Top.Mail.Ru

Аб чым дэпутаты гаварылі з жыхарамі Обалі

Больш за тры гадзіны доўжылася сустрэча прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса ўсіх узроўняў з жыхарамі Обалі. Гарадскі пасёлак Обаль Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці з’яўляецца монапасёлкам, горадаўтваральнае прадпрыемства якога — ААТ «Обальскі керамічны завод». Тут занята каля 190 чалавек — значная частка насельніцтва працаздольнага ўзросту, і ад становішча спраў на ОКЗ у значнай ступені залежыць настрой насельніцтва і вектары развіцця «калязаводскіх» арганізацый, уключаючы сацыяльныя.


— Сустрэча ў Обалі стала не проста візітам, а канструктыўным дыялогам аб рэальнай будучыні пасёлка, — адзначыў член Савета Рэспублікі Глеб Лапіцкі, які ўдзельнічаў у сустрэчы. — Вынікі гэтай работы будуць садзейнічаць далейшаму пераўтварэнню Обалі. Усе разам мы павінны працаваць для таго, каб не ваяваць.

Удзельнікі сустрэчы агледзелі кожны куток гарпасёлка — ад устаноў адукацыі, культуры да аб’ектаў сацыяльнай сферы, каб выявіць пункты росту і патэнцыял для далейшага развіцця Обалі.

Пытанні стварэння новых прадпрыемстваў, мадэрнізацыі і развіцця існуючых вытворчасцяў, вырабу новых відаў прадукцыі занялі асаблівае месца ў інфармаванні насельніцтва. Обальскія актывісты ў сваю чаргу ўзнімалі ўзаемазвязаныя пытанні замацавання моладзі ў пасёлку, павышэння ўзроўню заработнай платы, медыцынскага абслугоўвання, развіцця гандлёвай сеткі, адкрыцця пункта грамадскага харчавання, стварэння ўмоў для баўлення вольнага часу.

Балючая праблема — стан вулічна-дарожнага пакрыцця і дваровых тэрыторый, таму ў найбліжэйшай перспектыве першачарговая ўвага будзе ўдзяляцца менавіта гэтаму пытанню. У планах — рамонт праезнай часткі і пешаходнай дарожкі на цэнтральнай вуліцы Вышалескага, тэрыторый шматпавярховых дамоў, рамонт іх фасадаў.

Замест нерацыянальнага ўкладання вялізных сродкаў у капітальны рамонт мясцовай участковай бальніцы прапаноўваецца пабудаваць модульны фельчарска-акушэрскі пункт — гэта выйдзе значна танней і дазволіць аказваць медыцынскія паслугі на належным узроўні.

Жыхароў запрасілі не быць пабочнымі гледачамі, а ўключацца ў працэс пераўтварэння свайго гарпасёлка, каб змяніць жыццё ў ім да лепшага. Мясцовая ж улада павінна весці інфармацыйную і тлумачальную работу з насельніцтвам, каб людзі ведалі, што намечана зрабіць у тых мясцінах, дзе яны працуюць, будуюць дамы і сем’і, гадуюць дзяцей, каб у іх памяняўся настрой і адносіны да жыцця на малой радзіме.

Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю