У штогадовай рэспубліканскай выстаўцы народнай творчасці «Калядныя ўзоры», якая праходзіць у Мінску з 19 снежня 2025 года па 11 студзеня 2026 года, прымае ўдзел 75 майстроў Магілёўскай вобласці. Яны прадстаўляюць унікальныя мастацкія творы з лазы, саломы, тэкстылю, керамікі, дрэва, металу, ваты. У экспазіцыі можна ўбачыць таксама тэкстыльныя лялькі, выцінанкі і шмат чаго іншага не менш цікавага. Рукатворныя сувеніры вельмі добра перадаюць настрой навагодняга свята і даюць магчымасць паглыбіцца ў таямнічы свет нашых продкаў.
— Майстры прапануюць увазе свае новыя работы, у якіх спалучаюцца традыцыі і сучаснасць, — адзначыла вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Крысціна Башарымава. — Народны майстар Наталля Даменікава, напрыклад, зрабіла цудоўную кампазіцыю «Каляды», якая стала вынікам яе эксперыментаў і натхнення, а дачка майстрыхі — Ганна стварыла цэлую калекцыю анёлаў — сімвалаў святла і веры. Выстава «Калядныя ўзоры» — не толькі магчымасць прадэманстраваць сваё ўменне, але і атрымаць прызнанне, натхненне і новыя ідэі. Майстры з Магілёўскай вобласці з гонарам паказваюць, што традыцыі жывуць, развіваюцца і знаходзяць сваё месца ў сучасным свеце.


Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Магілёўскага абласнога метадцэнтра НТ і КАР