, дыялогі з моладдзю — жыццё дэпутата вельмі насычана стасункамі з выбаршчыкамі. 

На думку намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Палаты прадстаўнікоў Наталлі Тарасенкі, галоўнае пры гэтым не сысці да фармалізму, не ачарсцвець душой і сэрцам.

Зона адказнасці дэпутата — часткова Магілёўскі раён і Ленінскі раён горада Магілёва, дзе пражывае больш чым 55 тысяч грамадзян. Гэты тыдзень Наталля Эдуардаўна зноў сустракаецца з выбаршчыкамі ў сваёй акрузе. У чацвер, напрыклад, яна праводзіць прыём грамадзян у Буйніцкім сельсавеце.

— Жыхары акругі звяртаюцца з самымі рознымі праблемамі, — расказвае парламентарый. — У верасні, напрыклад, падымалі пытанне зносу старой воданапорнай вежы ў населеным пункце Магілёўскага раёна, цікавіліся магчымасцямі атрымання арэнднага жылля, правільнасцю налічэння пенсіі для інваліда, хадайнічалі аб аднаўленні работы стаматалагічнага кабінета ў адным з аграгарадкоў. Ніводнае пытанне не застаецца без увагі. Над вырашэннем надзённых праблем выбаршчыкаў працуем у цесным узаемадзеянні з органамі выканаўчай улады, кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый. Стасункі з выбаршчыкамі не абмяжоўваюцца адным тыднем у месяц, які мы праводзім у акрузе. Практычна штодзённа мы з кімсьці на тэлефоннай сувязі. Шмат хто тэлефануе наўпрост мне, не чакаючы дзён прыёму.

Сярод прыярытэтных праблем, якія хвалююць жыхароў Магілёўскай выбарчай акругі № 88, — якасць аказання жыллёва-камунальных паслуг, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, рамонт дарог і жыллёвага фонду, функцыянаванне мясцовай транспартнай сеткі.

— Мяне і цяпер як настаўніка хвалююць пытанні навучання і выхавання дзяцей і моладзі, — кажа Наталля Тарасенка. — Выдатная дыскусійная пляцоўка са старшакласнікамі — інфармацыйна-адукацыйны праект «ШАГ» («Школа актыўнага грамадзяніна»). Моладзь мае магчымасць задаць пытанні і атрымаць адказы ад кампетэнтных асоб. Маёй памочніцай падчас работы ў акрузе з’яўляецца Аляксандра Хадунова, якая прадстаўляе моладзь Магілёўскага раёна ў Маладзёжным савеце пры Палаце прадстаўнікоў. У верасні мы з ёй сустракаліся з педагогамі Пашкаўскай базавай школы ў рамках праекта партыі «Белая Русь» «Настаўніцкае слова», прымалі ўдзел у пасяджэнні «Школы актыўнага грамадзяніна». Прадумваем, як разам арганізуем віншаванне дзяцей на Новы год і Каляды.

Тэма выкарыстання мабільнага тэлефона ў школах сёння адна з актуальных. Наталля Тарасенка падчас работы ў акрузе спецыяльна вывучала, як на месцах рэалізоўваецца патрабаванне Мінадукацыі аб забароне выкарыстання мабільнікаў. 

З гэтай мэтай яна наведала сярэднія школы ў аграгарадках Махава, Пашкава, Кадзіна, Вейна, Раманавічы.

— Настаўнікі кажуць, што колькасць вучняў, якія прыносяць у школу гаджэты, паступова скарачаецца, — адзначае Наталля Тарасенка. — Стаўленне саміх навучэнцаў да патрабавання здаваць мабільныя тэлефоны пры ўваходзе ва ўстанову адукацыі неадназначнае. Хтосьці пагадзіўся, што без тэлефона больш увагі ўдзяляе менавіта ўроку. Старшакласнікі наракалі на тое, што пазбавіліся магчымасці захаваць «для гісторыі» моманты спартыўных і культурных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў школе. Але разам мы прыйшлі да высновы, што гэта пытанне вырашальнае.

Наталля Тарасенка адзначае, што выбаршчыкі цікавяцца развіццём заканадаўчай базы краіны і імкнуцца ўносіць свае прапановы ў той ці іншы закон.

— У верасні паступіла прапанова аб унясенні дапаўненняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях — узмацненні адказнасці бацькоў за выхаванне і навучанне іх дзяцей, — прыводзіць яна прыклад. — Такія звароты не застаюцца без увагі, разглядаюцца ў профільных камісіях Палаты прадстаўнікоў, глыбока аналізуюцца і, калі ўтрымліваюць рацыянальнае зерне, знаходзяць сваё адлюстраванне ў нормах таго ці іншага заканадаўчага акта. Яскравым прыкладам такога ўзаемадзеяння сталі абмеркаванні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. У іх актыўна прынялі ўдзел педагогі і кіраўнікі ўстаноў адукацыі Магілёва і Магілёўскага раёна.

— У краіне рэалізоўваецца шмат адукацыйных, даследчых і творчых праектаў на экалагічную тэму, — гаворыць дэпутат ужо аб сферы дзейнасці сваёй Пастаяннай камісіі. — Фарміраванне экалагічнай свядомасці і культуры непарыўна звязана з даследчай і праектнай дзейнасцю. Праводзяцца розныя экалагічныя конкурсы і акцыі. Вельмі важна, каб дзеці з ранняга ўзросту спасцігалі асновы экалагічнай культуры. У Магілёўскім раёне пры дзіцячым садку аграгарадка Кадзіна функцыянуе дашкольнае лясніцтва «Баравічкі». 

У сераду, 22 кастрычніка, юным выхаванцам гэтай установы будуць уручаць медалі юных лесаводаў. І я абавязкова буду прысутнічаць на гэтым мерапрыемстве, віншаваць дзяцей з цудоўнай падзеяй. У якасці падарункаў буду ўручаць мячы і кнігі пра Белавежскую пушчу. Дашкольнае лясніцтва дапамагае фарміраваць экалагічныя навыкі ў самых маленькіх грамадзян нашай краіны. Вельмі кранальны момант, калі яны прыносяць клятву служыць прыродзе, абараняць яе. Гэта сур’ёзны этап прафарыентацыйнай работы. Дзіцячы садок цесна ўзаемадзейнічае з Магілёўскім лясгасам, у прыватнасці з Любужскім лясніцтвам. Вопыт, дарэчы, унікальны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Наталлі ТАРАСЕНКІ

Чытайце таксама: Разам з дэпутатамі праверылі, як у сельскай глыбінцы працуюць медыцына і гандаль

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю