Вы тут

Анатоль Ісачанка выслухаў праблемы грамадзян


Магіляўчанка паскардзілася ад імя жыхароў мікрараёна на тое, што ў краме № 5 ад ААТ «Фірма «Кадзіна», па яе словах, няма водазабеспячэння, электрычнасці і іншых умоў для нармальнага функцыянавання. Акрамя гэтага, жанчыну турбуе недахоп кадраў у ЖЭУ 21, а таксама стан пешаходнай дарожкі ад клуба «Рэнесанс» да паліклінікі № 7. Ёсць у яе прэтэнзія і да работы «Водаканала». Яна паведаміла, што падвал жылога дома неаднаразова залівала. Грамадзянка сведчыць, што звярталася ў Магілёўскі райвыканкам, але праблемы не вырашаны.


Адказныя асобы пацвердзілі, што ўсе гэтыя факты маюць месца і па меры магчымасці выпраўляюцца. Мэр Магілёва Аляксандр Студнеў паабяцаў, што ў наступным годзе будзе зроблена пешаходная дарожка ад клуба да паліклінікі і адноўлены парэнчы ўздоўж яе. Крыху цяжэй выправіць сітуацыю па іншых пытаннях. Напрыклад, крама, па ацэнцы кіраўніцтва раёна, стратная, ёсць складанасці з разлікамі за камунальныя паслугі.

Яшчэ адна магіляўчанка аспрэчыла рашэнне адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва аб зняцці яе з чаргі грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Яна сірата і дзеліць жылплошчу з бабуляй. Спецыялісты ж аргументавалі, што квадратных метраў у той кватэры, дзе яна зарэгістравана, хапае.

Пра патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў паведаміла таксама шматдзетная маці з Краснаполля. Ёй адмаўляюць, матывуючы, што метраў хапае. Заяўніца палічыла, што гэта незаконна. Кіраўніцтва райвыканкама адстойвае сваю пазіцыю.

Жыхар Слаўгарада паскардзіўся, што страціў права на льготную пенсію не па сваёй віне. Пэўны час ён працаваў у аграгаспадарцы трактарыстам, але гэта нідзе ў дакументах не адлюстравана. У іх ён фігуруе як кіроўца. Трактарысты маюць права на льготную пенсію, а вось кіроўцы — не. Мужчыне падказалі, што сваё права ён можа аспрэчыць у судзе. Калі ён знойдзе сведак, якія пацвердзяць факт, льготная пенсія можа быць назначана.

На разгляд узяты і пытанні кіраўнікоў СФГ «АграАўтоНова», якія пажадалі мець пясчаны кар’ер у Асіповіцкім раёне, а таксама землі ЗАТ «БНК» і саўгаса «Карытнае», якія не выкарыстоўваюцца. Пытанне з кар’ерам адпала адразу ж, паколькі гаспадарка жадае мець яго не для вытворчасці прадукцыі, а для продажу пяску. Што датычыцца другога, то кіраўнік вобласці параіў скласці бізнес-план, каб было відаць, што ў заяўнікаў хопіць сіл апрацоўваць зямлю, на якую яны прэтэндуюць.

Падводзячы вынікі, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка адзначыў, што пытанні складаныя і ў іх трэба будзе дэталёва разбірацца.

— Што датычыцца крамы ад аграфірмы «Кадзіна», то яна адназначна павінна існаваць, — заявіў ён. — Я думаю, дастаткова насыціць яе дадатковымі таварамі, і яна будзе ў плюсе. Самае галоўнае, што гэта трэба людзям, бо плодаагароднінная прадукцыя фірмы «Кадзіна» запатрабавана. Што датычыцца жыллёвых пытанняў, то яны заўсёды складаныя. Тым больш калі фігуруе шмат дзетак. Дзесьці ў людзей ёсць дадатковыя плошчы, а яны іх не ўлічваюць. Будзем уважліва разбірацца, пастараемся дапамагчы, але ў рамках дзеючага заканадаўства.

Старшыня аблвыканкама адзначыў, што зрэз пытанняў паступова мяняецца. Тых, што датычацца добраўпарадкавання, навядзення парадку, будаўніцтва дарог, дзіцячых пляцовак, стала менш.

— Гэта вынік таго, што мы ўсё аналізуем і імкнёмся накіраваць наш рэсурс на сістэмныя праблемныя пытанні, — рэзюмаваў Анатоль Ісачанка. — Сёння ўхіл ідзе не на якасць жылля, а на яго выдзяленне. Хаця жыллё будуецца: і для тых, хто мае ў ім патрэбу, і для шматдзетных сем’яў. Але пытанні ўзнікаюць. Часам людзі лічаць, што райвыканкамы павінны іх суправаджаць, папярэджваць. Але і ў людзей таксама мусіць быць нейкая адказнасць, яны павінны разумець, што і ад іх нешта залежыць, нейкія крокі застаюцца за імі. Дарога заўсёды мае два напрамкі. Дзяржава са свайго боку робіць усё, што магчыма. Гэта і сямейны капітал для шматдзетных, і льготнае крэдытаванне для тых, хто мае патрэбу. Хацелася б, каб людзі гэта разумелі і адэкватна ацэньвалі. Усе гэтыя дадатковыя стымуляцыйныя моманты бяруцца не проста з паветра, гэта залежыць ад усіх. Бо ад таго, як мы працуем, залежыць эканоміка. Бюджэт у нас сацыяльна скіраваны, і мы кожны год даём справаздачу, на якія артыкулы, якія мэты выдаткоўваем грошы. Там выразна відаць, што больш за палову ідзе менавіта на сацыяльную сферу.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Не толькі правы, але і адказнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Грамадства

Каб выбары —  як свята

Каб выбары — як свята

Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.