Асаблівасць сельскагаспадарчай ВНУ ў тым, што 70 % яе студэнтаў павінны быць мэтавікі. Сёння сельская гаспадарка развіваецца сямімільнымі тэмпамі — павялічваецца колькасць МТК з рабатызаванымі даільнымі ўстаноўкамі, укараняюцца спадарожнікавыя тэхналогіі ў земляробстве, аўтаматызуецца сельскагаспадарчая тэхніка. За кошт павышэння тэхналагічнасці заробкі ў гэтай галіне растуць. З атрыманнем жылля ў маладых спецыялістаў таксама няма праблем. Ну чым не пляцоўка для добрага кар’ернага старту? З 760 чалавек, якіх Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (БДСГА) збіраецца набраць на дзённую форму навучання, 453, як плануецца, павінны быць абітурыенты-«мэтавікі».
Стаўка на інжынераў
Сёлета ўпершыню ў БДСГА паступаюць выпускнікі інжынерных класаў.
— Праца на вёсцы становіцца лягчэйшай, яна ганаровая і цікавая, — кажа рэктар установы Віталь Веліканаў. — У сельскай гаспадарцы маладога спецыяліста хутчэй заўважаць. Парадокс: спецыяльнасці «аграном», «заатэхнік», якія запатрабаваныя ў эканоміцы краіны, не самыя папулярныя ў абітурыентаў. І гэтых кадраў не хапае. Хоць працаваць ужо не так складана, як раней. З кожным годам сельскагаспадарчая тэхніка становіцца ўсё больш дасканалай і тэхналагічнай. Мы арыентуемся на тое, каб нашы студэнты валодалі найноўшымі тэхналогіямі. Працуем у тандэме з тэхнапаркам «Горкі», дзе якарным рэзідэнтам з’яўляецца ТАА «Тэхналогіі земляробства». На базе акадэміі яны адкрылі некалькі сваіх лабараторый. Разам праводзім работу па павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў сельскагаспадарчага профілю. У нас дзейнічае больш як 40 лабараторый і цэнтраў, аснашчаных сучасным абсталяваннем. Штогод мы ўводзім у дзеянне новыя аб’екты або абнаўляем тыя, што існуюць.
Веды пацвярджаюцца практыкай
ВНУ рыхтуе спецыялістаў па ўсіх спецыяльнасцях, запатрабаваных у АПК, акрамя ветэрынарнай медыцыны.
— На кожнага выпускніка пры размеркаванні паступае тры і больш прапаноў ад прадпрыемстваў, — адзначае рэктар.
У акадэміі практыка-арыентаванае навучанне. Студэнты працуюць на розных участках — у вучэбна-доследнай гаспадарцы акадэміі, на рыбаводным комплексе, сельгаспрадпрыемствах вобласці. Да паслуг будучых аграрыяў 280 гектараў доследных палёў БДСГА, дзе вядуцца навуковыя даследаванні.
Вельмі запатрабаваныя студэнты інжынернага профілю, якія працуюць у складзе мехатрадаў. «Як толькі пачынаецца пасяўная, ідзе па некалькі заявак на аднаго юнака, — адзначае рэктар ВНУ. — Хлопцы здаюць сесію і — у поле. Яны задзейнічаныя і падчас уборачнай кампаніі, працуюць на нарыхтоўцы кармоў.
«Фішка» акадэміі — супрацоўніцтва з Расіяй і Кітаем, дзе студэнты праходзяць стажыроўкі.
— Шчыльна працуем з кітайскім Паўночна-Заходнім універсітэтам сельскай і лясной гаспадаркі, — звяртае ўвагу Віталь Веліканаў. — Некалькі гадоў запар у Горках стажыруюцца кітайскія магістранты. На нашых доследных палях выпрабоўваюцца розныя сарты кітайскай мяккай пшаніцы. Атрыманы сумесны сорт пшаніцы, які цяпер праходзіць выпрабаванне на дзяржаўным узроўні.
Свой кадр хутчэй замацуецца
Здавалася б, з такімі ўмовамі навучання, з гарантаваннем працоўнага месца знайсці чатыры сотні «мэтавікоў» з улікам аграрных класаў, якіх у маштабах краіны не адзін дзясятак, няма праблем. Але, як кажуць, ёсць нюансы.
Як сведчыць Віталь Веліканаў, толькі 20 % выпускнікоў аграрных класаў выбіраюць сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. Астатнія аддаюць перавагу іншым установам, часцей за ўсё медыцынскага профілю (у гэтых класах на ўзроўні вывучаецца хімія і біялогія). А значыць, рабіць стаўку толькі на гэты «рэзерв» не прыходзіцца.
— Дасягнуць вынікаў па мэтавай падрыхтоўцы можна толькі пры сумеснай рабоце ВНУ і заказчыка кадраў, — лічыць суразмоўнік. — Вельмі часта ў аграрныя класы ідуць дзеці больш зацікаўленыя падцягнуць хімію і біялогію, на якія тут робіцца акцэнт. Пры гэтым многія з іх далёкія думкамі ад сельскай гаспадаркі.
За кожнай кафедрай аграрнай ВНУ замацаваныя раёны, дзе выкладчыкі вядуць прафарыентацыю. Яны ездзяць у школы, упраўленні адукацыі, на злёты, у агракласы — расказваюць пра відавочныя плюсы. У «мэтавікоў» іх асабліва шмат. Акрамя таго, што яны паступаюць без экзаменаў, яшчэ і атрымліваюць бонус да стыпендыі ў выглядзе ад 5 да 10 базавых велічынь ад тых сельгаспрадпрыемстваў, куды пойдуць працаваць.— З намі добра супрацоўнічае шэраг вядомых у Беларусі сельгаспрадпрыемстваў, і з кадрамі там усё добра, — рэзюмуе Віталь Веліканаў. — Але ёсць такія, дзе з кадрамі праблема, а «мэтавікоў» да нас не накіроўваюць. Потым прыязджаюць і просяць размеркаваць спецыялістаў. Мы не супраць. Нават калі студэнт вучыцца на апошнім курсе, можам аформіць мэтавы дагавор. Але і нам, і гаспадарцы лепш, калі яны прысылаюць свайго чалавека. І ён ужо з першага года вучобы мэтанакіравана едзе на практыку ў гэту гаспадарку. Звычайна з іншых абласцей на новым месцы рэдка хто прыжывецца, а свой кадр хутчэй замацуецца.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БелТА