Рэспубліканскі форум «Памяць пакаленняў у імя будучыні», прымеркаваны да святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адбыўся сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Навучэнцы, кадэты, педагогі, навукоўцы, прадстаўнікі джяржаўных органаў і грамадскіх аб’яднанняў, работнікі сферы культуры сабраліся сёння ў галоўнай скарбніцы ведаў, каб ушанаваць памяць савецкіх воінаў-вызваленцаў і прэзентаваць тэматычныя творчыя праекты, створаныя ў рамках выставы «Вялікая Айчынная вайна: гісторыя краіны — мая гісторыя».
— Тэма нашага форуму актуальная і важная для кожнага, хто сёння жыве, вучыцца, працуе на мірнай беларускай зямлі. Калісьці нашы дзяды і прадзеды вызвалілі гэтую зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, цаной уласнага жыцця атрымалі перамогу, — адзначыла падчас урачыстага адкрыцця намеснік міністра адукацыі Кацярына ПЯТРУЦКАЯ. — Сёння практычна ва ўсіх установах Беларусі створаны музеі і музейныя экспазіцыі, прысвечаныя генацыду беларускага народа і героям, якія загінулі ў баях у час Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы рабоце вучняў і педагогаў гэта свяшчэнная для нас памяць захоўваецца. Наследнікі пакалення пераможцаў, сёння ў вашых руках будучыня нашай краіны!
Прадстаўнік Міністэрства адукацыі расказала, што ў мерапрыемстве ўдзельнічаюць пераможцы патрыятычных рэспубліканскіх акцый і конкурсаў: «Гісторыя Перамогі ў асобах», «Кветкі дабра» і інш. Творчыя праекты, якія яны прэзентавалі, унеслі значны ўклад у захаванне гісторыі нашай беларускай зямлі.
— Гістарычная памяць — своеасаблівае поле бою, на якім мы з вамі прайграць не маем права. Кожны з прысутных з’яўляецца салдатам на гэтым полі. Захоўваючы гістарычную памяць, памяць аб сваіх родных і блізкіх, тых, хто здабываў і каваў цяжкую перамогу, — удзельнікі гэтай бітвы, — падкрэсліў памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны генерал-майёр Леанід КАСІНСКІ і дадаў, што зараз на Захадзе знішчаюць магілы савецкіх салдатаў, якія вызвалялі краіны Еўропы.
— Яны баяцца нашых воінаў, нават увасобленых у помніках і манументах, баяцца гістарычнай праўды. А мы з вамі яе захоўваем і зробім усё, каб перадаць яе будучым пакаленням, — рэзюміраваў ён і выказаў упэўненасць, што з такой таленавітай і патрыятычнай моладззю ў Беларусі толькі вялікая і светлая будучыня.
— Гібрыдныя войны, якія сёння вядуцца супраць нацыянальных гісторый, патрабуюць максімальнай кансалідацыі дзяржавы і грамадства, — заявіў дырэктар Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь Андрэй Дземянюк. Дасягнуць поспеху ў захаванні гістарычнай памяці можна толькі сумеснымі намаганнямі.
Александрына ПАРШЫНА
Фота Віктара Іванчыкава
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.