Можна смела сцвярджаць, што гэту актрысу ведаюць усе. У яе фільмаграфіі — кінапрацы «Службовы раман», «Сталкер», «Саламяны капялюшык», «Жорсткі раманс», «Жаночая логіка» і многія іншыя. У кожнай артыстка па-асабліваму запамінальная і абаяльная. І сёлета народная артыстка СССР Аліса Фрэйндліх адзначыць сваё 90-годдзе. Вядома, у святочны дзень 8 снежня не абыдзецца без сустрэч з любімай артысткай на тэлеэкране.
Так, на «Беларусь 3» гледачоў чакае паказ мастацкай кінастужкі «Жорсткі раманс» рэжысёра Эльдара Разанава, якая, дарэчы, убачыла свет сорак гадоў таму, у 1984-м. Двухсерыйны фільм, які лічыцца адной з найлепшых экранізацый п’есы Аляксандра Астроўскага «Беспасажніца», цікава глядзець і праз гады. Бо кожны раз можаш знаходзіць у ім новыя сэнсы, адценні пачуццяў герояў і ўсведамляць, што сапраўдная класіка заўсёды па-за часам.
Натурныя здымкі кінастужкі праходзілі ў асноўным у Кастраме. Аператарам стаў Вадзім Алісаў, з якім Эльдар Разанаў раней ужо працаваў над фільмам «Вакзал для дваіх». Сама дзея разгортваецца ў правінцыйным горадзе Брахімаве. Як успамінаў пасля рэжысёр, прататыпам гэтага горада мог бы быць Яраслаўль ці Ніжні Ноўгарад. І ў пачатку цітраў мы бачым Волжскую набярэжную ў Яраслаўлі. І серыі маюць храналагічныя адрозненні: у першай мы назіраем падзеі на працягу года, а ў другой — кульмінацыю і развязку. Ролю збяднелай дваранкі Харыты Ігнацьеўны Агудалавай якраз і ўвасабляе на экране Аліса Фрэйндліх... Сам фільм пасля выхаду быў неадназначна сустрэты супольнасцю крытыкаў. Напрыклад, адным з аб’ектаў для нападак стала акцёрская ігра пачынаючай актрысы Ларысы Гузеевай, якая, на думку рэцэнзентаў, згубілася на фоне Міхалкова і Фрэйндліх. А негатыўная ацэнка кінастужкі на тэлебачанні ў 1984 годзе Зіновія Герта паставіла кропку ў сяброўстве апошняга з Разанавым. Праўда, былі і тыя, хто не згаджаўся з крытыкамі карціны. У прыватнасці, у газеце «Савецкая культура» Андрэй Чэгадаеў звярнуў увагу на тое, што звычайна абмяркоўваецца ў рэцэнзіях рэжысёрскае прачытанне літаратурнай асновы, прычым не на карысць самога рэжысёра: «Цудоўны, на мой погляд, фільм — фільм, які незвычайна тонка і глыбока раскрывае вобразную і ідэйную будову цудоўнага твора драматурга. Няма іншага фільма, на мой погляд, больш блізкага да Астроўскага, а крытыкі, якія, паводле іх меркавання, валодаюць абсалютнай ісцінай, раз’юшана накінуліся на карціну без найменшых на тое падстаў». І такое неадназначнае ўспрыманне экранізацыі класікі — як мінімум таксама адна з прычын для яе прагляду сёння. Не прапусціце кінасеанс на сацыякультурным тэлеканале.
У эфіры тэлеканала «Расія-Культура» ў нядзелю пакажуць фільм Яўгена Хрынюка «Ганна і камандор», зняты паўстагоддзя таму ў 1974 годзе. Паводле сюжэта, гераіня Алісы Фрэйндліх распавядае драматургу пра свайго мужа (Васіль Ланавой), які быў вучоным і загінуў. Мы назіраем у кадры гісторыю кахання, сямейнага жыцця, дзе ёсць месца светлым пачуццям, стратам і знаходкам. Нахлынулыя ўспаміны дапамагаюць Ганне зразумець, што «гісторыя кахання працягваецца, пакуль з дваіх закаханых хоць бы адзін жывы...» Кранальную кінагісторыю глядзіце ў дзённым эфіры.
А ўвечары прыхільнікаў творчасці артысткі чакае паказ дакументальнага фільма «Людзі і страсці Алісы Фрэйндліх». «Чым даўжэй чалавек захоўвае ў сабе дзяцінства, тым даўжэй беражэ дадзены Богам дар», — лічыць актрыса тэатра і кіно, народная артыстка Аліса Фрэйндліх. У кадры тэлегледачоў чакае аповед пра яе няпростае блакаднае дзяцінства, пра бязмежны дар Вялікай Актрысы, пра сям’ю, каханне, блізкіх людзей, родныя мясціны, а таксама пра рэлігію, яе рэжысёраў жыцця, пра страты і знаходкі, увасобленыя і пакуль яшчэ не сыграныя ролі і, вядома, пра простае жаночае шчасце.
Адразу пасля гэтага можна будзе ўбачыць артыстку на экране ў спектаклі Тэатра імя Ленсавета «Утаймаванне свавольнай» па аднайменнай камедыі Шэкспіра. А значыць, нас ізноў чакае класічны сюжэт, вір пачуццяў і выдатная ігра любімых акцёраў.
Алена ДРАПКО
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.