Зона адказнасці члена Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Палаты прадстаўнікоў — Бабруйская сельская выбарчая акруга № 80. Гэта частка Першамайскага раёна горада на Бярэзіне, а таксама Бабруйскі і Кіраўскі раёны, дзе пражывае амаль 57 тысяч выбаршчыкаў. Якія праблемы іх турбуюць, чым адметнае жыццё ў рэгіёне, чаго не хапае тутэйшай моладзі, наколькі ініцыятыўнае і актыўнае насельніцтва тут жыве, дэпутат расказвае ў нашай рубрыцы.
Актуальныя пытанні
У парламент Антон Каранкевіч прыйшоў з пасады дырэктара філіяла «Бабруйскія электрычныя сеткі» РУП «Магілёўэнерга». На гэтым прадпрыемстве ён адпрацаваў 20 гадоў, пачынаючы з работы электраманцёра. А Кіраўск — гэта яго малая радзіма. Так што мясцоваму насельніцтву не трэба тлумачыць, хто ён такі. Як і расказваць пра тое, якую ролю ён адыграў у развіцці мясцовай энергетычнай сістэмы. Напэўна, таму і большасць пытанняў ад выбаршчыкаў звязана ў першую чаргу з гэтай сферай. Людзі ведаюць, што атрымаюць кампетэнтную інфармацыю ад прафесіянала.
— Такіх пытанняў, асабліва па электраацяпленні, шмат паступае з сельскай мясцовасці, — кажа суразмоўнік. — БелАЭС працуе, існуюць стымулявальныя тарыфы і, вядома, вяскоўцы таксама хочуць гэтым скарыстацца. На жаль, яшчэ ёсць праблемы з падключэннем. Раней электрасеткі манціраваліся пад іншыя нагрузкі, і ім патрэбна мадэрнізацыя. Гэта паступова вырашаецца, але дзесьці трэба і пачакаць.
Жыхарка з Кіраўска паскардзілася, што ёй адмовілі ў вырашэнні пытання з электраацяпленнем. Пачаў разбірацца — не ўсё так безнадзейна. Сёлета ў Кіраўскузапланавана рэканструкцыя электрасетак. З мікрараёна Цітаўка, што ў Бабруйску, пацікавіліся, ці можна падвесці газ. Прапрацавалі пытанне, і рашэнне знайшлося. Распрацавалі праект, жыхары стварылі кааператыў, каб падключыцца да газу. Сёлета пачнецца рэалізацыя праекта.
У сельскай мясцовасці крыху іншыя пытанні, чым у горадзе, адзначае суразмоўнік. У Бабруйскім і Кіраўскім раёнах, напрыклад, яны часцей датычацца вывазу смецця, агароджы могілак, стану дарог, якасці вады. У Бабруйску жыхароў турбуюць рух транспарту, асвятленне вуліц, тратуары, тыя ж дарогі, добраўпарадкаванне.
Пра энергетычную самастойнасць
Шмат хто цікавіцца магчымасцямі і бяспекай Беларускай АЭС. Ва ўсякім разе на сустрэчах з працоўнымі калектывамі, сельскіх сходах пытанне гучыць рэгулярна.
Што датычыцца бяспекі АЭС, то, як адзначае спецыяліст, у Беларусі рэалізуецца самы бяспечны расійскі праект. На АЭС выкарыстоўваюцца рэактары пакалення 3+, яна можа паспяхова вытрымліваць знешнія ўздзеянні, такія, напрыклад, як падзенне на яе лёгкаматорнага самалёта. З плюсоў — зніжэнне парніковых газаў (болей чым на 16 мільёнаў тон у год), паляпшэнне экалогіі, адмаўленне ад імпарту электрычнай энергіі.
Турбуюць насельніцтва і апошнія падзеі па адмове краін Прыбалтыкі ад беларускай электраэнергіі. Наколькі гэта адаб’ецца на эканоміцы краіны?
— Ні на тарыфах, ні на надзейнасці забеспячэння для нас змяненні не адбіліся, — кажа Антон Міхайлавіч. — У нас з Расіяй прынятае Пагадненне паміж урадамі аб забеспячэнні паралельнай работы аб’яднанай энергетычнай сістэмы. А вось у жыхароў краін Балтыі, як паведамляюць іх СМІ, тарыфы падскочылі ледзь не ўдвая. Нашы з Расійскай Федэрацыяй энергасістэмы звязаны. У выпадку неабходнасці мы можам папрасіць дапамогі ў Расійскай Федэрацыі на адсутную магутнасць, як і яна ў нас. Створаны адзіны энергарынак, каб мы маглі электраэнергію і купляць,
і прадаваць. Наступным крокам стане стварэнне аб’яднанага рынку па газе. Ужо першыя крокі зроблены.
На ўмовах дыялогу
Антон Каранкевіч адзначае, што сустрэчы з насельніцтвам даюць магчымасць лепш вывучыць яго патрэбы, знайсці шляхі вырашэння праблемных пытанняў.
— Калі ўносіліся змяненні ў заканадаўства наконт незаконнага абароту наркотыкаў, мы вельмі глыбока вывучалі народнае меркаванне, — кажа парламентарый. — Было цікава пачуць, што думаюць пра змякчэнне некаторых артыкулаў людзі. Абмяркоўвалі таксама пытанні аб змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дарожным руху». Было прапанавана знізіць узрост атрымання правоў кіроўцы маладымі людзьмі да 17 гадоў. Сёння ў сельскай гаспадарцы з’явілася энерганасычаная тэхніка і моладзь вучыцца працаваць на ёй. Адным з аргументаў для ўнясення змяненняў было рашэнне задзейнічаць моладзь у пасяўных работах. Гэта закрые патрэбу ў кадрах падчас напружаных вясновай пасяўной і летняй уборачнай сельгаскампаній і будзе стымулам маладому пакаленню да працы.
Падчас апошняй работы ў акрузе вельмі змястоўнай была гутарка з працуючай моладдзю адкрытых акцыянерных таварыстваў — Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў, Бабруйскаграмаша, ФанДОКа, ТАіМа, Белшыны.
— Маладыя спецыялісты закончваюць адпрацоўку пасля сваіх ВНУ, і мы разам з калегамі па Палаце прадстаўнікоў Вольгай Жук і Аксанай Прыходзька пацікавіліся іх меркаваннем і настроем, — расказвае суразмоўнік. — Былі вельмі цікавыя выказванні і прапановы. Напрыклад, адкрыць у Бабруйску тэхнічную ВНУ. Горад па колькасці насельніцтва сёмы ў краіне, прамысловасць тут квітнее, а ніводнай вышэйшай навучальнай установы няма. Прыходзіцца ездзіць у іншыя гарады атрымліваць завочна адукацыю. А гэта дорага і нязручна. Прыходзіцца браць на рабоце незапланаваны адпачынак, шукаць жыллё...
Маніторым, аналізуем, робім высновы...
Грамадзянскія ініцыятывы робяць мясцовасць больш утульнай і камфортнай для пражывання. Часцей за ўсё насельніцтва ўдзельнічае ў стварэнні гульнявых пляцовак, зон адпачынку і для заняткаў спортам, акультурванні месцаў воінскай славы.
— Дзякуючы актывістам у аграгарадку Хімы з’явілася дзіцячая спартыўная пляцоўка, — прыводзіць прыклад Антон Каранкевіч. — У населеным пункце не было месца для заняткаў спортам, і дэпутаты разам з людзьмі знайшлі вырашэнне праблемы. Там жа была пасаджана алея ў гонар утварэння Бабруйскага раёна. Пляцоўка атрымалася сапраўды якаснай, людзі вельмі задаволеныя.
У нядаўнім абласным конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў адным з праектаў-пераможцаў стаў бабруйскі — па рамонце помніка па вуліцы Сацыялістычнай у гонар воінскіх часцей і злучэнняў, якія праславіліся пры вызваленні горада. Парламентарый спецыяльна наведаў гэта месца падчас свайго знаходжання ў Бабруйску і пераканаўся асабіста, што рамонт неабходны.
— Частка нашай работы ў акрузе — гэта ўдзел у пасяджэннях выканаўчай улады, дэпутацкіх сесіях, — рэзюмуе суразмоўнік. — Наша задача — дапамагаць у вырашэнні тых пытанняў, якія паднімаюцца на мясцовым узроўні. Маніторым цэны ў крамах, вывучаем, якія ёсць праблемы з будаўніцтвам знакавых аб’ектаў. У рамках праграмы «Адзін раён — адзін праект» у Бабруйскім раёне вядзецца будаўніцтва смеццеперапрацоўчага прадпрыемства. Там ужо завершана наладка тэхналагічнага абсталявання і адбыўся пробны пуск. Гатоўнасць завода ацэньваецца сёння на 98 %. Засталося толькі даабсталяваць кацельную. На гэтым заводзе будуць сартавацца цвёрдыя камунальныя бытавыя адходы з Бабруйска і некалькі прылеглых да яго раёнаў.
Фота з архіва Антона КАРАНКЕВІЧА