Трэці год запар аграгарадок Сваташыцы стаў лакацыяй раённага свята яднання сельскіх жыхароў «Талака фэст». Невыпадкова яно праходзіць за месяц да самага маладога дзяржаўнага свята Беларусі, Дня народнага адзінства, і дае старт чарадзе мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай падзеі.
Талакой на нашай зямлі называюць сумесную працу, у якой на добраахвотнай аснове прымаюць удзел аднавяскоўцы: дапамагаюць таму, хто патрапіў у бяду, разам будуюць, убіраюць ураджай, нарыхтоўваюць корм жывёле. Аб'яднаўшыся, мы можам справіцца з любымі складанасцямі, падняць агульны дух. Так пераклікаюцца ідэі Дня народнага адзінства і «Талакі фэста».
Ідэя арганізацыі свята раённага маштабу належыць дэпутату Палаты прадстаўнікоў, ураджэнцу Сваташыцаў Уладзіміру Бабічаву. Ён жа падштурхнуў землякоў да думкі аб удзеле ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў — праекце, які дазваляе атрымаць фінансавую падтрымку на рэалізацыю грамадска значных планаў.
— Першае свята, якое адбылося ў 2024 годзе, атрымала жывы водгук з боку вяскоўцаў, — расказала кіраўнік ініцыятыўнай групы праекта «Святашыцы — фестывальная вёска Дубровенскага раёна», дырэктар раёнага цэнтра НТ і КДД, таксама ўраджэнка Сваташыцаў Вікторыя ХРАМЦОВА. — Адначасова стала зразумела, што прастору для правядзення мерапрыемства трэба паляпшаць, развіваць. Так і нарадзілася рашэнне аб удзеле ў конкурсе. Разам планавалі, узважвалі, праектавалі і марылі — і аказаліся ў ліку пераможцаў.
Агульны кошт праекта склаў 24,5 тыс. рублёў, не менш за 10 % з якіх належала ўнесці самім ініцыятарам праекта. Удзел у «складчыне» прынялі жыхары Сваташыцаў, мясцовая сельгасарганізацыя ААТ «Герой», райвыканкам
Талакой працавалі і на добраўпарадкаванні фестывальнай лакацыі. Тут з'явілася канцэртная эстрада, лаўкі, сталы з навесамі, інфармацыйныя шыльды і ўказальнікі. Неўзабаве фестывальную вёску Дубровеншчыны аздобіць сімвалічная скульптурная кампазіцыя.
Месцічы маюць намер берагчы тое, што зроблена, і працягнуць добраўпарадкаванне тэрыторыі аграгарадка, высаджваючы дэкаратыўную расліннасць, падтрымліваючы парадак.
— Штогод колькасць удзельнікаў і гасцей фэста прырастае, — адзначыла Вікторыя Храмцова. — Цяпер у Сваташыцах пражывае каля 250 чалавек, на свята з'язджаюцца колішнія жыхары, спецыяльна беручы ў гэты час водпуск ці выхадныя. Сёлета тут сабралася больш за тысячу чалавек, яны вярнуліся ў сваю вялікую сям'ю.

Рэалізацыя праекта стала імпульсам для развіцця аграгарадка, дазволіла стварыць грамадскую прастору для мясцовых жыхароў і гасцей, прывабіць турыстаў. Уладкаваная прастора надалей можа выкарыстоўвацца для правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, інфармацыйных сустрэч, баўлення вольнага часу на свежым паветры, кемпінга, маладзёжных турыстычных злётаў і летнікаў, вечароў адпачынку, чытання, актыўных і ціхіх гульняў. Магчыма, яна стане адной з пляцовак Міжнароднага фестывалю песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне».
Сёлета «Талака фэст» праходзіў пад слоганам «У адзінстве — сіла, у жанчыне — душа!». Два дні над Сваташыцамі развіваўся фестывальны сцяг, запамінальнымі сталі прэзентацыя афіцыйнай песні, абрад «Свяча адзінства» і запальванне сімвалічных вогнішчаў, танцавальная «Талакова ноч» і феерверк. Тэматыку Года беларускай жанчыны адлюстравалі «Чыста мужчынскі канцэрт» і «Жаночы хіт». Эстраднай пляцоўкай завалодалі выканаўцы з Дубровенскага і суседніх Аршанскага і Талачынскага раёнаў. Дарэчы прыйшліся майстар-класы па народных рамёствах, атракцыёны, фуд-корты і кейтэрынг.
«Талака фэст» працягне развівацца як штогадовая падзея, якая аб'ядноўвае сельскіх жыхароў праз культуру, традыцыі і творчасць.
Святлана ЯКАЎЛЕВА, фота з адкрытых крыніц