Top.Mail.Ru

Больш за 600 тысяч гектараў ільну ўбрана на даччыным рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве «Лёзна-лён», што на Віцебшчыне

Ох, і сеяла Міхайлаўна лянок

Прыродны гадзіннік прыспешвае

Гэта арганізацыя — адно са структурных падраздзяленняў ААТ «Аршанскі льнокамбінат», буйнейшага ў Беларусі вытворцы льняных тканін і вырабаў з ільну. А шлях гатовай прадукцыі да пакупнікоў пачынаецца з палёў, дзе якраз і вырошчваюць «беларускае золата». Лён поўнасцю выцераблены, вылежаўся, цяпер — час яго актыўнага збору ў рулоны, транспарціроўкі на далейшую перапрацоўку і захоўванне.

Лёзненскія аграрыі рупяцца: яшчэ значныя плошчы ўсцелены льном, трэба спяшацца, каб яго не сапсавалі магчымыя дажджы.

— Пры норме 44 рулоны ў змену нашы найлепшыя механізатары, якія працуюць на трактарах МТЗ-1532 са стужачнымі прэс-падборшчыкамі, паспяваюць сабраць па сто рулонаў, — хваліцца дырэктар ДРУП «Лёзна-лён» Вольга Картаўнёва. — Вядома, няпроста, але ж у мужчын ёсць стымул: пры такіх тэмпах за гэты аб’ём работы яны зарабляюць не менш як па 270 рублёў за дзень.


Кіраўнік арганізацыі прызнае, што ў гарачую пару не хапае рабочых рук. Выйсце ўсё ж знаходзяць: прыцягваюць іншыя арганізацыі; на МАЗ для перавозкі льну часова перасеў аграном Яўген Літвінкоў; папрасілі пэўны час папрацаваць былых вопытных работнікаў, сёння пенсіянераў; па дагаворы падраду прымаюць нават дальнабойшчыкаў, якія стаяць на паўзе. Улетку на пасільных палявых работах, добраўпарадкаванні, сушцы насення дапамагаў сельгасатрад БРСМ. Уборку сельгаскультур не расцягнеш і не адкладзеш — прыродны гадзіннік выдзяляе на гэта сціслы прамежак часу, таму трэба напружвацца.

Па стане на 14 верасня было звезена з палёў больш за 1,6 тыс. тон ільнотрасты. Сярэдні нумар сыравіны складае 1 — траста прыгожая, даволі чыстая і доўгая.

Тры ў адным

ДРУП «Лёзна-Лён» — гэта вынік рэарганізацыі трох былых арганізацый: Лёзненскіх ільнонасенстанцыі і льнозавода, а таксама СГП «Крынкі». Іх функцыі захаваліся на ўзбуйненым аб’яднаным прадпрыемстве. Агульная колькасць работнікаў складае больш за 120 чалавек.

Плошча сельгасугоддзяў — 4,5 тыс. га. Акрамя льну тут вырошчваюць збожжавыя і зернебабовыя. На прадпрыемстве працуе насенстанцыя, дзе ідзе сарціроўка і апрацоўка насення розных культур. Сэрца прадпрыемства — ільноперапрацоўчы завод, які размяшчаецца ў Лёзне. Ад яго да дальніх палёў і па 40, і больш кіламетраў у розныя бакі ад райцэнтра, няблізка.


Згодна з нормамі севазвароту, лён на ранейшым месцы можна сеяць не часцей, чым праз чатыры гады. Таму частку палёў, як толькі з іх звозяць ільнотрасту, пераворваюць для далейшага размяшчэння на іх іншых культур. Так, азімы рапс ужо пасеяны, вядзецца сяўба азімай пшаніцы. Астатняй часткай вызваленых земляў мяняюцца з суседнімі гаспадаркамі з той жа мэтай, а таксама каб вырошчваць лён на іх землях. Варта заўважыць, што льняныя палеткі — добра апрацаваная, падкормленая, урадлівая глеба, дзе ў наступны сезон магчыма атрымаць важкі, да 45 ц/га, ураджай збожжавых.

— Лён, дзякуючы айчынным навукоўцам, селекцыі і захаванню распрацаваных тэхналогій, мы вырошчваць ужо навучыліся. Трэба наладзіць яго ўборку ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны і перапрацоўку. Лічу, што ўвагі да гэтага пытання павінна быць не менш, чым цяпер удзяляюць жывёлагадоўлі, — дзеліцца ўласным меркаваннем Вольга Міхайлаўна Картаўнёва.

З’явілася гаспадыня

Да кіраўніцтва ДРУП «Лёзна-Лён» Вольга Картаўнёва прыступіла ў лютым гэтага года, але паспела развярнуць кіпучую дзейнасць, і вынікі ўжо прыкметныя. Найперш яна ўзялася за стары льнозавод.

Сёлета адрамантаваны і ўдасканалены дзве сушылкі, раней быў устаноўлены новы кацёл, трэба заняцца яшчэ адным, каб сушылкі працавалі бесперапынна. Дарэчы, катлы працуюць на мясцовым паліве, адходах вытворчасці — ільнокастры. Адрамантавана ацяпленне ў памяшканнях, каб людзям было камфортна працаваць, устаноўлена новае пажарнае водазабеспячэнне, дзверы.



Частка старога абсталявання для перапрацоўкі кароткай ільнотрасты дэманціравана, устаноўлены асноўны вузел тэхналагічнай лініі для механічнай пярвічнай перапрацоўкі сыравіны «Чарлі», усталёўваецца новы аўтаматычны прэс. Працягваецца бягучы рамонт даху і бытавых памяшканняў — душавых, санвузлоў, пакою для адпачынку і прыняцця ежы.

Літаральна ў жніўні набылі і ўвялі ў дзеянне механізм для здрабнення нізкасартавой трасты, якая раней па прычыне незапатрабаванасці гніла на палях і ў кутках. Цяпер з яе атрымліваюць кароткае валакно, а адпаведна і дадатковыя грошы. Новая прылада акупіцца за месяц-два.

Крыніцы фінансавання — сродкі ААТ «Аршанскі льнокамбінат» і ўласныя грошы прадпрыемства.

Уздымаючы планку

Завод, які паступова абнаўляецца, цяпер працуе на поўную магутнасць, у тры змены. За месяц тут перапрацоўвалі па 347 тон ільнотрасты, адпаведна атрымлівалі па 72 тоны валакна. План на верасень узняты да перапрацоўкі 600 тон трасты і атрымання 80 тон валакна.

— Дзяржзаказ у аб’ёме 80 тон за год мы выканалі на 100 %, унеслі прапанову аб павелічэнні яго да 100 тон — бачым, што возьмем гэту планку, — паведаміла Вольга Картаўнёва. — У кошт дзяржзаказу здалі таксама 360 тон кароткага валакна, перавыконваем яго. З пачатку года перапрацавалі звыш 1631 тоны льнотрасты ў заліковай вазе, атрымалі 83 тоны доўгага і 378 тон кароткага валакна сярэднім нумарам 0,76.

У блізкіх планах жанчыны-кіраўніка — узяць крэдыт, каб набыць сучасную лінію перапрацоўкі доўгага і кароткага валакна. У ідэале, на яе думку, трэба было б пабудаваць новы завод.



Да арганізацыі работы дырэктар падыходзіць, як да асабістай справы, нацэльвае падначаленых на работу адзінай камандай. Вельмі цэніць галоўнага льнавода прадпрыемства, свайго намесніка па раслінаводстве Юлію Барынкіну. Яна адукаваны спецыяліст з вялікім стажам на мясцовай вытворчасці, песціць лён на ўсім доўгім і складаным шляху яго пераўтварэння з насення ў гатовае валакно.

— Як кіраўнік я прадстаўляю сваё прадпрыемства ў знешніх стасунках, раюся са спецыялістамі галаўнога прадпрыемства, міністэрстваў і ведамстваў, органаў улады і кіраўнікамі іншых арганізацый. На мне ляжыць адказнасць за прынятыя кіраўніцкія рашэнні. Але лён я вырошчваю не адна, за мной і са мной — вялікі калектыў, — адзначае Вольга Картаўнёва. — Калі мы будзем працаваць кожны на сваім месцы сумленна, з поўнай аддачай, не падводзячы адзін аднаго, зможам развівацца і добра зарабляць.

А вырабы з прадукцыі ДРУП «Лёзна-лён», знакамітага беларускага льну, запатрабаваныя як у нашай краіне, так і за яе межамі. Таму варта працаваць для таго, каб яна была, паляпшалася, каб яе станавілася больш.

Святлана ЯКАЎЛЕВА, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю