Top.Mail.Ru

Бонусам да працаўладкавання і атрымання жылля для беспрацоўных, жадаючых пераехаць у сельскую мясцовасць, з’яўляецца дадатковая фінансавая дапамога ад дзяржавы

Работа, жыллё плюс «пад'ёмныя»

Практыка грашовай дзяржпадтрымкі беспрацоўных пры працаўладкаванні па іншым месцы жыхарства існуе ў Беларусі больш за 25 гадоў. Раней грашовыя выплаты прадугледжваліся для ўсіх грамадзян, якія перасяляліся пры падтрымцы органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і ў вёску, і ў горад. Аднак год таму ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, якая прадугледжвае грашовую выплату ў дзевяціразовым памеры велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму толькі пры пераездзе ў сельскую мясцовасць. Гэта садзейнічае прыцягненню і замацаванню кадраў, неабходных аграпрамысловаму комплексу.

Каб разлічваць на грашовы бонус, грамадзяне, афіцыйна зарэгістраваныя ў службе занятасці ў якасці беспрацоўных, павінны заключыць трохбаковы дагавор аб перасяленні ў сувязі з пераездам у іншую мясцовасць з органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы рэгістрацыі, а таксама з наймальнікам. Абавязковая для працадаўцы норма — забеспячэнне жыллём.

Яшчэ адна ўмова: тыя, хто пераехалі ў вёску пры дзяржпадтрымцы, павінны адпрацаваць у новага наймальніка як мінімум год.

Выгоды, а менавіта кадравае папаўненне, атрымліваюць не толькі сельгаспрадпрыемствы. Людзям, якія хочуць знайсці работу, зарабляць грошы на годнае жыццё, атрымаць свой кут, усё гэта даецца.

Пяць гадоў таму такой магчымасцю скарысталіся Віктар і Святлана Стук, пераехаўшы ў Віцебскі раён з Сенненскага. Працаўладкаваліся жывёлаводам і аператарам машыннага даення на агракомплексе «Янавічы» Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі. Колькі ні стараліся на мінулым месцы жыхарства, зажыць з камфортам не вельмі атрымлівалася.

— Тут прадпрыемства выдзеліла нам двухпакаёвую кватэру з усімі зручнасцямі ў гарадскім пасёлку Янавічы, — расказаў Віктар. — На свае «пад’ёмныя» купілі мэблю. Праца ў нас, можа, не самая лёгкая і чыстая, але ж і заробкі нармальныя: штомесяц на абодвух атрымліваем каля 4,5 тысячы рублёў. Хапае не толькі сабе, але і дачцэ, унукам даць. У пасёлку ёсць магазіны, амбулаторыя, школа і садок, Дом культуры і бібліятэка. З прывабнага яшчэ — вялікае возера, а я заўзяты рыбак.

Выснова: палепшыць умовы жыцця, прыняўшы за выйсце пераезд у сельскую глыбінку, сапраўды магчыма. Прычым такім варыянтам карыстаюцца не толькі беспрацоўныя. Тыя, хто не мае такога статусу, хоць і не разжываюцца на «пад’ёмныя», маюць магчымасць атрымаць жыллё і працу, якая добра аплачваецца. Адпаведна, больш шансаў атрымаць рабочыя рукі і спецыялістаў маюць сельгаспрадпрыемствы, у якіх ёсць жыллёвы фонд. Дарэчы, шырока распаўсюджана практыка, калі чалавек, якому выдалі службовае жыллё ў сельскай мясцовасці, праз пэўны перыяд адпрацоўкі атрымлівае права выкупіць яго ва ўласнасць.

Памер «пад’ёмных» з 1 лютага 2026 года складае 4472,64 рубля. Калі беспрацоўныя і муж, і жонка, сума падвойваецца. Выдзеленымі сродкамі можна распараджацца па свайму жаданню, але важна помніць: фінансавую дапамогу аказваюць толькі аднойчы, вядзецца ўлік тых, хто яе ўжо атрымліваў. Гэта азначае, што калі перасяленец захоча шукаць лепшай долі ў іншых мясцінах, то наступны раз разлічваць на «пад’ёмныя» ён больш не зможа.

Кампетэнтна

— Толькі ў 2025 годзе з дзяржпадтрымкай у сельскую мясцовасць перасяліліся 118 сем’яў беспрацоўных, з іх 49 перабраліся з горада ў вёску, — паведаміў начальнік упраўлення арганізацыі работы дзяржслужбы занятасці насельніцтва і альтэрнатыўнай службы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей Кацко. — За папярэднюю пяцігодку пераехала 514 сем’яў, у склад якіх уваходзіла больш за 1 тысячу чалавек. 673 з іх працаздольнага ўзросту, сярэдні ўзрост складае 36,5 года.

Часцей за ўсё магчымасць працаўладкавацца на новым месцы выкарыстоўвалі жыхары Віцебскай вобласці (133 сям’і), радзей за іншых — мінчане (сем сем’яў). Унутраная міграцыя адбываецца пераважна ў межах адной вобласці і складае амаль 80 % выпадкаў, а больш за палову тых перасяленцаў, якія пакінулі межы сваёй вобласці, аселі на Міншчыне.

Цяпер у агульнарэспубліканскім банку вакансій утрымліваецца інфармацыя аб больш як 27 тысячах вакансій з прадастаўленнем жылля.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю