У атмасферы вызначаюцца значныя змены, звязаныя з цыкланічнай дзейнасцю. І калі ў аўторак надвор’е яшчэ будзе даволі камфортным, то ў далейшым з захаду на ўсход пачнуць перамяшчацца цыклоны. Воблачнае з праясненнямі неба змяніцца шчыльнай франтальнай воблачнасцю і ападкамі ў выглядзе дажджу. А далей будзе толькі халадаць, паведамляюць у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У аўторак тэмпература паветра ўначы ад нуля да плюс 6 градусаў, па захадзе краіны да 8 цяпла. Максімальная тэмпература днём будзе ад 8 градусаў да 14 цяпла. Атмасферны ціск будзе слаба расці.
Часткова марскім паветрам мы пачнём дыхаць ужо ў сераду. У гэты дзень адаб’ецца ўплыў сістэмы франтальных раздзелаў, якія ссоўваюцца з боку Балтыйскага мора. Будзе воблачна з праясненнямі. Ноччу месцамі, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы ад 1 цяпла да 7 градусаў, па захадзе краіны да плюс 10, максімальная днём 8–15 цяпла.
У апошні дзень кастрычніка ноччу і раніцай надвор’е працягнуць вызначаць атмасферныя франты, якія ідуць на еўрапейскую тэрыторыю Расіі. Таму днём адаб’ецца ўплыў халаднаватай няўстойлівай паветранай масы, якая распаўсюджваецца са Скандынавіі. Ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы ад 2 градусаў да 9 цяпла, а максімальная днём будзе ад 5 градусаў да 12 цяпла.
У пятніцу на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі 15–22 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе 2–9 градусаў вышэй за нуль, а днём — 7–14 цяпла.
Згодна з папярэднім прагнозам, у наступныя выхадныя восень выйдзе на заключны этап — перадзім’е. У суботу сінаптычную сітуацыю ў Беларусі будзе фарміраваць тылавая частка цыклону. Патокі пераменяцца на паўночныя, і ў краіну пачне паступаць халоднае паветра. У начныя і ранішнія гадзіны пры паніжэнні тэмпературы паветра да адмоўных значэнняў месцамі на дарогах будзе ўтварацца галалёдзіца.
У суботу ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя ападкі (дождж, мокры снег). Ноччу месцамі, днём у многіх раёнах прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15–20 м/с, днём месцамі да 22 м/с. Ноччу і раніцай месцамі магчымы слабы галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 2 градусаў да плюс 5, удзень — ад нуля да плюс 7 градусаў.
У нядзелю месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу, магчымы слабы галалёд. Ноччу і раніцай на асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 5 да плюс 2 градусаў, удзень — ад нуля да 7 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.