Top.Mail.Ru
281

Да «Дажынак» у Палацы Пацёмкіна ў Крычаве з’явіліся новыя пакоі

Новыя музейныя пакоі ў гістарычным музеі Крычава «Палац Пацёмкіна» адкрыліся ў рамках святкавання Дня горада, які Крычаў адзначыў 30 верасня, і напярэдадні абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі — 2025».

— Мы, можна сказаць, завяршылі фарміраванне палацавай экспазіцыі, — адзначыў дырэктар музея Уладзімір Мішчанка. — З’явіліся дарожныя пакоі імператрыцы Кацярыны II. Адна зала — гэта яе рабочы кабінет, а другая — спальны пакой. У дзвюх залах размешчаны больш за 100 прадметаў антыкварыяту XVIII-XIX стагоддзяў — ложак, крэслы, посуд і гэтак далей. Усе рэчы — антыкварныя, няма ніводнага муляжа. Мы ўжо адчуваем попыт на новыя экспазіцыі. Людзі тэлефануюць, цікавяцца, калі можна паглядзець. 

У музеі не сумняваюцца, што прыцягнуць турыстаў з Расійскай Федэрацыі. Раней яны часта пыталіся, а дзе пакоі імператрыцы, бо ведалі, што яна праязджала праз Крычаў і прыпынялася на начлег.

— У нас дабавіліся антыкварныя экспанаты і ў іншых залах — канапавай, гасціннай, сталовай, прыказчыцкай, — кажа Уладзімір Мішчанка. — Буфетная прайшла істотную мадэрнізацыю і ўсе прадметы ў ёй цалкам заменены на антыкварыят. Буфет, камоды, крэслы, сталы — усё гэта XVIII-XIX стагоддзе. Лічы, адкрылі тры новыя залы. Застаецца толькі прымаць гасцей на «Дажынках» і ганарыцца нашым музеем. 

На сёння ў ім 13 інтэр’ерных залаў, звязаных з гісторыяй палаца і раёна. 

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю