Агульны настрой прыўзняты і дзелавы, усе 118 дэлегатаў і 65 запрошаных асоб маюць на мэце ўважлівае праслухоўванне паслання да беларускага народа і парламента Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Упэўнены, што яно стане кіраўніцтвам да дзеяння. Не менш адказная місія — зацвярджэнне праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026 — 2030 гады.
З гэтым дакументам дэлегаты азнаёміліся загадзя. Перад прамысловым комплексам паўночнага рэгіёна пастаўлена задача працягваць зніжаць залежнасць ад паставак нафты, прадпрыемствам неабходна сканцэнтравацца на выпуску канечных прадуктаў. Важна нарошчваць у структуры прамысловасці долю высокатэхналагічнай прадукцыі, паглыбляць глыбіню перапрацоўку мясцовых сыравінных рэсурсаў. Акрэслены задачы і для іншых сфер рэальнага сектара эканомікі.
Найбольшы інтарэс прадстаўнікоў Віцебшчыны выклікае такі прыярытэт праграмы, як моцныя рэгіёны. У Віцебскім паазер’і вылучана група рэгіёнаў, на развіццё патэнцыялу якіх трэба зрабіць асаблівы акцэнт. Гэта Браслаўскі, Гарадоцкі, Докшыцкі, Лепельскі, Міёрскі, Полацкі, Ушацкі раёны, перад якімі стаіць задача апераджальнага развіцця. Яны розныя па сваёй спецыялізацыі, але іх аб’ядноўвае наяўнасць канкурэнтных пераваг. Таму тут трэба працаваць над рэалізацыяй інвестыцыйных праектаў на прыродных тэрыторыях, развіццём экалагічнага, паляўнічага і лячэбна-аздараўленчага турызму.
— На тэрыторыі нашага раёна знаходзіцца больш за 160 азёр, 52 ракі, звыш 50 % тэрыторыі занята лясамі. Месцы маляўнічыя, чыстыя, багатыя на рыбу і звяроў. Менавіта ў прыродных асаблівасцях крыецца патэнцыял для развіцця экалагічнага і паляўнічага турызму, — пацвердзіла дэлегат УНС, старшыня Гарадоцкага райвыканкама Ірына Палякова. — У гэтым накірунку мы ўжо працуем. Пэўныя перавагі ў сувязі з наяўнасцю лыжаролернай трасы маем у спартыўным турызме. Вось і 19-20 снежня там пройдзе другі этап Кубка Беларускай федэрацыі біятлону. У сённяшніх умовах надвор’я гэта адзінае ў Беларусі месца, дзе багата снегу, хаця і штучнага. Гэта база круглы год выкарыстоўваецца для правядзення спаборніцтваў рознага ўзроўню і ў якасці пляцоўкі для правядзення спартыўных збораў і трэнеровак.
У гасцініцы, разлічанай на 74 месцы, не хапае нумароў для размяшчэння гасцей. Таму мы задумваемся аб будаўніцтве домікаў у стылі шале, каб задаволіць попыт жадаючых скарыстоўваць магчымасці спартыўнага аб’екта.
Актыўна развіваецца такі накірунак экатурызму, як сплавы на байдарках. Турысцка-інфармацыйны цэнтр сведчыць, што сёлета аб’ём турысцкіх паслуг усіх напрамкаў вырас да 180 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У далейшых перспектывах — будаўніцтва санаторна-курортнай установы на беразе возера Мяжа, зараз ідуць пошукі інвестара.
Ірына Палякова запэўніла, што жыхары Гарадоччыны гатовыя працаваць над выкананнем задач, якія паставіць перад імі Кіраўнік дзяржавы, УНС і Урад. Такі ж настрой падтрымлівае дэлегат УНС, старшыня Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Вольга Іванова.
— Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучую пяцігодку для мясцовай улады, кіраўнікоў прадпрыемстваў, любога грамадзяніна Беларусі не проста дакумент дзяржаўнага ўзроўню. Гэта практычны арыенцір, які вызначыць накірункі развіцця ўсёй краіны, Віцебскага рэгіёна і нашага абласнога цэнтра на бліжэйшыя часы, — падзялілася меркаваннем Вольга Іванова. — Я абсалютна згодная з Кіраўніком дзяржавы, што праграма павінна быць якаснай, дзейснай і свабоднай ад «пражэктарства». Зараз патрэбныя не гучныя лозунгі, а рэальныя мэты, падмацаваныя рэсурсамі для іх дасягнення.
Шырокае прадстаўніцтва розных слаёў беларускага грамадства, а трэцяя частка дэлегатаў не з’яўляюцца чыноўнікамі і ўпраўленцамі, будзе садзейнічаць хуткаму распаўсюджванню інфармацыі аб агульных мэтах і планах.
Для нашага рэгіёна ключавыя прыярытэты праграмы — гэта прамы адказ на нашы надзённыя запыты. Калі мы гаворым аб стварэнні моцных рэгіёнаў, то маем на ўвазе інвестыцыі ў мадэрнізацыю прадпрыемстваў, стварэнне высокатэхналагічных рабочых месцаў і падтрымку мясцовага бізнесу.
Старшыня Віцебскага гарсавета адзначыла, што такія праграмныя прыярытэты, як будаўніцтва камфортнага жылля і стварэнне інфраструктуры — гэта аснова для паляпшэння якасці жыцця кожнага грамадзяніна. Агульныя задачы не проста будаўніцтва дамоў, але і комплекснае развіццё транспартных развязак, камунальных сетак, грамадскай прасторы. Раскрыццё турыстычнага патэнцыялу — шанц заявіць аб сабе, прыцягнуць гасцей, развіць гасцінічны бізнес і сферу паслуг, што дасць дадатковыя даходы ў мясцовы бюджэт.
— Упэўнена, што зацверджаная праграма стане надзейнай дарожнай картай, якая дазволіць нам агульнымі намаганнямі працаваць на дабрабыт нашага горада і яго жыхароў, умацоўваючы яго пазіцыі ў маштабах усёй краіны, — падвяла вынік Вольга Іванова.
Святлана ЯКАЎЛЕВА,
фота з адкрытых крыніц.