Top.Mail.Ru

3 кастрычніка старэйшая аграрная ВНУ краіны прымае віншаванні з 185-годдзем

Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія стала роднай альма-матар для больш чым 110 тысяч выпускнікоў. Сярод іх шмат дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў, вучоных. І самы вядомы выпускнік акадэміі — Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Быць уладальнікам дыплома гэтай ВНУ заўсёды было вельмі ганарова і прэстыжна. Тут заўжды трымаюць марку і ідуць у нагу з часам.


Аб тым, што былых студэнтаў не бывае, сведчыць вялікая колькасць гасцей, якія пачалі прыязджаць у Горкі яшчэ напярэдадні святкавання. 

— Вельмі радасна, што да нас прыехала столькі людзей,— падзяліўся меркаваннем рэктар БДСГА Віталь Веліканаў. — Болей чым 200 чалавек завітала да нас з Беларусі, Расіі, Кітая, Узбекістана... Сярод іх — кіраўнікі прадпрыемстваў, раёнаў... Шмат віншаванняў прыходзіць з-за мяжы. У нас звыш 160 дагавораў аб супрацоўніцтве з рознымі ВНУ, навукова-даследчымі ўстановамі з усяго свету. Нам ёсць чым ганарыцца. Пры дапамозе дзяржавы, нашых выпускнікоў, партнёраў за апошнія пяць гадоў у акадэміі з’явілася шмат чаго новага — адкрытыя лабараторыі, цэнтры, якія павышаюць узровень практыка-арыентаванай падрыхтоўкі па ўсіх спецыяльнасцях, запатрабаваных у АПК і не толькі. Вялікую ўвагу ВНУ ўдзяляе падрыхтоўцы спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі, развіваецца студэнцкая навука. На базе акадэміі працуе тры Саветы па абароне дысертацый. Асноўныя кірункі — біялагічны, інжынерны і эканамічны. За апошнія гады было абаронена каля 50 кандыдацкіх дысертацый і каля дзясятка доктарскіх. Амаль 62 % прафесарска-выкладчыцкага складу маюць вучоную ступень пры сярэднім паказчыку па краіне 45 %.

На высокім ўзроўні вядзецца міжнародная дзейнасць. У акадэміі праходзяць вучобу прадстаўнікі Кітая, краін Афрыкі. Акрамя гэтага наладжана сумесная праектная дзейнасць з Расіяй, Кітаем, якія ўдзельнічаюць ў суфінансаванні. 

Вялікую ўвагу ВНУ ўдзяляе дакладнаму земляробству — укараненню лічбавізацыі ў сельскую гаспадарку. На базе акадэміі функцыянуе адзіны ў структуры Міністэрства сельскай гаспадаркі «Тэхнапарк «Горкі». Адзін з асноўных яго рэзідэнтаў — кампанія «Тэхналогіі дакладнага земляробства» — лідар у развіцці гэтай новай галіны ў краіне. 

На базе акадэміі павышаюць кваліфікацыю кіраўнікі не толькі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, але і канструктарскіх бюро, інжынеры флагманаў машынабудавання — «МТЗ», «Гомсельмаша». 

Паралельна ствараюцца ўмовы для ўсебаковага развіцця студэнтаў. У іх цудоўныя бытавыя ўмовы, ёсць магчымасць рэалізаваць сябе у пазавучэбны час. Можна прысвяціць сябе навуцы, творчасці, спорту, валанцёрскай дзейнасці. 

Юбілейны год праходзіць у ВНУ святочна, з мноствам розных мерапрыемстваў, прысвечаных даце. Сёння тут будзе асабліва ўрачыста. У Палацы культуры адбудзецца пашыранае пасяджэнне Савета акадэміі і вялікі канцэрт, прысвечаны 185-годдю, запланавана адкрыццё інтэрактыўнай Дошкі гонару і сімвалічнай кованай чатырохметровай кампазіцыі ў выглядзе снапа і раскрытай кнігі са словамі гімна. 

Гулянні працягнуцца на плошчы каля Палаца культуры, куды акадэмія запрашае ўсіх — студэнтаў, гасцей, гараджан. На вялікім святочным мерапрыемстве будзе магчымасць паслухаць выступленне кавер-груп, убачыць папулярных ды-джэяў, патанчыць на дыскатэцы, захапіцца фаер-шоу. Завершацца гулянні святочным салютам. 

— Акадэмія вельмі ўдзячная ўсім за ўвагу і віншаванні, якія прыходзяць да нас няспынным патокам, — кажа Віталій Веліканаў. — Мы ганарымся нашымі выпускнікамі і самым вядомым з іх — Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта прымушае нас трымаць высокі статус. І мы пастаянна працуем над тым, каб адпавядаць яму. Нашу акадэмію многія метафарычна называюць караблём. Мы робім усё для таго, каб гэты карабель заўсёды ішоў вывераным курсам і на высока паднятых поўных ветразях.

Нэлі ЗІГУЛЯ

«Звяздоўцы» далучаюцца да шматлікіх віншаванняў і жадаюць акадэміі плёну ў падрыхтоўцы якасных кадраў для нашай краіны

Чытайце таксама: Як адаптуюцца да студэнцкага жыцця першакурснікі Віцебскай ветакадэміі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю