У Беларусi рэалiзуецца шмат дзяржаўных праграм, накiраваных на паляпшэнне сацыяльнай падтрымкi дзяцей. Асаблiвая ўвага надаецца здароўю падрастаючага пакалення. Прадугледжаны дадатковыя медыцынскiя агляды для ранняга выяўлення паталогiй, палепшана праграма рэабiлiтацыi i санаторнага лячэння дзяцей з хранiчнымi захворваннямi. Як гэта прымяняецца на практыцы, карэспандэнт «Звязды» паназiрала на прыкладзе дзiцячага санаторыя ў аграгарадку Свiслач Асiповiцкага раёна.
Для хворых дзяцей i не толькi
Аграгарадок Свiслач — населены пункт з цiкавай гiсторыяй. Калiсьцi гэта быў цэнтр княства, а на сутоцы рэк Беразiна i Свiслач стаяў замак.
Ён не захаваўся, але месца не згубiла сваёй прыцягальнасцi. Зараз цэнтральны аб’ект населенага пункта — дзiцячы санаторый, дзе сваё здароўе папраўляюць дзецi з «чарнобыльскiх» раёнаў Магiлёўскай вобласцi, шматдзетных сем’яў, тых, што патрапiлi ў сферу ўвагi сацыяльных службаў, i наогул усе, у каго ёсць жаданне адпачыць з карысцю.
— Наша ўстанова ад «Белпрафсаюзкурорта», — расказвае начмед санаторыя Зоя Навасёлава. — Разлiчана яна на 240 чалавек. Дзецi, якiя прыязджаюць групамi, знаходзяцца тут 21 дзень, самастойна — 18. Наогул прымаем дзяцей з усёй Беларусi, у тым лiку ў суправаджэннi дарослых. Членам прафсаюза прадугледжана знiжка — 25 % . Базавы пакет працэдур — фiтачай, мiнеральная вада, ароматэрапiя, галатэрапiя, басейн. Акрамя гэтага дзецi атрымлiваюць фiзiялячэнне, цеплалячэнне, бальнеапрацэдуры i iншыя.
На тэрыторыi некалькi будынкаў, усе карпусы — спальны, лячэбны, школьны — злучаныя памiж сабой ацяпляльнымi галерэямi. Установа арыентавана на лячэнне органаў дыхання, страўнiкава-кiшачнага тракту, сардэчна-сасудзiстых захворванняў, касцёва-сустаўнай сiстэмы. У штаце два педыятры, тэрапеўт, стаматолаг. Дзецi прыязджаюць з медыцынскiм дакументам, дзе прапiсаны ўвесь iх анамнез. У канцы змены iм выдаюць даведку, дзе пазначана, якiя працэдуры яны атрымалi.
Нягледзячы на тое, што гэта санаторый, вучэбны працэс наладжаны самы што нi на ёсць паўнавартасны. Тут працуе цалкам укамплектаваны педкалектыў, для навучання дзяцей ёсць усё неабходнае, нават падручнiкi. З дому школьнiкi прывозяць толькi свае сшыткi i ручкi.
Акрамя вучобы i лячэння, прапануюцца культурна-масавыя i спартыўныя мерапрыемствы, распрацавана некалькi церанкур-маршрутаў. Санаторый усяго ў некалькiх сотнях метраў ад ракi Свiслач, вакол змешаны лес. На тэрыторыi функцыянуюць дзве ўласныя свiдравiны з мiнеральнай вадой.
— Свiдравiны з рознай мiнералiзацыяй, — удакладняе начмед. — Адна выкарыстоўваецца для пiцця, другая — з высокай мiнералiзацыяй — для ваннаў i басейна.
Летам на базе санаторыя працуюць спартыўна-аздараўленчыя лагеры. Летась, напрыклад, прыязджалi валейбалiсты з Масквы.
— Мы прымаем падлеткаў да 17 гадоў уключна, нават, калi да 18-годдзя застаўся месяц, — звяртае ўвагу маркетолаг Святлана Залеўская. — На працягу года адбываецца 18 заездаў, агульная колькасць пуцёвак складае 2400.
Летась установа запусцiла пiлотны праект з турыстычным агенцтвам «Сямейны адпачынак». А нядаўна тут сталi практыкаваць туры выхаднога дня. Першая група з Барысава ў складзе 42 чалавек засталася вельмi задаволенай.
Сёлета ўстанова запусцiла тэлеграм-канал «Санаторый-Свiслач», каб бацькi маглi адсочваць, як тут бавяць час iх дзецi. I колькасць карыстальнiкаў за два месяцы дасягнула ўжо амаль 400 падпiсчыкаў.
Месца з гiсторыяй
Санаторыю сёлета спаўняецца паўвека, але гiсторыя некаторых будынкаў, у якiх ён размешчаны, багатая. Спачатку тут размяшчаўся дзiцячы дом, потым школа-iнтэрнат, а ў 1975 годзе ўсё было перапрафiлявана пад санаторый.
Нiна Леанiдаўна Сакава калiсьцi вучылася тут у школе-iнтэрнаце, а зараз часова выконвае абавязкi начальнiка службы вучэбна-выхаваўчай работы. Яна ўлюбёная ў сваю малую радзiму i ахвотна дзелiцца гэтай любоўю з дзецьмi.
— Гэта незвычайнае месца, — з гонарам кажа яна. — На тэрыторыi Беларусi чатыры Свiслачы, але асiповiцкая асаблiвая. Нашы выхаванцы жывуць тут у геаграфiчным цэнтры кантынентальнай Еўропы.
Суразмоўнiца займалася даследаваннем Свiслачы. Можа гадзiнамi расказваць пра замак былых памешчыкаў Незабытоўскiх. Дарэчы, санаторый стаiць на месцы iх сядзiбы. Адзiн сядзiбны будынак захаваўся цалкам — зараз тут знаходзiцца лячэбна-адмiнiстрацыйны корпус.
— Да нас прыязджаюць вельмi розныя дзецi, — кажа суразмоўнiца. — Мы да кожнага ставiмся з усёй душой, дапамагаем камунiкаваць аднаму з адным. Наш псiхолаг актыўна працуе з тымi, у каго гэта выклiкае складанасцi. I дзецi з задавальненнем ўцягваюцца ў санаторныя мерапрыемствы, разнявольваюцца, адкрываюцца для зносiн.
Нiна Сакава марыць пра музей пры санаторыi.
— На тэрыторыi Свiслачы тры помнiкi — архiтэктурны, ваенны i археалагiчны, — кажа Нiна Леанiдаўна. — Дзецям пра гэта трэба казаць. Гэта скарб Беларусi.
Гасцям падабаецца
Дзецi ледзь паспяваюць памiж працэдурамi, заняткамi, гульнямi. Iх дзень напоўнены падзеямi.
— Я з Мiнску, вучуся ў чацвёртым класе, тут упершыню, — паспявае даць справаздачу хлопчык, пакуль я фатаграфую яго з сябрам за партыяй у шашкi. Прызнаецца, што яму вельмi падабаюцца важатыя, у прыватнасцi Валянцiна Паўлаўна i Лiдзiя Дзмiтрыеўна.
Яго напарнiк па шашках, таксама мiнчанiн, дадае, што i яму ў Свiслачы хораша. Любiмыя працэдуры — басейн i ванны. А яшчэ хлопцу падабаюцца блiнцы, якiя гатуюць у мясцовай сталовай.
Дзяўчынкi, якiя гуляюць у шашкi на канапе па суседстве, падхоплiваюць тэму харчавання i наперабой расказваюць, якiя стравы iм падабаюцца. «Мы тут наогул не сумуем, шмат цiкавых мерапрыемстваў», — хваляцца яны.
З вялiкiм задавальненнем юныя адпачывальнiкi наведваюць аздараўленчыя працэдуры. Усе без выключэння ў захапленнi ад басейна i ваннаў. I тое, i другое на мiнеральнай вадзе. Бабруйчанка Соня нават на водных працэдурах не расстаецца са сваёй сяброўкай Эмiлiяй з Мiнску, прымаюць ванны па суседстве. Дзяўчынка прызнаецца, што спачатку крыху хацела дамоў, але, калi раззнаёмiлася з усiмi, забылася пра свой Бабруйск. «Свiслач — лепшае месца на зямлi», — смяюцца сяброўкi.
Фота аўтара