Зусім хутка сюды завітаюць наведвальнікі купальскага свята «Александрыя прымае гасцей», якія праездам будуць рухацца да фестывальнай лакацыі. А яшчэ праз некалькі месяцаў Шклоў стане сталіцай фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі Магілёўскай вобласці «Дажынкі». Карэспандэнты «Звязды» паназіралі, як сёння мяняецца аблічча горада.
У курс справы ўводзіць намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама Міхаіл Паўловіч, які курыруе камунальную сферу. Работы пачаліся яшчэ ў сакавіку. У іх задзейнічаныя раённы «Жылкамгас», ПМК № 2 і шэраг падрадчыкаў, у тым ліку з найбліжэйшых раёнаў. Ужо выкананы капітальны рамонт двухпавярховага дома па вуліцы 70 гадоў Вялікай Перамогі, яшчэ тры знаходзяцца ў рабоце, вядзецца бягучы рамонт 29 дамоў. Будынкі набываюць яркія сакавітыя колеры. Разам з абнаўленнем дамоў добраўпарадкоўваюцца дваровыя тэрыторыі. У плане іх больш чым 30. У рамках падрыхтоўкі да свята абновіцца гасцініца «Родничок». Плануецца асучасніць стойку рэгістрацыі, абнавіць мэблю ў нумарах і зрабіць бягучы рамонт усяго будынку.
У якасці падарунка да свята для юных шклаўчан будуць зроблены чатыры дзіцячыя пляцоўкі ў Шклове і адна ў аграгарадку Гарадзец. Дзве з іх — у аграгарадку і ў Шклове па вуліцы Маладзёжная, 4 — ужо працуюць.
На 21 вуліцы Шклова адбылася замена асфальту. Увага ўдзяляецца не толькі аўтадарогам, але і тратуарам. Інтэнсіўна ідуць работы ў гарадскім парку. Для шклаўчан гэта адно з сакральных месцаў горада, якім яны ганарацца. Некалькі стагоддзяў таму яго заклаў расійскі генерал Сямён Зорыч, якому належалі гэтыя землі. Двойчы ў Шклове гасціла расійская імператрыца Кацярына Вялікая. Падчас сваіх прагулак па парку яна любавалася прыгожай таполяй, якая дагэтуль радуе вока мясцовых жыхароў і гасцей. Кажуць, што ёй не менш чым 300 гадоў. Каб яе ахапіць, патрэбны тры або чатыры чалавекі. Сёлета парк стане яшчэ больш функцыянальным для наведвальнікаў. Тут вядзецца замена старой (савецкіх часоў) вялікай пліткі на новую — дробнаштучную. З’явяцца новая дзіцячая і спартыўная пляцоўкі, канатны гарадок, будзе ачышчана сажалка.
Адначасова вядзецца азеляненне горада. Летась «Жылкамгас» разам з іншымі арганізацыямі і насельніцтвам высадзіў больш чым 1000 дрэў лісцевых парод і туй.
На радасць дзецям і палёгку дарослым у спякотны летні дзень насупраць райвыканкама запрацаваў фантан. Прычым без нейкай там ёмістасці — струмені б’юць наўпрост з роўнай паверхні. З пункту гледжання гігіены вельмі зручна і экалагічна. Вакол сквер, шмат зеляніны. Прыемна пасядзець у цяньку і падыхаць свежым паветрам. Дарэчы, ідэю з фантанам прапанаваў старшыня райвыканкама Сяргей Барташ.
— Будаўніцтва фантана пачалося летась, а сёлета ён працуе ўжо з мая, — удакладніў намеснік старшыні.
Горад стане больш асветленым. Мясцовая ўлада ўлічыла і пажаданні гараджан, якія скардзіліся на недахоп святла.
Вядуцца работы і каля Дома культуры, які стане цэнтрам падзей на свяце «Дажынкі». У райвыканкаме паведамілі, што будзе зроблены рамонт будынка, закуплена новае сцэнічнае абсталяванне і добраўпарадкавана прылягаючая да ўстановы плошча.
Кардынальна змяніўся мікрараён Сельгастэхнікі. Старыя будынкі там знесены, пабудаваны новыя — модульныя. Добраўпарадкоўваецца прылягаючая тэрыторыя. З’явілася новая дарога, адкрылася крама «Святлафор». Мікрараён істотна папрыгажэў і стаў больш зручным для жыцця.

У рабоце новы ўязны знак, які з’явіцца на ўездзе з боку Магілёва. Гэта будзе стэла з гербам і арнаментам у 3D-выкананні з падсветкай.
— У плане мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні Шклова да правядзення абласнога фестывалю-свята больш чым 120 аб’ектаў толькі камунальнай сферы, не кажучы пра сацыяльную сферу і культуру, — удакладняе Міхаіл Паўловіч. — Асноўныя работы плануецца завяршыць прыкладна да першага жніўня.
Разам з галоўным спецыялістам аддзела ЖКГ Шклоўскага райвыканкама Андрэем Барадаценка інспектуем ход работ па вуліцы Савецкай. Яна адна з цэнтральных у горадзе.
— Асабліва шмат сёлета рамантуецца дарог, — удакладняе ён. — Дарожнае пакрыццё абнаўляецца кожны год, але ў сувязі з «Дажынкамі» аб’ёмы ў 2-3 разы вышэй, чым раней. Прыводзім у парадак цэнтральныя вуліцы і некаторыя перыферыйныя. Грошы выдзеленыя і на рамонт дахаў. На асаблівым кантролі заяўкі ад жыхароў, у якіх працякалі дахі. Праводзіцца таксама рамонт стыкаў сценавых панэляў.
Робім прыпынак каля дома № 5 па вуліцы Савецкая, дзе працуе брыгада будаўнікоў — чысцяць фасад, тынкуюць, накладваюць свежыя фарбы пастэльных тонаў. Працэсам кіруе старшы майстар рамонтна-будаўнічага ўчастка «Жылкамгаса» Тамара Падольская.
— Адказнасць вялікая — рыхтуем горад да «Дажынак», — кажа яна. — Прыходзіцца і ў выхадныя працаваць, каб паспець усё зрабіць. Адначасова задзейнічана 5 маляроў, з дапамогай аўтавышкі падымаемся на любы паверх. Дзяўчаты, малайцы, працуюць добра, перавыконваюць норму ў некалькі разоў. Перад афарбоўкай чысцім фасады, тынкуем. А некаторыя мыем з дапамогай апарата высокага ціску.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Шклоўскага райвыканкама Аксана Дарагонька адзначае, што сёння горад нагадвае адну вялікую будоўлю, але жыхары ставяцца да гэтага працэсу з паразуменнем, імкнуцца і самі зрабіць тэрыторыі каля дамоў больш прыгожымі. Вялікая ўвага ўдзяляецца аб’ектам воінскай славы.
— Прайшлі рамонтныя работы на тэрыторыі Алеі Герояў Шклоўскага раёна і на мемарыяльным комплексе «Памяць», дзе знаходзіцца брацкая магіла, — кажа Аксана Дарагонька. — Пабудаваныя новыя тратуарныя дарожкі, выбрукавана плошча. Пачаліся рамонтныя работы на левым беразе Дняпра, дзе ўстаноўлена стэла ў гонар нявінных ахвяр вайны — жыхароў вёсак, якія паўтарылі лёс Хатыні. Прынята рашэнне замяніць прыступкі да стэлы і пакласці плітку на самой плошчы.
Аксана Дарагонька ўдакладняе, што работы па навядзенні парадку не абмяжоўваюцца Шкловам. Нядаўна ў раёне адбылася прыемная падзея — асвячэнне храма ў вёсцы Высокае. Каменная пабудова была ўзведзена яшчэ да рэвалюцыі, але ў савецкі час моцна пацярпела. Спачатку ў культавым будынку знаходзіўся склад мінеральных угнаенняў, потым клуб. У 90-я гады храм вярнулі вернікам, і вось нарэшце помнік архітэктуры цалкам адноўлены.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ