Апошняя нядзеля студзеня 2025 года вызначыла будучыню Беларусі. І гэта зрабілі мы — беларусы. Мы прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, каб выбраць кіраўніка сваёй дзяржавы. Як мы гэта рабілі — у рэпартажах уласных карэспандэнтаў «Звязды» з розных рэгіёнаў.
«За мірнае неба»
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык: «Вельмі важна, што выбары праходзяць у добрым настроі. Прыемна адзначыць, што актыўнасць праявіла моладзь».
На выбарчым участку № 1 Ленінскага раёна Брэста зранку было шматлюдна. Участак размяшчаецца ў Брэсцкім музычным каледжы імя Р. Шырмы, асаблівая атмасфера адчувалася адразу каля ўваходу. Настрой ствараў народны ансамбль цымбалістаў «Лілея».
Цудоўныя беларускія мелодыі выконвалі навучэнкі каледжа Лізавета Качаноўская, Вікторыя Фацеева і Аляксандра Бесан. Іх кіраўнік Таццяна Літвінчук сказала карэспандэнту газеты, што дзяўчаты вельмі адказна падышлі да гэтага даручэння, старанна рыхтаваліся, таму не дзіва, што кожны, хто заходзіць, найперш усміхаецца.
Усміхнулася і Таццяна Безік, якая зайшла выканаць свой грамадзянскі абавязак. Таццяна Аляксандраўна сказала, што жыве ў гэтым раёне даволі доўга, заўсёды галасуе на гэтым участку, стараецца прыходзіць у асноўны дзень галасавання, таму што абстаноўка ўрачыста-святочная, шмат людзей: «Во як цяпер, музыка бадзёрая, адразу настрой узнімаецца. А галасую я за мірнае неба, за стабільнасць. Гэта лічу самым галоўным на сёння».
Высокая дзяўчына са спартыўнай паставай аказалася нападаючай валейбольнага клуба «Брэст». Элізабета Лёгкая нядаўна адсвяткавала 18-годдзе і прыйшла на выбарчы ўчастак упершыню. Дзяўчына сказала наступнае: «Галасую за мір і далейшае развіццё спорту ў нашай краіне. Для мяне важна, што мой голас таксама нешта значыць ў справе вызначэння далейшага лёсу краіны».
— Учора скончылася датэрміновае галасаванне, як і ў цэлым па рэспубліцы, на нашым участку больш за 40 працэнтаў выбаршчыкаў аддалі свае галасы датэрмінова — сказаў журналістам старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Сяргей Літвінчук. — Сёння таксама ідуць у асноўным сем’ямі, выбарчы працэс ажыццяўляецца спакойна, добразычліва. У нас зарэгістравана 1693 выбаршчыкі, 25 з іх галасуюць упершыню. Для апошніх падрыхтаваны сувеніры, валанцёры ад БРСМ віншуюць маладых выбаршчыкаў. На ўчастку працуе буфет, арганізаваны выязны гандаль адзеннем і сувенірамі з нацыянальнай сімволікай.
На ўчастку пад нумарам 1 выканаў свой грамадзянскі абавязак і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык. Пасля працэдуры галасавання кіраўнік вобласці ў размове з журналістамі назваў сённяшнюю падзею святам для ўсіх нас: «Сёння мы вызначаем будучае развіццё нашай краіны. І вельмі важна, каб тое, што мы рабілі 30 гадоў, мела лагічны працяг. Мы добра папрацавалі ў мінулым годзе: і краіна ў цэлым, і Брэсцкая вобласць. Захоўваецца станоўчая дынаміка развіцця. Губернатар дадаў, што для развіцця краіны важны ўклад кожнага рэгіёна: «Брэсцкая вобласць мае намер ствараць новыя кропкі росту. Спыняцца на дасягнутым не збіраемся».
— Вельмі важна, што выбары праходзяць у добрым настроі — працягваў Пётр Пархомчык. — І паводле папярэдняй аператыўнай інфармацыі, па стану на 10 гадзін раніцы выбары ў Брэсцкай вобласці адбыліся, каля 51% грамадзян выканалі свой грамадзянскі абавязак. Прыемна адзначыць, што актыўнасць праявіла моладдзь. У вобласці налічваецца 12267 выбаршчыкаў, якія па ўзросту галасуюць упершыню. Дык вось 8237 з іх прагаласавала датэрмінова. З гэтага я раблю выснову, што будучыня нашай краіны, і нашай вобласці ў надзейных руках.
Узрост — не перашкода
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко: «Свой голас аддаў за будучыню Беларусі, дзе кожны яе жыхар з гонарам гаворыць: добра там, дзе мы ёсць».
Як правіла, па месцы жыхарства галасуюць не проста пенсіянеры, а людзі састарэлага ўзросту, якія па стане здароўя не могуць прыйсці на свой выбарчы ўчастак. У Гомелі ў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адным з тых, хто прагаласаваў дома, стаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Павел Гурыновіч. Паўлу Якаўлевічу праз два тыдні споўніцца 102 гады і ён заўжды абавязкова галасуе. Па месцы жыхарства ветэран пераносную апламбаваную скрыню для галасавання даставілі намеснік старшыні і член ўчастковай камісіі па выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь участка для галасавання № 187 г. Гомеля Аксана Агіевіч і Алена Цішкова.
— Галасую за добрае жыццё для беларусаў, за дабрабыт людзей і за тое, каб не было вайны, — так свой выбар абгрунтаваў Павел Якаўлевіч Гурыновіч.
У свае 98 гадоў поўны рашучасці выканаць свой грамадзянскі абавязак — прагаласаваць па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — гамяльчанін Навум Львовіч Каплан. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны больш за сорак гадоў жыцця аддаў службе ў пагранічных войсках: на Далёкім Усходзе і Запаляр’і. З 1982-га года Навум Каплан жыве ў Гомелі і не прапускае ні адну выбарчую кампанію. Хоць па стане здароўя ветэран не змог асабіста прыйсці ўчастак, але вельмі рады магчымасці прагаласаваць на даму.
Членаў участковай камісіі па выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь участка для галасавання № 151 г. Гомеля Фёдара і Алену Гарэленкаў ветэран сустрэў у парадным мундзіры, пры ўсіх узнагародах.
— Мы жывём ў шчаслівы час, калі наш кіраўнік дзяржавы, урад робяць усё магчымае для таго, каб наша маладая дзяржава была лепшай у свеце. Мы жывём у міры, усім забяспечаны, наша моладзь бясплатна вучыцца, у нас бясплатная медыцына. Я вельмі рады, што мой дом — Беларусь, — падзяліўся ветэран.
Як і на выбарчым участку, так і ў хатняй абстаноўцы, упэўнены падпалкоўнік ў адстаўцы, — удзел у выбарах — урачысты момант і, сапраўды, свята для жыхароў усёй краіны.
«За святло, за сумленнасць»
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік: «У нас яшчэ шмат работы. І калі мы будзем разам — зможам забяспечыць светлую будучыню для новых пакаленняў беларусаў».
Ранішняя служба ў Свята-Раства-Багародзічным стаўрапігіальным жаночым манастыры завяршылася каля апоўдні. У гэты ж час сюды прыбыла гарадская выязная выбарчая камісія з усімі неабходнымі для працэдуры атрыбутамі.
Перад пачаткам галасавання выступілі ўдзельнікі дзіцячага і дарослага хору, што стварыла вельмі душэўны і патрыятычны настрой. Прагучала і музычная кампазіцыя ў выкананні гродзенскай скрыпачкі Веры Ражко. Яна студэнтка маскоўскай кансерваторыі, але прыехала спецыяльна для таго, каб прыняць удзел у электаральнай кампаніі. Перад тым, як пайсці на свой выбарчы ўчастак, яна завітала ў манастыр і выканала яскравую беларускую польку. Многія прыхажане таксама накіраваліся пасля службы на свае выбарчыя ўчасткі.
Між тым у манастырскім пакоі ўсё падрыхтавана для працэдуры галасавання. На стале стаіць скрыня, раскладзены выбарчыя бюлетэні, падрыхтаваны спіс усіх выбаршчыкаў. Тут іх каля дваццаці чалавек. Ігумення Гаўрыіла бласлаўляе працэдуру словамі: «Будзем аддаваць свае галасы, за святло, за сумленнасць, за чысціню, за будучыню». І сама першай ажыццяўляе сваё грамадзянскае права. Затым да працэдуры галасавання далучаюцца ўсе насельніцы манастыра, святары з сем’ямі.
— Кожная электаральная кампанія ў нас праходзіць з удзелам нашага нядзельнага хора, вось і зараз яны сваімі песнямі задалі настрой, бо гэтыя песні прысвечаны нашай Беларусі. Я, хоць і манахіня, але таксама знаходзілася ў тоне гэтых музычных нумароў, радавалася разам з імі. Для мяне, як чалавека савецкай эпохі, выбары заўсёды свята, хоць я тады і не прымала ў іх удзел. Я памятаю пах і тых піражкоў, і пончыкаў, музыка грае, усе вясёлыя. Гэта сапраўднае свята і разам з тым адказнасць. Таму перад тым, як скласці спіс нашых пастаянных выбаршчыкаў, я заўсёды пытаю тых, хто прыйдзе галасаваць: вам добра жывецца? У вас ёсць дах над галавой, не чуваць выбухаў? Ёсць адноўлены храм, куды могуць прыходзіць нашы вернікі, мы маем свой зямельны ўчастак. Усё гэта трэба ўлічваць, каб зрабіць правільны выбар, — зазначыла настаяцельніца манастыра.
Яна паведаміла, што падчас службы заўсёды чытаецца спецыяльная малітва за тых, хто знаходзіцца ва ўладзе, ухваляецца і воінства і набожны народ. Такая малітва прысутнічае як на ранішнім, так і на вячэрнім багаслужэнні.
«Для Беларусі гэта важна, бо мы маем суцэльную краіну, прыгожую, утульную. Гэта наш кавалачак зямлі, які мы нікому не павінны аддаць. Хоць гэта няпроста ў наш час, для гэтага трэба прыкласці шмат намаганняў. Таму сённяшні выбар — гэта не проста фармальнасць. Гэтым самым чалавек выбірае сваю будучыню. І нават не для сябе, а для сваіх нашчадкаў. Каб у іх былі сапраўдныя сем’і, была дабрыня, чысціня», — падкрэсліла ігумення Гаўрыіла.
Настаяцельніца займае актыўную жыццёвую пазіцыю. Яна — удзельніца трох Усебеларускіх народных сходаў, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне». Яе імя летась занесена ў Кнігу славу Гродзенскай вобласці.
«Для мяне гэта вельмі адказна»
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін: «Прыходзіць на выбарчы ўчастак разам з сям’ёй стала традыцыяй. Пераемнасць пакаленняў павінна быць у кожнай беларускай сям’і».
Да акцыі «Твой голас першы» далучылася моладзь Віцебскай ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. У ліку тых, хто аддаў свой голас упершыню, Цімафей Марозаў, студэнт факультэта ветэрынарнай медыцыны. Малады чалавек падзяліўся, што прыйсці на выбары — гэта абавязак кожнага, хто клапоціцца аб будучыні Беларусі. Фірменную цішотку з лагатыпам акцыі хлопец адразу адзеў, каб і яго сябры хутчэй спяшаліся на выбарчы ўчастак.
«Я ўпершыню ўдзельнічаю ў выбарах Прэзідэнта. Для мяне гэта вельмі адказна і хвалююча. Цішотку абавязкова захаваю на памяць аб гэтай знамянальнай падзеі і калі-небудзь абавязкова пакажу дзецям», — паабяцала студэнтка таго ж факультэта Маргарыта Хазеева.
У асноўны дзень галасавання яўка моладзі паўночнага рэгіёна дасягнула максімальнай актыўнасці. У сярэдніх школах № 45 горада Віцебска, № 11 Оршы і № 10 Полацка актывісты райкамаў БРСМ дарылі памятныя падарункі тым, хто ўпершыню праявіў сваю грамадзянскую пазіцыю.
З разлікам на стабільнасць
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка: «Сёння ў нас ёсць усе магчымасці для таго, каб расціць дзяцей пад мірным небам. Гэта вельмі важна разумець, каб зрабіць правільны выбар».
Адзін з самых вялікіх участкаў у Магілёве размясціўся ў школе № 24 імя К. Сіманава. Яна толькі летась расчыніла свае дзверы. У школе вучыцца больш чым 1000 дзяцей. Участак для галасавання № 84 створаны тут упершыню — для 2375 выбаршчыкаў.
— Мікрараён наш малады, вельмі шмат маладых сем’яў, якім не абыякава, у якой краіне ім жыць і расціць дзяцей, — адзначыла дырэктар школы Людміла Здорыкава. — Мы выбіраем будучае сваёй краіны, тую Беларусь, у якой, у першую чаргу, самі жадаем жыць. Наша краіна мірная, светлая, квітнеючая і любімая. На гэтых выбарах вельмі адчуваецца моц адзінства. Людзі як некалі згуртаваныя.
У асноўны дзень выбараў ужо з 8 гадзін раніцы на ўчастак ідуць людзі, к 11.00 колькасць прыкметна павялічваецца. Шмат хто прыходзіць сем’ямі, нават з немаўляткамі. Як, напрыклад, Іна і Яўген, якія завіталі на ўчастак разам з чатырохмесячным Арцёмам. Пакуль ён мірна сапеў у калясцы, яго бацькі прагаласавалі, як яны адзначылі, з добрым, грамадзянскім настроем.
Асаблівасць участка яшчэ і ў тым, што ён адзіны ў вобласці, дзе могуць галасаваць беларусы, якія пастаянна пражываюць за мяжой.
—Некалькі такіх выбаршчыкаў наведала нас падчас датэрміновых выбараў, — адзначыла старшыня выбарчай камісіі ўчастка для галасавання № 84 Алена Кальцова. — Гэта ўсе жанчыны, іх бацькі жывуць у Магілёве. Яны асэнсавана прыйшлі на выбары з харошым пасылам. І ехалі ў Беларусь з мэтай прагаласаваць.
Як адзначае старшыня выбарчай камісіі, актыўнасць сярод выбаршчыкаў назіраецца высокая. У першы дзень прагаласавала парадку 9%, а ў цэлым за перыяд датэрміновага галасавання 926 чалавек — 33% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў.
— Цікава назіраць за татамі, якія прыводзяць непаўналетніх дзяцей і тлумачаць дзе што знаходзіцца, — расказвае Алена Кальцова. — Усе вельмі культурныя, вітаюцца. Людзі адкрытыя. Адзін малады чалавек з упершыню галасуючых нават папрасіў сфатаграфавацца. Было прыемна.
Паколькі ўчастак вялікі, склад выбарчай камісіі тут максімальны — 19 чалавек. Гэта работнікі школы і Магілёўскага філіяла РУП «Белтэлекам». Алена Кальцова, напрыклад, супрацоўніца «Белтэлекама». За працэсам галасавання сочаць назіральнікі ад партый і грамадскіх арганізацый, выбраныя шляхам збору подпісаў і ад працоўных калектываў, міжнародныя ад Міжпарламенцкай Асамблеі СНД. У асноўны дзень выбараў міжнародныя назіральнікі наведаліся яшчэ да пачатку работы камісіі, прысутнічалі пры апячатванні урн для галасавання.
Першыя, каго сустракаюць на сваім шляху выбаршчыкі — гэта валанцёры. Арцём, Ангеліна вучні 10 класа з патрыятычным ухілам. Расказваюць, што на падрыхтоўчых занятках азнаёміліся з правіламі аказання першай медыцынскай дапамогі, як звяртацца да людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Валанцёрства падчас выбараў гэта іх першы вопыт, але, як удакладняе Арцём, нічога складанага ў гэтым няма. Затое вельмі ганарова.
Упершыню галасуючых на ўчастку 55 чалавек. Датэрмінова з іх прагаласавала 18. Ім уручаюць падарункі — кнігу «Сімвалы суверэннай Беларусі», значок і ад БРСМ футболкі з надпісам «Мой голас ПЕРШЫ».
У асноўны дзень выбараў падарункі атрымала ўпершыню прагаласаваўшая Насця. На выбары яна прыйшла разам са сваімі сямейнікамі. Усміхаецца, што падзея для яе вельмі знамянальная. Настрой добры, прызнаецца, што галасуе за светлае будучае нашай краіны і мірнае неба над галавой. Насця — са шматдзетнай сям’і, яна старэйшая з чатырох дзяцей.
— Мы вырашылі прыйсці ўсе разам, каб падтрымаць нашу Насцю, — кажуць яе бацькі Барыс і Вольга. — Прычым, вось так, разам з усімі дзецьмі, прыйшлі на выбарчы ўчастак упершыню. Вельмі заклапочаны тым, каб быў мір у Беларусі. Краіна ў нас добрая, стабільная. Ёсць жыллё, работа, годная зарплата.
Марына прыйшла прагаласаваць з сынам пяцікласнікам Дзімай і дачкой трэцякласніцай Насцяй.
— Гэта наша школа, наш дом непадалёк — кватэру некалькі гадоў таму пабудавалі, — удакладняе маладая жанчыны. — Мы вельмі задаволены, што і дом новы, і школа побач, не трэба далёка хадзіць. Новая школа выключная, выкладчыкі прафесіяналы сваёй справы. Дзякуй дзяржаве за клопат. У сям’і наогул трое дзетак. Наш тата міліцыянер, прагаласаваў датэрмінова, у асноўны дзень выбараў заняты на іншым участку. Старэйшы сын вучыцца ў каледжы, яму яшчэ 16 гадоў, гасціць у бабулі. Усе мы вельмі даражым тым, што маем, галоўнае, каб у краіне быў мір.
Дарэчы, для дзяцей валанцёры падрыхтавалі невялічкія сюрпрызы. У талерачцы паперкі з пытаннямі, хто адкажа правільна — таму салодкі прыз. Школьнікі з задавальненнем правяраюць свае веды.
Ірына Аляксандраўна, пакуль яе сын спрабуе выйграць прыз, прызнаецца, што выбары вельмі важная ў яе сям’і падзея. Для яе асабіста — гэта гарантыя стабільнасці і бяспекі. Дзень выбараў супаў з днём народзінаў яе старшай дачкі. Разам з сынам пайшлі выбіраць падарунак, а перад гэтым зайшлі на выбарчы ўчастак.
Атмасфера на выбарчым участку святочная. На стэндзе, як і трэба, размешчаны праграмы кандыдатаў у дэпутаты, але людзі ідуць ужо мэтанакіравана за бюлетэнем, ведаючы, каму аддаюць свой голас.
З 12.00 выбары праходзяць у школе ў суправаджэнні культурнай праграмы. З творчымі нумарамі выступаюць навучэнцы школы, супрацоўнікі Магілёўскага філіяла РУП «Белтэлекам», юныя магіляўчане.
Народ з задавальненнем наведвае буфет. Чаго тут толькі няма — фаршыраваныя шчупак і курыныя ножкі, рыба ў цесце, драныя бульбяныя аладкі з мясам, блінцы, выпечка на любы густ — м-м-м як смачна.
— Гатаваў наш камбінат школьнага харчавання, — адзначае адказная за арганізацыю абслугоўвання Ніна Марчанка. — Асартымент вельмі вялікі — болей 30 найменняў, усё ўласная прадукцыя. Гатавалі ад душы, з любоўю. Такі адказны дзень, мы вельмі стараліся. Мы адзіны народ, у нас адны мэты і задачы. Вельмі прыемна, што людзі прыходзяць з настроем, усміхаюцца.
Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА, Наталлі КАПРЫЛЕНКІ, Маргарыты УШКЕВІЧ, Нэлі ЗІГУЛІ, Віктара ІВАНЧЫКАВА, vіtbіchі.by, БелТА