Сёння ўступіў у дзеянне самы вялікі ў Гродзенскай вобласці дзіцячы сад. Ён знаходзіцца ў новым гродзенскім мікрараёне Грандзічы. Зараз гэты раён вельмі імкліва развіваецца, у мінулым годзе тут урачыста адкрылі школу, і вось зараз — новы сацыяльны аб’ект. Дарэчы, гэта другі дзіцячы сад у новым мікрараёне Гродна. Урачыстая цырымонія прайшла з удзелам кіраўніцтва вобласці на чале з губернатарам Уладзімірам Каранікам.
Трохпавярховы садзік разлічаны на 335 дзяцей, якія будуць размеркаваны па 18 групах. Прадугледжаны і чатыры ясельныя групы, а таксама па просьбе бацькоў адкрыты тры спецыяльныя групы для дзетак з моўнымі парушэннямі.
Будынак мае ўсё, што патрэбна сучасным дашкольным установам для камфортнага наведвання і ўсебаковага развіцця. Акрамя ўсіх стандартных памяшканняў, тут будзе студыя выяўленчага мастацтва, сенсарны пакой, басейн, вялікая зала для спорта і творчасці. А сапраўднай рызынкай можна лічыць ліфты, іх усталявана два ў розных канцах будынка.
Адным з цікавых праектных рашэнняў можна назваць унутраныя дворыкі, дзе выхаванцы садка змогуць праводзіць час на свежым паветры. На тэрыторыі садзіка ўсталяваны спартыўная зона, бегавыя дарожкі, тэматычныя гульнявыя пляцоўкі з бяспечным пакрыццём. На тэрыторыі і ў будынку ўстаноўлены 33 відэакамеры.
Новы па сутнасці аб’ект з’явіўся і на тэрыторыі гродзенскай гімназіі № 10 імя Мітрапаліта Філарэта. Навучальная ўстанова атрымала адноўлены стадыён, які прадугледжвае заняткі па дзесяці відах спорта. Тут абсталяваны баскетбольная, валейбольная пляцоўкі, футбольнае поле са штучным пакрыццём, зона з трэнажорамі, пляцоўка для стрытбола, бегавая дарожка з сучасным гумовым пакрыццём, трыбуны для гледачоў.
Добрым падарункам для гродзенцаў напярэдадні свята стала адкрыццё амбулаторыі ў мікрарёне Фолюш, якая разлічана на 70 наведванняў у змену. Установа будзе працаваць у дзве змены і абслугоўваць каля 15 тысяч чалавек як самога мікрараёна, так і бліжэйшых вуліц. Медыцынскую дапамогу будуць аказваць 8 урачоў агульнай практыкі, 6 памочнікаў урачоў, 11 медыцынскіх сясцёр. Амбулаторыя абсталявана фізіятэрапеўтычным, працэдурным, прышчэпкавым кабінетамі, адміністрацыйна-бытавымі памяшканнямі для персанала. Новая медыцынская ўстанова дазволіць значна разгрузіць Цэнтральную паліклініку Гродна.
Таксама ў гэтыя дні адбылося адкрыццё адноўленай Дошкі гонару Кастрычніцкага раёна Гродна і ўсталяванне воркаўт-пляцоўкі ў маладым парку гродзенскага мікрарёна. Дарэчы, тут жыхарамі і прадстаўнікамі адміністрацыі горада высаджана 100 ліпаў.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота пул4 рэгіён
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.