З 2021 года на граніцы з Еўрасаюзам былі знойдзены загінулымі 59 чалавек. Аб гэтым падчас прэс-канферэнцыі для беларускіх і расійскіх журналістаў у межах прэс-тура заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Антон Бычкоўскі, паведаміла БелТА.
«Большасць з іх — на ўчастку граніцы з Польшчай — 27 чалавек, з Латвіяй — 23, з Літвой — 9», — заўважыў Антон Бычкоўскі, дадаўшы, што колькі загінула людзей на сумежнай тэрыторыі, дакладна невядома, бо гэтая інфармацыя старанна ўтойваецца ўладамі гэтых краін. Афіцыйны прадстаўнік ДПК звярнуў увагу, што выпадкі знаходжання бежанцаў збітымі на польскай граніцы — яскравы прыклад бесчалавечнай еўрапейскай міграцыйнай палітыкі. «Бягучы стан спраў на літоўскім і латвійскім напрамках фактычна не адрозніваецца па сваіх характарыстыках у жорсткасці і антыгуманнасці ў адносінах да бежанцаў», — адзначыў ён.
Гаворачы ў цэлым аб сітуацыі з бежанцамі на граніцы з ЕС, афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта назваў асноўныя прычыны рэзкага павелічэння колькасці бежанцаў у Еўропу. Паводле яго слоў, яны маюць сацыяльна-палітычную прыроду і звязаны са становішчам у краінах зыходу, транзіту і прызначэння міграцыі. «Галоўным рухаючым фактарам для бежанцаў была і застаецца магчымасць трапіць у краіны Заходняй Еўропы ў пошуках лепшых умоў жыцця», — сказаў Антон Бычкоўскі.
Ён падкрэсліў, што еўрапейскія партнёры, не маючы магчымасцяў самастойна кантраляваць сітуацыю і ігнаруючы прынцыпы двухбаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў ахове граніцы, прытрымліваючыся санкцыйных установак, звярнуліся да самых радыкальных метадаў вырашэння міграцыйнай праблемы. «Калі б Польшча і сумежныя дзяржавы Балтыі выконвалі патрабаванні міжнародных нормаў, то ніякага крызісу бежанцаў не было б. Усе замежныя грамадзяне былі б улічаны і апытаны, а ў дачыненні да іх праведзены адпаведныя працэдуры. Тым, хто мае патрэбу, была б аказана медыцынская дапамога, і ніхто б не загінуў. Але ў рэальнасці ўсё адбываецца наадварот», — дадаў афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта.
Антон Бычкоўскі таксама падкрэсліў, што надзея на выпраўленне гэтай сітуацыі яшчэ ёсць, калі кіраўніцтва Польшчы, Літвы і Латвіі вернецца ў прававую плоскасць. «Вырашыць крызісную сітуацыю можна толькі сумеснымі намаганнямі», — адзначыў ён.
Атрыманы даныя аб масавым сістэматычным ажыццяўленні польскімі сілавікамі пакаранняў смерцю без суда ў чэрвені 2021 года. Аб гэтым заявіў намеснік начальніка ўпраўлення па расследаванні злачынстваў супраць асобы і грамадскай бяспекі галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Аляксандр Рудзько. Гаворачы аб тым, што галоўным следчым упраўленнем расследуюцца абставіны прычынення цялесных пашкоджанняў, смерці, наўмыснага неаказання дапамогі з боку службовых асоб, сілавых структур Рэспублікі Польшча ў дачыненні да пацярпелых у выніку прымянення фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, у тым ліку слёзатачывых рэчываў і інсектыцыдаў, Аляксандр Рудзько адзначыў: «Падчас расследавання крымінальнай справы неаднаразова дапытаны ў якасці сведкі вайсковец Узброеных сіл Рэспублікі Польшча Эміль Чэчка, які перайшоў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Паводле яго слоў, з 8 да 19 чэрвеня 2021 года ён асабіста браў удзел і з’яўляўся відавочцам масавага сістэматычнага ажыццяўлення пакаранняў смерцю без суда ў дачыненні да 241 чалавека. Сярод забітых — жанчыны і дзеці».
Намеснік начальніка ўпраўлення галоўнага следчага ўпраўлення СК таксама распавёў, што з удзелам сведкі Эміля Чэчкі былі складзены фотаробаты вайскоўцаў, пра якія ім даваліся паказанні падчас расследаванняў крымінальнай справы. Расстрэлы ажыццяўляліся з ужываннем службовай табельнай зброі — аўтамата «Берыл» NATO. Аляксандр Рудзько адзначыў, што было ўстаноўлена: кіраваў пакараннямі смерцю польскі пагранічнік, які прадстаўляўся Томекам. Па словах Эміля Чэчкі, гэты чалавек з’яўляўся супрацоўнікам польскай контрразведкі.
Галоўным следчым упраўленнем працягваецца расследаванне крымінальных спраў у дачыненні да службовых асоб Польшчы, Латвіі і Літвы. «У прыватнасці, па фактах учынення супрацьпраўных дзеянняў, звязаных з дэпартацыяй, актамі жорсткасці, катаваннямі, наўмысным неаказаннем дапамогі, якое прывяло да смерці пацярпелых, — сказаў Аляксандр Рудзько. — Усе зверствы ўчынены ў адносінах да бежанцаў пры перасячэнні дзяржаўных граніц гэтых краін, для далейшага прасоўвання ў Германію і іншыя дзяржавы ЕС».
Паводле слоў Аляксандра Рудзько, цяпер пацярпелымі па крымінальных справах з’яўляюцца замежныя грамадзяне розных дзяржаў. «Па крымінальнай справе ў дачыненні да службовых асоб Польшчы пацярпелымі прызнаны 214 чалавек, з іх 16 загінулі, Латвіі — 71 чалавек (22 загінулыя), Літвы — 36 чалавек (12 загінулых). У тым ліку расследуюцца абставіны прычынення цялесных пашкоджанняў, смерці, наўмыснага неаказання дапамогі з боку службовых асоб, сілавых структур Польшчы ў адносінах да пацярпелых у выніку прымянення фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, у тым ліку слёзатачывых рэчываў і інсектыцыдаў», — сказаў намеснік начальніка ўпраўлення галоўнага следчага ўпраўлення.
Тым часам стала вядома, што сёлета ў органы па грамадзянстве і міграцыі Беларусі паступіла больш за 125 хадайніцтваў аб наданні статусу бежанца. Аб гэтым паведаміў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун. «Прадстаўнікі Дзяржпагранкамітэта прымаюць бяздольных, нелегальных мігрантаў, якім ужо няма куды дзявацца. Органы ўнутраных спраў прымаюць усе хадайніцтвы аб наданні статусу бежанца, што з’яўляецца патрабаваннем міжнароднага права. Кожны з іх дапускаецца да гэтай працэдуры. Кожнае хадайніцтва разглядаецца ва ўстаноўленым парадку, і прымаецца адпаведнае законнае рашэнне», — падкрэсліў Аляксей Бягун.
Паводле яго слоў, у Беларусь прыбываюць і грамадзяне Украіны з тэрыторыі Еўрапейскага саюза ў надзеі атрымаць статус бежанца ці дадатковую абарону. «Мы іх прымаем і даём адпаведную абарону. У нас дзейнічае шэраг міжнародных арганізацый, якія адказваюць за разгляд пытанняў кампетэнцыі органаў унутраных спраў аб наданні статусу бежанца або дадатковай абароне, аб дапамозе незаконным мігрантам у рамках праграмы рэпатрыяцыі, дзейнічае прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі. І калі ў 2021–2022 гадах колькасць вернутых нелегальных мігрантаў, якія не трапілі ў Еўрапейскі саюз і знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі нелегальна, дасягала 500 чалавек і больш за год, то з улікам таго, што ЕС увёў санкцыі і сказаў, што не будзе дапамагаць Міжнароднай арганізацыі па міграцыі рэпатрыяваць нелегальных мігрантаў, фактычна сёлета гэтая лічба складае не больш за 20 чалавек», — адзначыў Аляксей Бягун, дапоўніўшы, што мігрант не можа вярнуцца ў дзяржаву яго грамадзянскай прыналежнасці і выкарыстоўвае любыя магчымасці, каб трапіць у ЕС, у тым ліку аказваючыся ў крызісных сітуацыях.
Пётр ДУНЬКО
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.