Хакейны клуб «Дынама-Мінск» не стамляецца здзіўляць сваіх аматараў. Тэматычныя матчы, поўная «Мінск-арэна» на дамашніх гульнях, праца з аматарамі розных узростаў — з’явы, якія хоць і ўражваюць кожны раз, але ж прывычныя. Днямі клуб пераўзышоў сам сябе. «Дынама-Мінск» атрымала свой самалёт.
Адзін з бартоў авіякампаніі «Белавія», у прыватнасці Еmbraer 195 атрымаў эксклюзіўную ліўрэю ў стылістыцы мінскага «Дынама». На фюзеляж, афарбаваны ў чорна-блакітныя колеры сталічнага клуба, нанесены нацыянальны арнамент і выява зубра, які з’яўляецца сімвалам каманды. Гэта першы падобны праект у гісторыі беларускага спорту.
«Гэта ўнікальны і смелы для беларускага спорту праект, які павінен стаць крыніцай натхнення нашых хакеістаў і заўзятараў для новых дасягненняў, сімвалам прыгажосці і сілы беларускага спорту і культурных каштоўнасцяў нашай краіны», — адзначыў генеральны дырэктар мінскага «Дынама» Арцём Каркоцкі.
У самалёце хакеісты праводзяць менш часу, чым на лёдзе, але таксама нямала. Прэс-служба клуба палічыла, што за сезон на борце паветранага судна «зубры» праводзяць прыкладна 120 гадзін і пераадольваюць каля 60 тысяч кіламетраў. Немалаважна, што «Дынама-Мінск» і «Белавія» супрацоўнічаюць каля 10 гадоў. «Думка стварыць брэндаваны ў колеры „Дынама“ дызайн самалёта з’явілася тры гады таму. Нас аб’ядноўвае многае, у прыватнасці, любоў да краіны і яе традыцый. Гэта прасочваецца ў нашых сімвалах, васільку „Белавія“ і зубры „Дынама“. Без стойкасці, імкнення да перамогі і каманднага духу не абысціся як у спорце, так і ў авіяцыі», — падкрэсліў генеральны дырэктар авіякампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец.
Першымі пасажырамі «Дынамалёта» сталі хакеісты. А першы рэйс унікальны самалёт здзейсніў у Маскву. У пятніцу «зубры» сустрэнуцца з «Віцязем». Гэта іх чацвёртая гульня ў гэтым сезоне. «Зубры» двойчы перамагалі (5:1, 2:1) і адзін раз уступілі (1:4). З 25 баламі «Віцязь» ідзе дзевятым у Заходняй канферэнцыі. У «Дынама» 28 ачкоў і восьмае месца. Гэтая выязная серыя складаецца з трох матчаў. 17 лістапада мінскае «Дынама» сустрэнецца з «Куньлунем», 19-га — з «Авангардам».
Валерыя СЦЯЦКО
Фота ХК «Дынама»
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.