У міжнародным навуковым часопісе Ichnos, прысвечаным аднаму з напрамкаў палеанталогіі — іхналогіі, былі апублікаваны вынікі даследавання, праведзенага кітайскімі палеантолагамі, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Згодна з прадстаўленымі вынікамі, у пекінскім раёне Мэньтоўгоу былі выяўлены першыя ў Азіі сляды земнаводных, якія адносяць да сярэднеюрскага перыяду (з 174,1 млн. да 163,5 млн. гадоў таму назад).
Гэтая знаходка запаўняе прабел у вывучэнні выкапняў слядоў юрскага перыяду не толькі ў Кітаі, але і ва ўсёй Азіі, падаючы ўнікальныя дадзеныя аб палеагеаграфіі, экасістэмах і біяразнастайнасці Паўночнага Кітая той эпохі.
Першаадкрывальнікам унікальных закамянеласцяў стаў 12-гадовы Ні Цзінчэнь. Цікавасць да палеанталогіі ў хлопчыка абудзілася ў 5 гадоў, калі бацькі падарылі яму закамянеласці трылабіту. З тых часоў ён штогод у суправаджэнні бацькоў здзяйсняе больш за 20 экспедыцый і сабраў калекцыю са звыш 8000 закамянеласцяў, знойдзеных як самастойна, так і набытых.
11 студзеня 2025 года на схіле ў раёне Мэньтоўгоу Ні Цзінчэнь заўважыў пліту з незвычайнымі адбіткамі. Ён апублікаваў фота ў сацсетках, што прыцягнула ўвагу дацэнта Кітайскага ўніверсітэта геанавук Сін Ліды. Сумесная экспедыцыя пацвердзіла: сляды даўжынёй усяго 1,5 см і 1,1 см прыналежаць старажытным саламандрам — гэта першае навукова апісанае сведчанне знаходжання амфібій у юрскім перыядзе на тэрыторыі Азіі.
«Гэтае адкрыццё пачалося з уважлівасці і назіральнасці школьніка, — падкрэсліў Сін Ліда. — Гісторыя Зямлі часам схавана ў драбнюткіх слядах на камянях, якія нас атачаюць, і чакае сваіх дапытлівых даследчыкаў».
Сам юны палеантолаг не збіраецца спыняцца: «Я працягну вывучаць палеанталогію і мару прысвяціць ёй сваё жыццё».