У мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага працуе выстаўка сучаснага фотамастацтва Кітая «Дыялог культур». У экспазіцыі — работы чатырох выдатных фатографаў Шанхая, якія прадстаўляюць розныя пакаленні і мастацкія стылі.
Праект арганізаваны сумесна з Шанхайскай міжнароднай культурнай асацыяцыяй, Беларускай канфедэрацыяй творчых саюзаў, Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам, Беларускім грамадскім аб’яднаннем фатографаў, Беларускай супольнасцю культурнага развіцця «Юань Шыанг», Шанхайскай прамысловай кампаніяй Wolong і Генеральным консульствам Рэспублікі Беларусь у Шанхаі.
Выстаўка аб’ядноўвае творчасць Сюй Хайфэна, Шэнь Чжунхая, Е Цзылэ і Чэнь Чуандуаня. Прадстаўленыя работы дэманструюць разнастайнасць стыляў і наватарскія падыходы ў кітайскім візуальным мастацтве, дазваляючы адчуць пульс часу і дух касмапалітычнага горада Шанхая. На фотаздымках майстроў — сучасны шматгранны Кітай, дзе спалучаюцца традыцыі і інавацыі, дынаміка і спакой. Работы выкананы ў розных жанрах, ад дакументальнай і вулічнай фатаграфіі да мастацкіх, партрэтных здымкаў і канцэптуальных візуальных праектаў.
Фатограф Шэнь Чжунхай — прадстаўнік старой школы. Ён таленавіта ўпісвае традыцыйнае мастацтва ў сучасны кантэкст. Мастак рэканструюе лічбавыя выявы сучасных гарадоў для фіксацыі змен у архітэктуры з пункту гледжання гісторыі і акаэмічнага дызайну. У экспазіцыі прадстаўлена серыя аўтара «Шанхайскія колеравыя блокі», якая спалучае эмацыянальнасць і дакументальную дакладнасць. Фатограф разбівае выявы агульнавядомых будынкаў Шанхая на геаметрычныя фрагменты, каб адлюстраваць дынаміку ўрбаністычнага ландшафту і ўнутраную напружанасць грамадства ХХІ стагоддзя.
Дакументальнасцю напоўнены работы фотажурналіста Сюй Хайфэна, які быў сведкам маштабнай трансфармацыі транспартнай і жылой інфраструктуры Шанхая на рубяжы стагоддзяў. Яго матэрыялы сталі найважнейшымі візуальнымі дакументамі для асэнсавання і ацэнкі змен, праз якія прайшоў горад. На выстаўцы можна ўбачыць яго серыю «Чатыры сезоны». Фатограф адлюстраваў рэчы паўсядзённага ўжытку, якія падчас метамарфоз у жыцці людзей і горада ці цалкам змянілі сваё значэнне, ці назаўсёды засталіся маўклівымі сведкамі гісторыі. Сам мастак называе іх «сасудамі эмоцый» і прапануе гледачам задумацца пра цану ўрбанізацыі.
Фэшэн-фатограф Е Цзылэ прэзентуе серыю «Партрэты на беразе ракі», дзе ў якасці аб’екта выкарыстоўвае будынак атэля «Рыверсайд». Праз асабістыя рэчы і сцэны з паўсядзённага жыцця 15-ці чалавек ён раскрывае шматаблічны і рознахарактарны дух Шанхая. Е Цзылэ шмат вандраваў і працаваў над творчымі праектамі ў культурных сталіцах свету, але ў 2014 годзе вярнуўся ў Шанхай, з якога пачаўся яго творчы шлях. На выстаўцы можна ўбачыць вельмі асаблівы для аўтара прадмет — плюшавую цацку Кіміка Мядзведзя. Мастак стварыў яго ў 2016 годзе ў Берліне. Пасля пераезду ён сутыкнуўся з сур’ёзным моўным бар’ерам, з-за чаго адчуваў сябе маўклівым невідзімкай. Таму ён стварыў медзведзяня, якое стала яго кампаньёнам на доўгія гады. Цацка пабывала ў больш чым шасцідзесяці гарадах свету, на 18 выстаўках.
Фотамастак натхняецца тэатрам, сцэнічным мастацтвам і казкамі. Ён выкарыстоўвае светлавыя формы, каб перадаць багацце мясцовай гісторыі, спалучаючы сентыментальнасць з інтэрнацыянальнай мастацкай мовай.
Самы малады ўдзельнік выстаўкі — Чэнь Чуандуань. Яго серыя работ называецца «Нататнік Эверэта». Гэта адказ на постіндустрыяльнае «хуткае грамадства» з элементамі навуковай фантастыкі і містыкі. Другі цыкл аўтара — «Стрыманы парадак», дзе прадметы гарадскога асяроддзя выкарыстоўваюцца для адлюстравання супярэчлівых адносін паміж штучнымі сістэмамі і прыродай. Яго работы напрамую закранаюць праблемы лічбавай эпохі і даследуюць сувязь рэчаў у мультысусвеце.
Выстаўка «Дыялог культур» працуе да 5 кастрычніка.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА