Па-ранейшаму ў страі
Жыццё не аднойчы выпрабоўвала палкоўніка ў адстаўцы Аляксея Бялова на трываласць. Ён глядзеў смерці ў вочы, але нешта ў апошні момант адводзіла ад яго бяду. Таварышы казалі, што ён нарадзіўся ў сарочцы. Калі шчасціць аднойчы — гэта супадзенне, а калі больш, чым два разы, — гэта ўжо лёс. Па характару ён баец. Якія б выпрабаванні ні выпадалі яму, ён заўсёды мужна трымае абарону. Аляксею Бялову ўжо за 80, але ён па-ранейшаму ў страі. Працуе намеснікам начальніка Магілёўскай гарадской арганізацыі Беларускага Саюза ветэранаў вайны ў Афганістане і часта кантактуе з моладдзю.
Неба над Салангам
У 1979 годзе, калі пачаліся баявыя дзеянні ў Афганістане, Аляксею Бялову было 35 гадоў. У выпускніка Армавірскага лётнага вучылішча за плячыма быў ужо добры вопыт службы ў войску і нават узнагароды. Падчас службы ў Калінінградзе ён адвёў ад густанаселенага горада самалёт, які загарэўся ў паветры, катапультаваўся ў апошні момант. Пасля таго як вярнуўся са шпіталя, яму ўручылі ўзнагароду — ордэн «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» ІІІ ступені. Вайна ў Афганістане застала яго ў Самаркандзе, дзе ён служыў на камандным пункце ў якасці афіцэра баявога кіравання.
— Паступіла каманда рухацца ў Тэрмез, — успамінае ён першыя дні той вайны. — Там прастаялі да 25 снежня, пакуль не атрымалі загад увесці ў Афганістан абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў. Тры месяцы прабылі ў Кундузе, рыхтаваліся да ваеннай аперацыі. Пасля вярнуліся ў Самарканд.
Калі задаю ветэрану банальнае пытанне, ці быў страх, ён паціскае плячыма. Было жыццё — трывожнае, небяспечнае, гатовае кожную хвіліну абарвацца.
— Мы не думалі пра горшае, — кажа ён. — Я часта спрабаваў уявіць сабе нашых бацькоў і дзядоў, якія шлі на ворага з косамі, коп’ямі. Выбару няма. Або ты, або вораг. Тут не да страху. Наадварот, ярасць прачынаецца...
Баявы афіцэр не хавае, што было цяжка нават фізічна. Горная мясцовасць, клімат — усё чужое. Днём няшчадна пякло сонца, ноччу прабіраў холад. Вораг хітры і бязлітасны. Быў выпадак, калі некалькі салдат тэрміновай службы рызыкнулі схадзіць да рэчкі. Тое, што ад іх потым знайшлі, ужо мала нагадвала чалавечыя целы.
Пра свае палёты над мяцежнай краінай былы лётчык не вельмі любіць расказваць. Прызнаецца, што кожны раз, калі падымаў свой Міг-23М з аэрадрома ў Сярэдняй Азіі і браў курс на Афганістан, разумеў, што можа не вярнуцца.
— Суправаджалі транспартныя самалёты, калоны, якія ішлі з Кундуза ў Баграм праз перавал Саланг, абаранялі яго, — расказвае ён. — Ляцелі на вышыні 4-5 тысяч метраў, таму што ўнізе горы. Потым на ўзбраенні маджахедаў з’явіліся амерыканскія «Сцінгіры», якімі яны пачалі збіваць нас.
Аднойчы сябар майго суразмоўца Аляксандр Піянзін перад палётам на начное дзяжурства прапанаваў яму ляцець за кампанію, каб паглядзець начны Кабул. Але Бялоў адмовіўся, у яго была іншая баявая задача. Сябар з таго палёту так і не вярнуўся — яго верталёт збілі.
У кроку ад смерці
Нездарма кажуць, што на вайне няверуючых няма. Аляксей Бялоў цалкам з гэтым згодны. Расказвае пра выпадак, калі ён цудам застаўся жывы:
— У 1986 годзе я быў пераведзены ў Афганістан у якасці начальніка каманднага пункта 40-й арміі. Распрацоўвалі шмат аперацый, у некаторых асабіста ўдзельнічаў. У Газні бралі банду Ахмад Шаха, якая перашкаджала суправаджэнню савецкіх калон. Калі праводзіў аперацыю, прыбег пасыльны салдацік, каб паведаміць, што мяне выклікаюць па ўрадавай сувязі. Трэба было адлучыцца ў другі будынак, і я паспяшыў туды. А калі вярнуўся, ад пункта кіравання ўжо нічога не засталося — у яго трапіла варожая ракета. Загінулі тры афіцэры і чатыры салдаты.
У той жа дзень Бялоў, як яму загадалі падчас перагавораў па ўрадавай сувязі, адбыў у Кабул. Навошта туды ляцеў, ён яшчэ не ведаў. Мэту камандзіроўкі павінны былі сказаць там. Ужо ў Кабуле даведаўся пра раптоўную смерць бацькі. Так супала, што трагічны выпадак з бацькам выратаваў жыццё сыну. І ў яго была магчымасць на некалькі дзён вярнуцца дамоў, каб з ім развітацца.
Што датычыцца аперацыі ў Газні, то яна завяршылася паспяхова — банда была знішчана. За выкананне гэтага спецзадання Аляксей Бялоў атрымаў адзін са сваіх двух ордэнаў Чырвонай Зоркі.
Захаваць памяць
У пакоі ветэрана на сцяне дарагія сэрцу фотаздымкі — з жонкай, унучкай, дзецьмі. Захавалася і некалькі жоўтых фотаздымкаў з Афганістана. Хоць такое вывозіць з чужой краіны не дазвалялася, яны ўсё ж цудам ацалелі. Вось ён з мясцовымі дэкханамі пад Баграмам, а вось на фоне таго самага знакамітага палаца Аміна. Там, дарэчы, знаходзіўся штаб і камандны пункт, дзе служыў палкоўнік Бялоў.
— Пасля вайны вельмі цяжка адаптаваўся да мірнага жыцця, — прызнаецца ён. — Кашмары доўгі час мучылі. Сніцца, што бой, ускокваеш з ложка, хапаеш тапак, нібы гранату і ... прачынаешся. Толькі дрыжакі ва ўсім целе і халодны пот.
Ветэран дастае з палічкі невялічкую брашурку са сваімі вершамі. Прызнаецца, што былі хвіліны, калі ўспаміны немагчыма было трымаць унутры, і яны выліваліся на паперу вершаванымі радкамі:
— Вайна — гэта страшна. На сустрэчах з моладдзю адкрыта кажу, што лепш порах нюхаць у ціры або на паляванні, чым на вайне. Мы прынялі эстафету ад пераможцаў Вялікай Айчыннай, і на нас цяпер ляжыць адказнасць за захаванне і перадачу памяці аб вайне ад імя відавочцаў. Важна, каб моладзь разумела, чаму важна берагчы Айчыну, і не слухала ўсякіх там пустабрэхаў, якія за грошы гатовыя ўсё сказіць і перакруціць. Трэба асцерагацца такіх людзей. Калі будзе адчуванне неабходнасці служыць сваёй Радзіме, абараняць свой народ, тады і вайны не будзе. У 2020 годзе, калі ўзнікла пагроза перавароту, мы, ветэраны Афганістана з Магілёва, паехалі ў Мінск, каб падтрымаць Прэзідэнта. Ён правільна вырашае ўсе пытанні — і ваенныя, і грамадзянскія. І нам трэба быць усім разам. Тады мы непераможныя.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара