Так ушанавана шматгадовая плённая творчая праца вялікіх кампазітараў: Заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, народнага артыста Леаніда Захлеўнага і Героя Працы, народнага артыста Расійскай Федэрацыі Аляксандра Зацэпіна.
— Рашэнне кіраўніка дзяржавы аб прысуджэнні высокай узнагароды адразу дзвюм легендарным асобам — бясспрэчны доказ высокага прызнання іх выдатнага ўкладу ў развіццё беларускай і расійскай культур, у развіццё і захаванне фестывалю, — звярнуў увагу міністр культуры Беларусі Марат Маркаў. — Леанід Канстанцінавіч — аўтар легендарнага гімна фестывалю «Усе кветкі ліпеня», і ён дагэтуль кіруе цудоўным калектывам «Бяседа». Аляксандр Сяргеевіч сёлета адзначыў 100-гадовы юбілей. Напісаная ім музыка з’яўляецца сапраўды геніяльнай, многія яго песні народ ведае назубок.

Цёпла і пранікнёна гаварыла пра абодвух кампазітараў вядучая Алена Спірыдовіч. Яна заўважыла, што мелодыі Аляксандра Зацэпіна, як добрыя сябры, заўсёды падставяць надзейнае плячо. Нагадала, што Леанід Захлеўны нарадзіўся на Віцебшчыне, ён увасабляе голас роднай зямлі.
Сапраўды, хіба мы не спяваем знакамітыя зацэпінскія «Ёсць толькі імгненне», «Размову са шчасцем», «Песеньку пра мядзведзяў», «Куды сыходзіць дзяцінства»? Памятаем і грамадзянскую лірыку Захлеўнага «Азёры дабрыні», «Зямля мая», кранальную «Маміну вішню», жартаўлівую «Песеньку Дзеда-Барадзеда», на развітанне зацягваем «Чарку на пасашок». Калі песня можа аб’яднаць людзей, перадаецца з вуснаў у вусны, як народная творчасць, гучыць і каля сяброўскага вогнішча, і з вялікай сцэны, яна пацвярджае талент аўтара.
— Шчаслівы лёс склаўся ў маёй песні «Усе кветкі ліпеня», — адзначыў Леанід Захлеўны. — Яна пісалася лёгка, натхнёна, шчыра і гучыць на ўсіх фестывалях. Я наогул стараюся пісаць усе песні на адным дыханні... Думаю, у гэтай зорцы ёсць часцінкі маіх настаўнікаў, якія навучылі мяне не толькі пісаць музыку, але і любіць беларускую зямлю. На ёй жывуць таленавітыя людзі, якія гэтак жа з душой працуюць.
І вось урачысты момант: покрыва знята з памятных пліт з выявай васількоў-нот, імён і прозвішчаў уганараваных мэтраў музыкі. Ім — кветкі, віншаванні, словы падзякі за бессмяротныя меладычныя падарункі. А наведвальнікі Плошчы лаўрэатаў прэміі «Праз мастацтва — да міру і ўзаемапаразумення» могуць прыйсці, прыпыніцца каля імянных васількоў, успомніць свае сустрэчы з тымі, хто пакінуў свой след у гісторыі «Славянскага базару». Кампанія тут сабралася выдатная!
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота БелТА