Жанчына з Мсціслава скрала ў сваёй школьнай сяброўкі 300 долараў.
Менавіта так яна аддзячыла сваёй знаёмай з Магілёва, у якой гасціла некалькі дзён разам з сынам. Грошы зніклі ў той дзень, калі госці паехалі дадому. Ахвяра падману спрабавала начыстую пагутарыць з аднакласніцай, але яе тэлефон не адказваў. На наступны дзень, так і не дачакаўшыся раскаяння ад сваёй былой аднакласніцы, пацярпелая звярнулася ў міліцыю.
— Пры аглядзе кватэры эксперт-крыміналіст выявіў сляды рук на дзверцах шафы і паліцы, дзе пацярпелая хавала канверт з доларамі, — расказала афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці Ірына Рачкоўская. — Па выніках судовай дактыласкапічнай экспертызы, праведзенай Магілёўскім міжраённым аддзелам Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, устаноўлена, што след далоні пакінуты госцяй з Мсціслава. У той жа дзень праваахоўнікі выйшлі на фігурантку, але долараў у яе не аказалася. Яна патлумачыла, што першыя 100 долараў яна абмяняла яшчэ ў Магілёве, а яшчэ 200 — у Мсціславе.
Жанчына прыцягнутая да крымінальнай адказнасці. Суд Кастрычніцкага раёна горада Магілёва вынес ёй прысуд у выглядзе аднаго года пазбаўлення волі ўмоўна. Акрамя гэтага яна павінна пакрыць матэрыяльныя страты пацярпелай.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва упраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці