Вы тут

Мой журфак. Ён сам па сабе — асоба...


На факультэце журналістыкі БДУ  ў гэтую пятніцу свята — урачыстае мерапрыемства з нагоды 80-гадовага юбілею. І настрой у мяне асабіста з гэтай нагоды ўзнёсла-ўрачысты, нібы святкуе шаноўны юбілей — прычым у добрым здароўі і на сваіх нагах — хтосьці з тваіх родзічаў ці знаёмых, каму ты абавязаны чымсьці вельмі важным у жыцці. Хтосьці, думаю, тут усміхнецца скептычна: маўляў, так кожны чалавек з вышэйшай адукацыяй можа сказаць пра сваю альма-матар, але ж адушаўляць факультэт, параўноўваючы яго з блізкім чалавекам, — гэта ўжо занадта. Магчыма, яно і так, калі гэта не пра журфак. Журфак жа сам па сабе нават не жывы арганізм, а асоба, са сваімі характарам, звычкамі, якасцямі, душой, калі хочаце. І пісаць пра яго — якім ён запомніўся табе за пяць гадоў, што вы правялі разам, — трэба менавіта як пра суб’ект адушаўлёны.


Фота: БелТА

 

Журфак — вялікі скептык, нават цынік. Ён вельмі хутка збівае карону, якая вырастае на галаве ледзь не кожнага першакурсніка — на факультэт жа ўсе паступаюць у статусе калі не генія, дык вялікага таленту. Журфак ветліва, з лёгкай крыху здзеклівай усмешкай ужо тыдні праз два дае зразумець, што ніякі ты не геній. Талент? Магчыма. Але, каб штосьці атрымалася, яшчэ многае і многае трэба зрабіць. «Пачні з напісання заметкі», — прапануе журфак. «Ды лёгка», — фыркае першакурснік. А праз нейкі час разумее, што зусім усё нялёгка, гэта не школьнае сачыненне на пяць старонак пісаць. «Ну вось, бачыш, — гаворыць журфак. — Здымай карону, садзіся, будзем вучыцца. Пачнём з інфармацыйных жанраў...»

Журфак — вялікі выдумшчык. На якім яшчэ факультэце студэнтам на заняткі могуць прынесці бохан хлеба і прапанаваць напісаць пра яго замалёўку ці нарыс — і гэта будзе абсалютна нармальна. Ці, напрыклад, выкладчык заходзіць у аўдыторыю і дае заданне — напісаць пра мітынг, які праходзіць побач на плошчы (гэта згадка з маіх журфакаўскіх 90-х, калі тыя мітынгі былі па два на дзень). І вось уявіце карціну: стаяць тыя дваццаць чалавек мітынгуючых, пад’язджае тралейбус, з якога вывальвае трыццаць чалавек другакурснікаў-«газетчыкаў» і літаральна кідаецца да тых нешматлікіх небарак з пытаннем: а чаго вы тут стаіце? Весела, займальна. Хто яшчэ можа пахваліцца такімі практычнымі заняткамі?

Журфак — вялікі філосаф. Ён вучыць думаць, аналізаваць, шукаць карані і першакрыніцы. Напэўна, толькі на журфаку на экзамене па літаратуры можна выцягнуць... пусты білет. І прыдумаць сабе пытанні, і на іх жа адказваць. Ці, як аўтарцы гэтых радкоў, маглі прапанаваць увогуле білет не цягнуць, а раскрыць тэму «Кацярыны ў рускай літаратуры ХІХ стагоддзя». Што з таго, што гэтага не было ў экзаменацыйных пытаннях і што на падрыхтоўку — стандартныя дзесяць-пятнаццаць хвілін? Думай, успамінай, імправізуй — у жыцці, у прафесіі гэта не раз прыйдзецца рабіць... Напэўна, толькі на журфаку на практычных занятках па філасофіі ладзілася дуэль паміж прыхільнікамі Ніцшэ і Фрома (некаторыя перад семінарам упершыню прачыталі штосьці з гэтых выбітных таварышаў, але калі запісалі цябе ў прыхільнікі — станавіся ім, адстойвай сваю думку)... З журфака мы выносім не выслоўе вядомага філосафа, а ўжо ўсвядомленае разуменне: сапраўдны інтэлігент — гэта той, хто паважае ўсіх без выключэння людзей, не зважаючы на ўзровень дабрабыту і сацыяльны статус. І менавіта гэта разуменне вельмі дапамагае пасля ў працы…

Журфак — вялікі інтэлектуал. Ён не толькі раней за многіх іншых падхоплівае ўсё новае — ён беражліва захоўвае і перадае веды і напрацоўкі папярэдніх пакаленняў у розных гуманітарных сферах. Гэта таксама пасля вельмі дапамагае ў прафесіі: ты можаш на прыстойным узроўні падтрымаць дыскусію аб імпрэсіянізме ў музыцы ці неарэалізме ў італьянскім пасляваенным кіно, ты ведаеш, як звяртацца да чалавека, каб ён цябе пачуў і зразумеў, ты нядрэнна валодаеш ведамі па гісторыі, ты шмат-шмат прачытаў — інакш бы ты проста не давучыўся — літаратурных твораў: замежных, рускіх, беларускіх. І пішаш ты без памылак (ці амаль), і думкі фармулюеш больш-менш складна. Хоць журфак шчыра папярэджвае: пісаць (у сэнсе быць журналістам) цябе не навучаць. «Калі ёсць „клёпка“ ў галаве — падкруцім, падправім, калі няма — ніхто вам яе ў галаву не ўставіць». Гэтыя словы, пачутыя на журфаку ад паважанага прафесара, пачынаеш цалкам разумець і прымаць, толькі калі прыходзіш у прафесію.

Журфак — вялікі наватар і адначасова вялікі кансерватар. Ён падтрымлівае новыя думкі, ідэі, падачу, ён нават заахвочвае да пошуку і ўкаранення новага. Але ён захоўвае і ахоўвае традыцыі і памяць, не адмаўляецца ад таго, што пакінулі, напрацавалі папярэднія студэнты і выкладчыкі. Пачынаючы ад тых першых, якія ўвосень 1944 года прыйшлі ў разбураным Мінску вучыцца на журналістаў і якія сталі пасля аўтарамі падручнікаў, выкладчыкамі, настаўнікамі для некалькіх пакаленняў журфакаўцаў. Дзякуючы якім у журфака з’явілася душа, якія вучылі нас быць не толькі прафесіяналамі — найперш людзьмі…

Вось такім бачыцца сённяшні юбіляр амаль праз трыццаць гадоў пасля таго, як мы з ім развіталіся. Зрэшты, развітанне тое было толькі намінальным. Бо — ледзь не забылася вельмі важнае — менавіта на журфаку да студэнтаў з першага іх дня звяртаюцца: «калегі»…

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якасць павінна стаць крэда нашага жыцця

Якасць павінна стаць крэда нашага жыцця

«Якасць беларускай прадукцыі стала брэндам».

Сельская гаспадарка

Тэхналогіі насуперак анамаліям надвор’я

Тэхналогіі насуперак анамаліям надвор’я

Вучоны — аб будучай пасяўной кампаніі.

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.