Нядаўна было падпісана пагадненне аб стварэнні Кітайска-беларускага інстытута выдатных інжынераў, які стане першай такой навучальнай установай, створанай Кітаем у Еўропе з удзелам ВНУ і прадпрыемстваў, перадае «Сіньхуа».
У праекце ўдзельнічаюць Нанкінскі ўніверсітэт, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (БНТУ), кампанія Sinomach Digital Technology Corporation і камітэт па кіраванні зонай прамысловага развіцця высокіх і новых тэхналогій раёна Цыся горада Нанкін (правінцыя Цзянсу, Усходні Кітай).
Гэта таксама будзе першы замежны інстытут выдатных інжынераў, у стварэнні якога ўдзельнічаў кітайскі мясцовы індустрыяльны парк. Гэта ініцыятыва ўяўляе сабой новы механізм супрацоўніцтва ў еўрапейскай частцы «Поясу і шляху», аб’ядноўваючы намаганні ВНУ, прадпрыемстваў і рэгіянальных структур. Праект адкрывае новыя магчымасці для інтэграцыі адукацыі, навукі і кадравых рэсурсаў на міжнародным узроўні і адыграе важную ролю ў прасоўванні кітайскай мадэлі падрыхтоўкі інжынерных кадраў сусветнага ўзроўню.
Ва ўмовах паскоранага развіцця прадукцыйных сіл новай якасці Кітай робіць стаўку на паглыбленне інтэграцыі вытворчых арганізацый, ВНУ і навукова-даследчых інстытутаў. Стварэнне новага інстытута арганічна ўпісваецца ў агульную стратэгію па ўмацаванні супрацоўніцтва ў сферы «адукацыя — навука — вытворчасць», якая з’яўляецца ключавым фактарам развіцця інавацый і новай эканомікі.
У апошнія гады ў Кітаі актыўна развіваюцца інстытуты выдатных інжынераў нацыянальнага ўзроўню — па 18 найбольш запатрабаваных дзяржаўных кірунках ужо вядзецца падрыхтоўка каля 26 тысяч магістраў і дактароў інжынернага профілю. Створаны рэгіянальныя цэнтры трансферу тэхналогій пры ўніверсітэтах, рэалізуецца сістэма абароны правоў інтэлектуальнай уласнасці. Усе гэтыя меры накіраваны на тое, каб падрыхтоўка інжынерных кадраў адпавядала найвышэйшым сусветным стандартам.
На цырымоніі падпісання пагаднення аб стварэнні Кітайска-беларускага інстытута выдатных інжынераў прарэктар Нанкінскага ўніверсітэта, акадэмік Кітайскай акадэміі навук Чжоў Чжыхуа выказаў надзею, што інстытут стане сувязным звяном для паглыблення супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю ў галіне падрыхтоўкі кадраў, навуковых даследаванняў і абмену выкладчыкамі і студэнтамі, а таксама для ўмацавання сяброўства паміж дзвюма краінамі і садзейнічання глыбокай інтэграцыі навукі, адукацыі і вытворчасці.
Прарэктар БНТУ Юрый Нікалайчык выказаў упэўненасць, што сумесны інстытут Беларусі і Кітая стане новым узорам двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі і падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў:
— Сёння мы з гонарам гаворым аб супрацоўніцтве Беларусі і Кітая, якое мае найвышэйшы дыпламатычны статус — статус усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. Гэта асаблівыя адносіны, змацаваныя не толькі ўзаемнымі інтарэсамі, але і асабістым сяброўствам нашых лідараў — Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна. Гэта партнёрства прайшло выпрабаванне часам і сёння дэманструе ўнікальную дынаміку развіцця па ўсіх ключавых кірунках, у тым ліку ў галіне адукацыі і навукі. Мы ствараем Кітайска-беларускі інстытут выдатных інжынераў, што, несумненна, стане новай вяхой у супрацоўніцтве нашых краін у сферы вышэйшай адукацыі і падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў. Упэўнены, што гэты інстытут стане кузняй кадраў для рэалізацыі сумесных беларуска-кітайскіх праектаў, будзе садзейнічаць трансферу перадавых тэхналогій паміж нашымі краінамі, а таксама створыць платформу для акадэмічнай мабільнасці выкладчыкаў і студэнтаў.