Top.Mail.Ru

Архімандрыт Афанасій (Сакалоў) пра тое, што можа дапамагчы ў жыццёвых выпрабаваннях

Дзеці ў Беларусі — пад надзейным клопатам дзяржавы. Гэта будучыня нашай краіны і найлепшае, што ў яе ёсць, — пастаянна нагадвае ў сваіх прамовах Прэзідэнт. Асаблівая ўвага — сем’ям, дзе растуць дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, дзе хвароба дыктуе свае ўмовы. У гэтыя святочныя дні яны атрымліваюць не толькі матэрыяльную, але і значную маральную дапамогу. Мы пагаварылі з рэктарам Мінскай духоўнай акадэміі архімандрытам Афанасіем (Сакаловым) пра тое, на што чалавек можа абаперціся, калі яму цяжка, адкуль чэрпаць сілы, каб заўсёды заставацца ўдзячным і здольным радавацца кожнаму дню.


— Айцец Афанасій, з’яўленне дзіцяці — цуд, але можа здарыцца так, што бацькі пастаўленыя перад цяжкім выбарам: ім кажуць, што дзіця, якога яны чакаюць, мае парокі развіцця, і раяць перарваць цяжарнасць. Як Царква глядзіць на гэтую праблему?

— Адзін свяшчэннік расказаў мне гісторыю, калі з такой праблемай сутыкнулася сям’я, якая імкнецца жыць па Хрыстовых запаведзях. У іх былі ўжо дзеці, калі ўрач рэкамендаваў перарваць чарговую цяжарнасць, бо дзіця, якое насіла жанчына, было нежыццяздольнае. Муж з жонкай прыйшлі да бацюшкі па благаславенне. «На забойства вас не благаслаўляю, — сказаў той, — але вы самі глядзіце, як дзейнічаць. Бо, калі гэта пагражае жыццю маці, трэба падысці з разважаннем. У выпадку калі дзіця пакінеце, вы павінны быць гатовыя да таго, што яно будзе інвалідам, або, магчыма, пажыве зусім крыху». Сужэнцы вырашылі нараджаць. Спыталіся толькі, ці можа маці сама ахрысціць дзіця ў радзільні, калі зразумее, што яно пражыве нядоўга. Бацюшка дазволіў. Гэта дзіця сапраўды пражыло зусім мала. Падтэкст такі. Гасподзь даў гэтым людзям такое выпрабаванне. Чаму? Не ведаем. Але яны не наракалі. Не казалі: за што гэта нам? Яны прасілі Бога даць ім сілы з годнасцю вынесці гэтае выпрабаванне. Жанчына з малітвай сустрэла сваё дзіця і праводзіла яго.

Выпрабаванне можа напаткаць кожнага, тут не трэба падзяляць людзей на вернікаў і тых, хто не верыць. Бывае, што і тыя, хто мае веру ў Бога, калі нешта здараецца, губляюць глебу пад нагамі. Розум бунтуе, сэрца таксама. Нельга асуджаць чалавека, якое рашэнне ні прыняў бы ён у крытычнай сітуацыі.

— Нам лягчэй прыняць сваю хваробу, чым дзіцяці. Калі пакутуе немаўля, бацькоў ахоплівае гора, адчай і непаразуменне: за што? Ці могуць дзеці расплачвацца за грахі дарослых?

— Залатая мара чалавецтва — жыць вечна, не хварэць, быць шчаслівымі, але гэта нерэальна. Чалавек нараджаецца і непазбежна памірае. Ці магчыма пражыць усё жыццё без турбот? Рэлігійны падыход для чалавека няверуючага незразумелы, а для верніка, няважна якой рэлігіі, адказ ёсць. Мы, напрыклад, кажам пра першых людзей — Адама і Еву — і іх грэхападзенне, пасля якога ў жыццё чалавецтва ўвайшлі як спадарожнікі смерць і хваробы.

Пытанне аб пакаранні — іншае. Кожны чалавек нясе на сабе пэўны груз папярэдніх пакаленняў. Пра гэта сведчыць генетыка. І ў духоўным плане тое ж самае. Якімі былі нашы бацькі, дзядулі і бабулі, наогул продкі, — накладвае пэўны адбітак на нас. Але прамой залежнасці няма. У высокамаральных, інтэлігентных людзей можа нарадзіцца дзіця, якое не прыме іх каштоўнасці. Або наадварот. Бацькі могуць быць нядбайныя, а дзеці ў іх растуць таленавітыя і становяцца паважанымі людзьмі.

Ёсць у Евангеллі ад Іаана аповед, калі Хрыстос вылечвае слепанароджанага. Вучні Хрыста, якія гэта бачылі, спыталіся: хто саграшыў? Ён ці бацькі яго? І пачулі дзіўны адказ: «Ні ён не саграшыў, ні бацькі яго, але гэта дзеля таго, каб выявіліся дзеянні Божыя на ім». Ні болей, ні меней. Некаторыя багаслоўскія сітуацыі мы не зможам да канца зразумець.

Калі я быў яшчэ семінарыстам, узнікла дыскусія з выкладчыкам на тэму «Бог — ёсць Любоў». Як гэта суаднесці з пакутамі, якія ёсць у свеце, з грахом? Бог, як нам падаецца, павінен усё выправіць, Ён жа — Любоў. Выкладчык сказаў, што Божая любоў праяўляецца ва ўсім, але мы не заўсёды гэта разумеем. Ёсць сем’і, дзе пануюць злачыннасць, зневажанне маралі, адбываецца відавочнае выраджэнне, але Бог дае шанц і гэтай сям’і. З’явіцца і ў гэтым родзе нехта, хто будзе за ўсіх маліцца. 

І яны выратуюцца. Людзі жывуць па-рознаму, а потым нечакана прыходзяць да веры.

— На жаль, нярэдкія сітуацыі, калі муж з жонкай жылі ў каханні, а пасля нараджэння дзіцяці, у якога маюцца сур’ёзныя праблемы са здароўем, сям’я распадаецца. У сітуацыі, калі трэба падставіць плячо і падтрымаць адно аднаго, нічога не атрымліваецца. Чаму?

— У кожнага ёсць свой парог трываласці. Наша вера менавіта такімі выпрабаваннямі правяраецца. Ёсць сітуацыі, калі ні знаёмствы, ні ўрачы, ні грошы не могуць дапамагчы. Тады трэба прасіць сіл у Бога. Мы вучым акадэмістаў і самі сябе так настройваем, што ў жыцці не будзе гатовага рэцэпта. Жыццё вельмі складанае, і выпрабаванні здараюцца з кожным.

Я, напрыклад, калі цяжка, малюся. Спрабую разабрацца, што раблю не так. Калі ёсць духоўны стрыжань, незалежна ад таго добра табе ці дрэнна, ты ў зносінах з Богам і знаходзішся на шляху да Яго. У складаных сітуацыях асэнсаванне гэтага добра дапамагае. А калі прысутнічае крывадушнасць, нейкая гульня, мы пужаемся і пра ўсё забываем. У галаве адно «я»: «мяне не разумеюць», «мяне пакрыўдзілі», «мне ніхто не дапамагае». Трэба вучыцца браць на сябе адказнасць. І ўмацоўвацца ў веры.

Праблема з падтрымкай адно аднаго ёсць і ў царкоўным асяроддзі, свяшчэннаслужыцелі таксама разводзяцца. І не заўсёды ў міры жывуць. Нават калі няма выпрабаванняў. Сябравалі, пабраліся шлюбам, а потым усё — прайшла любоў. Дзіўна. Хоць была і любоў, і вера. А сям’і няма. Быў нейкі падман. Было зручна, сітуацыя не раздражняла.

Нараджэнне хворага дзіцяці патрабуе перабудовы ўсяго жыцця. Першыя часы асэнсаваць здрадніцтва блізкага чалавека цяжка. Гэта як Хрыстос на крыжы, якога ўсе кінулі і Ён вісіць раскрыжаваны.

Але не трэба ў сабе замыкацца. Калісьці і мяне гэтаму вучылі. Ва ўсіх нас ёсць сябры, знаёмыя. Не хочацца кагосьці «грузіць», але ўсё роўна трэба выказвацца. Для сям’і твае праблемы не пусты гук. У дзяцінстве для мяне было важна, што бацькі мяне падтрымліваюць. Тата раіў: «Ты спяшаешся, на эмоцыях, схадзі дзесьці пагуляй, падумай, крыху супакойся». Ён не казаў: «Адчапіся». Ён падказваў выйсце. Мы так створаны, што нам неабходныя стасункі з іншымі людзьмі. Сёння здаецца, што свет звар’яцеў, грымяць войны, людзі гінуць. Але нельга адчайвацца. Насамрэч вакол нас шмат людзей добрых, якія могуць аказаць дапамогу проста так — не за грошы, а па-чалавечы. Дабро таксама распаўсюджваецца. Галоўнае — не паглыбляцца ў сябе. Гэта — турма. Калі загнаць сябе ў «клетку», нічога добрага не будзе.

— Людзям часам здаецца, што яны звяртаюцца да Бога, а Ён іх не чуе.

— Нельга выбудоўваць адносіны з Госпадам па прынцыпе: я — Табе, Ты — мне. Бог нічога нам не павінен. І добра ведае, што нам трэба.

— Некаторыя, калі з імі здараецца бяда, шукаюць цуду, нехта нават едзе да чараўнікоў...

— Некаторыя людзі выкарыстоўваюць чараўніцкія маніпуляцыі і практыкі. Чалавек, які да іх звяртаецца, не разумее, што гэта небяспечна. Яму важна дасягнуць выніку, усё роўна якой цаной. Цана, якую плацім у гэтым выпадку за дабрабыт або здароўе, — душа, якую мы аддаём на вечныя пакуты. Людзі, як правіла, ведаюць, што зварот да магіі і чараўнікоў — парушэнне запаведзяў Божых, але чамусьці ідуць на гэта.

— А імёны ўплываюць на лёс? Ёсць меркаванне, што дзецям нельга даваць імёны сваякоў, жыццё якіх склалася трагічна.

— У першыя гады існавання хрысціянства, калі рымская ўлада вяла допыты паслядоўнікаў Ісуса Хрыста і пыталася імя ў чалавека, ён адказваў: я — хрысціянін. З багаслоўскага пункту гледжання мы ўсе — хрысціяне, гэта наша першае імя, а іншыя не маюць значэння. Імя асвячаецца жыццём чалавека.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю