Top.Mail.Ru

Дадзены старт рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца Беларусі»

Сёлета гэты статус атрымаў горад Паставы — раённы цэнтр на паўночным захадзе краіны. 


Акцыя «Культурная сталіца Беларусі» праводзіцца з 2010 года з мэтай развіцця і ўзбагачэння культурнага жыцця рэгіёнаў, актывізацыі мясцовай грамадскай ініцыятывы па падтрымцы нацыянальнай культуры, прыцягнення ўвагі шырокай грамадскасці і замежных турыстаў. Яна заключаецца ў штогадовым абранні таго ці іншага горада Беларусі цэнтрам культурнага жыцця краіны. 

Гэта нагода прадэманстраваць архітэктурныя, культурныя — матэрыяльныя і нематэрыяльныя — славутасці, здабыткі творчых калектываў Пастаўскага краю, а таксама прыцягнуць гасцей, у тым ліку замежных турыстаў, у тутэйшыя маляўнічыя азёрна-лясныя мясціны. 

— Рэспубліканская акцыя «Культурная сталіца Беларусі» — гэта выдатная магчымасць для невялікіх гарадоў і раённых цэнтраў прадэманстраваць сваю культуру, увасобіць у жыццё вялізную колькасць творчых праектаў, — звярнуў увагу міністр культуры Руслан Чарнецкі на пачатку цырымоніі адкрыцця праекта. — План, які будзе ажыццёўлены ў Паставах, насычаны цудоўнымі мерапрыемствамі, рэалізацыя якіх дазволіць гучна заявіць аб сабе не толькі на ўсю Беларусь, але і за яе межамі. Гэтаму дапаможа прыцягнуць увагу медыйнай супольнасці.


Руслан Чарнецкі падкрэсліў, што пра спадчыну родных мясцін, здабыткі нематэрыяльнай культурнай спадчыны, унесеныя ў спіс ЮНЕСКА — тыя ж саломапляценне, выцінанку, — павінны ведаць не толькі беларусы, а беларусы проста абавязаны. 

На Пастаўшчыне знаходзяцца 45 помнікаў гісторыі і культуры, якія маюць статус гістарычна-культурнай каштоўнасці. Нацыянальнае значэнне маюць такія з іх, як архітэктурны ансамбль былой Рыначнай плошчы, гасцініца (сёння краязнаўчы музей), палац Антонія Тызенгаўза, вадзяны млын (сёння дом рамёстваў «Стары млын»), касцёлы ў Дуніловічах, Лучаі, Лынтупах. Жамчужынай Пастаўшчыны з’яўляецца касцёл Святога Іаана Хрысціцеля ў Камаях, які прэтэндуе на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. 

Нематэрыяльныя культурныя каштоўнасці ўключаюць унікальную музычную ігру на дыятанічных цымбалах, беларускую выцінанку — мастацтва вырабу папяровых карункаў, Будслаўскі фэст — рэлігійна-культурныя ўрачыстасці ў гонар Будслаўскай іконы Божай маці, народныя рамёствы ў традыцыйных тэхніках. 

Пастаўшчына — зямля, якая нарадзіла, выгадавала і дала крылы для магутнага палёту многім беларусам: пісьменніку і перакладчыку Уладзіміру Дубоўку, паэту Міхаілу Машары, акцёру і рэжысёру Алегу Вінярскаму, народнай артыстцы Расіі опернай спявачцы Лідзіі Абрамавай і многім іншым знакамітым людзям у нашай краіне і за яе межамі.


Сёлета Паставы 35-ы раз прымуць такое вялікае свята, як Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». Гэта мерапрыемства дае магчымасць папулярызаваць народныя музычныя традыцыі беларусаў, усталяваць сяброўскія адносіны з іншымі народамі, узбагаціць культурны дыялог. 

Гэтыя і іншыя здабыткі, якія фарміруюць культурнае аблічча рэгіёна, характэрнае для Віцебскага Паазер’я, прадэманстравалі падчас вялікай выставы, арганізаванай у фае раённага Дома культуры. 
Дэвіз адкрыцця акцыі гучаў так: «Віцебскае Паазер’е — вытокі творчасці». Вядома, што Віцебская зямля багатая на культурныя падзеі: штогод тут праводзіцца каля 50 фестываляў з удзелам калектываў з блізкага і далёкага замежжа. Самы маштабны і вядомы з іх — «Славянскі базар у Віцебску». Падчас старту акцыі на сцэне разам з найлепшымі мясцовымі калектывамі і выканаўцамі выступілі калегі з абласнога цэнтра, лаўрэаты конкурсаў «Славянскага базара», пераможцы іншых рэспубліканскіх конкурсаў, Маладзёжнага тэатра эстрады. Тон «Культурнай сталіцы» зададзены высокі — трэба трымаць яго такім жа на працягу года. 

— Культура Пастаўшчыны жыве і развіваецца дзякуючы таленавітым, адданым сваёй справе прафесіяналам — культработнікам, бібліятэкарам, выкладчыкам школы мастацтваў, рамеснікам, а таксама нашым верным памочнікам — аматарам, удзельнікам калектываў народнай творчасці. Мы зберагаем традыцыі і адкрытыя для ўзбагачэння звонку, — сцвярджае начальнік аддзела культуры Пастаўскага райвыканкама Ірына Лойка. — Прыязджайце на нашы мерапрыемствы, сардэчна запрашаем! Іх палітра сёлета настолькі багатая, што кожны знойдзе свята на свой густ. 

Святлана ЯКАЎЛЕВА, 
фота з адкрытых крыніц. 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю