Хваля незадаволенасці, якая доўга збіралася ў польскім грамадстве, вылілася ў адкрыты канфлікт з уладамі. Днямі стала вядома, што бізнесмены з аб’яднання «Прадпрымальніцкі Усход» падаюць калектыўны іск у суд на ўрад і самога прэм’ер-міністра Дональда Туска з-за закрыцця пунктаў пропуску на граніцы з Беларуссю. Як паведаміў адзін з польскіх эканамічных парталаў, па меркаванні прыватнікаў, якія проста даведзены да адчаю, гэтае вар’яцкае рашэнне не дае ім належным чынам працаваць і ў выніку проста знішчае бізнес.
«Гэты ўрад — д’ябал»
Прадпрымальнікі маюць намер запатрабаваць кампенсацыю за ўпушчаную выгаду. Яны абураны тым, што ўлады, каб дагадзіць палітычнай кан’юнктуры, пазбавілі людзей магчымасцяў для заробку. Раней польскія прадпрымальнікі правялі акцыю пратэсту каля пагранпункта «Баброўнікі» (сумежны «Бераставіца»), які быў закрыты ў 2023 годзе, патрабуючы нарэшце вырашыць сітуацыю. Ва ўдзельнікаў акцыі былі плакаты з надпісамі: «Гэты ўрад — д’ябал», «Спыніце ўрадавую блакаду Падляшша!» Па іх падліках, з-за закрыцця пагранпераходаў з Беларуссю толькі Падляшскае ваяводства, якое мяжуе з Гродзенскай вобласцю, штогод страчвае 800 мільёнаў злотых (каля 200 млн долараў).
З-за дзеянняў польскіх улад становішча прадпрымальнікаў без перабольшання стала гаротным. Масава закрываюцца крамы, якія разлічаны якраз на прыгранічны гандаль. Толькі ў Беластоку для гэтага было пабудавана сем буйных супермаркетаў, цяпер яны пустуюць. Гаспадары гандлёвых пунктаў не могуць аплаціць арэнду і пагасіць крэдыты, узятыя на вядзенне бізнесу. Супрацоўнікі масава страчваюць работу. Ператварэнне ўсходніх абласцей Польшчы ў вялікую мілітарызаваную зону таксама адпужвае магчымых інвестараў. Прадпрымальнікі скардзяцца, што ніхто не хоча ўкладваць грошы і адкрываць бізнес там, дзе практычна спынена жыццё.
Яшчэ ў маі мінулага года на сустрэчы з выбаршчыкамі ў Беластоку прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што ў Падляшскім ваяводстве павінен быць адкрыты хоць бы адзін пагранічны пераход з Беларуссю. Аднак абяцанне кіраўніка ўрада так і засталося нявыкананым. «Дональд Туск — майстар кідацца пустымі лозунгамі», — заўважыў польскаму выданню DoRzeczy дэпутат ад партыі «Права і справядлівасць» (ПіС) Анджэй Сліўка, які раней займаў пасаду намесніка кіраўніка Міністэрства дзяржаўных актываў Польшчы.
«У мяне пытанне да прэм’ера Туска, — звярнулася да польскага прэм’ера прадстаўнік аб’яднання „Прадпрымальніцкі Усход“ Эвеліна Грыгатовіч-Шумоўска, якая брала ўдзел у пратэснай акцыі каля пагранпункта „Баброўнікі“. — Да закрыцця пагранперахода 26 фірм, што тут працуюць, абслугоўвалі 1 мільён 200 тысяч беларусаў у год, якія прыносілі нашаму краю амаль 200 мільёнаў еўра. Вы, спадар Туск, абяцалі адкрыць нам адзін з пераходаў, чым усялілі ў нас вялізную надзею на вяртанне нармальнага жыцця. Што ж здарылася, што вы раптам адмовіліся ад свайго абяцання?»
Зрэшты, як лічыць польскі эканаміст, колішні міністр фінансаў Лешэк Бальцэровіч, у цяперашняй сітуацыі ў эканоміцы Польшчы вінаватыя абодва палітычныя лагеры: «Справа не ў тым, хто кіруе, а ў тым, як ён кіруе».
Няма будучыні
Людзі задаюць прагматычнае пытанне аб тым, хто павінен кампенсаваць страты польскім кампаніям, якія яны панеслі з-за дзеянняў урада краіны, заўважыла ў эфіры Першага інфармацыйнага тэлеканала аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вольга Лазоркіна: «Як адзначаюць прадстаўнікі польскага бізнесу, даходы скараціліся на 40 %, даводзіцца звальняць супрацоўнікаў. Альтэрнатыва да гэтага часу не прапанавана. Такім чынам, кампенсацыя страт уласным грамадзянам не ўваходзіла ў санкцыйную палітыку Польшчы і шмат якіх іншых краін».
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін у эфіры «Альфа Радыё» адзначыў, што людзі ўспрымаюць дзеянні дзяржавы як пагрозу: «Узгадайце падзеі, якія летась былі на польскіх выбарах. Тады ж было цікава назіраць за партыяй «Права і справядлівасць». Як яны спрабавалі, з аднаго боку, нам насаліць, а з другога — патрабавалі ад нас нейкіх саступак. Па тагачаснай гісторыі з закрыццём пагранпераходаў у Люблінскім і Падляшскім ваяводствах было відавочна, што закрыццё нясе вельмі вялікія страты менавіта гэтым рэгіёнам. Прадстаўнікі польскага ўрада тады заяўлялі, маўляў, нічога страшнага, тавараабарот з Беларуссю там усё роўна меншы за тры мільярды еўра, з Германіяй — 100 мільярдаў. Па-першае, тры мільярды — гэта не так і мала. Па-другое, гэтыя мільярды ў значнай ступені прыпадаюць якраз на Люблінскае і Падляшскае ваяводствы. Зараз жа ў Польшчы ва ўладзе — «левы» ўрад. Люблінскае і Падляшскае ваяводствы — гэта не іх электарат.
І канфлікт гэты будзе разгортвацца, бо палітыка кіравальных колаў Польшчы супярэчыць інтарэсам польскага бізнесу. І гэтыя супярэчнасці будуць толькі нарастаць, бо праблема пагранічных ваяводстваў для іх — прыватная.
Як падкрэсліў Вадзім Гігін, тая палітыка канфрантацыі з Беларуссю і Расіяй, якую праводзіць Польшча, з’яўляецца самагубнай: «А іх уяўленне аб тым, што яны такія проста важныя, — толькі ілюзія. Вось цяпер заканчваецца субсідзіраванне па лініі Еўрапейскага саюза. Якія доўгатэрміновыя перспектывы польскага бізнесу? Перыяд „польскага цуду“, як яны яго называюць, калі Польшча была выгадным бізнес-хабам, заканчваецца. Краіне трэба выбудоўваць доўгатэрміновыя эканамічныя сувязі, якія будуць забяспечваць працоўнымі месцамі, узнімаць узровень жыцця, а без супрацоўніцтва з Беларуссю і Расіяй гэта немагчыма. Увесь сэнс эканомікі Польшчы заключаецца ў тым, што яна знаходзіцца на лініі паміж Усходам і Захадам. Польшча разарвала сувязі з Беларуссю, абмежавала свае сувязі з Кітаем пад ціскам амерыканцаў. І што такое Польшча сёння? Прыдатак германскай прамысловасці? Без наладжвання адносін з суседзямі ў Польшчы няма будучыні».
Не па-людску
Беларускі бок неаднойчы спрабаваў вырашыць сітуацыю і даць магчымасць грамадзянам дзвюх краін без прастойвання ў вялізных чэргах перасякаць граніцу. У МЗС Беларусі звярталі ўвагу, што рашэнне аб закрыцці пунктаў пропуску мае антыгуманны характар, а таксама наносіць сур’ёзную шкоду еўрапейскім кампаніям і грамадзянам самой Польшчы. «Польскае кіраўніцтва наўмысна стварае нечалавечыя ўмовы для простых грамадзян і перавозчыкаў, наносіць істотную шкоду як буйным эканамічным аператарам, так і дробнаму бізнесу. Уся без выключэння віна за наступствы такіх валюнтарысцкіх рашэнняў ляжыць на дзейным урадзе Польшчы», — адзначылі ў МЗС Беларусі.
Як заўважыў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, «яны сёння прайгралі ў плане сваіх ставак, а адыграць назад, расказаць свайму народу, чаму так атрымалася і хто вінаваты за гэтыя гады страчаных магчымасцяў для развіцця адносін з Беларуссю, — трэба мець смеласць прызнаць гэта або каму-небудзь адказаць».
Варта нагадаць, што 16 студзеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Мінскага гарадскога тэхнапарка пракаментаваў сітуацыю з пунктамі пропуску на граніцы з Польшчай: «Ды хоць усе няхай закрыюць. Мы ж туды не ездзім, мы туды нічога не возім. Яны ж санкцыі супраць нас увялі. Ну мы і не змагаемся супраць той міграцыі і людзей, якія там жадаюць жыць і якія туды ідуць. Я ўжо тысячу разоў пра гэта казаў: з пятлёй на шыі я не буду іх бараніць. То-бок яны накінулі на мой народ санкцыі, а я іх павінен абараняць? Не».