Top.Mail.Ru

Анатоль Сівак азнаёміўся з ходам мадэрнізацыі на Бабруйскім заводзе БПД

«Працаваць на вынік»

Намеснік Прэм’ер-міністра Анатоль Сівак наведаў сёння Бабруйск з рабочым візітам. Разам з ім на ААТ «Бабруйскі завод буйнапанэльнага домабудавання» пабывалі губернатар Магілёўскай вобласці Анатоль Ісачанка і старшыня Бабруйскага гарвыканкама Максім Гурын. Бабруйскі завод БПД адзін з трох аналагічных у Магілёўскай вобласці, якія ў бліжэйшы час будуць мадэрнізаваныя. Віцэ-прэм’ер азнаёміўся са станам ужо абноўленых арматурнага і фармовачнага цэхаў, паглядзеў, якое там устаноўлена абсталяванне. Падчас нарады быў абмеркаваны інвестыцыйны праект мадэрнізацыі завода і разгледжана далейшая стратэгія і тактыка.

— Па адпаведным даручэнні рыхтуем тры праекты па Магілёўскай вобласці па мадэрнізацыі домабудаўнічых заводаў, — падкрэсліў намеснік Прэм’ер-міністра Анатоль Сівак у размове з журналістамі. — Абсталяванне зношанае і наспела неабходнасць яго змяніць. Трэба мяняць серыі дамоў, павышаць эфектыўнасць канчатковага прадукту. На перыяд рэканструкцыі Бабруйскі завод БПД спыняцца не будзе, работы праводзяцца чэргамі. 80 % кошту аб’екта — гэта закупка і мантаж новага сучаснага абсталявання. 

Бабруйскі завод БПД займаецца выпускам жалезабетонных вырабаў, будаўніцтвам жылых дамоў, аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры і на сёння цалкам загружаны. У гэтым месяцы прадпрыемства завяршае работы па ўводу ў эксплуатацыю двух жылых дамоў у Бабруйску і Асіповічах, у наступным месяцы плануецца ўвод двух жылых дамоў у Магілёве і Бабруйску. І да канца года трэба будзе здаць яшчэ тры шматпавярховіка.

Дырэктар завода Дзмітрый Максіменка адзначыў, што сустрэча атрымалася плённая. 

— Пазначылі пункты мадэрнізацыі і планы па далейшай рабоце. Спадзяюся, усё атрымаецца. Будзем і далей працаваць на вынік, — рэзюмаваў ён. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота bobruisk.gov.by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю