Вы тут

«Звяздоўскі» кніжны ліпень


Якімі кніжнымі навінкамі парадуе Выдавецкі дом «Звязда» у ліпені 2024 года? На гэта пытанне адказвае кіраўнік кніжнай групы Выдавецкага дома «Звязда» Наталля Шчарбакова: Мы плануем выпусціць 12 выданняў. Як і ў папярэднія месяцы, звяртаем асаблівую ўвагу на дзіцячую літаратуру. Нашы чытачы добра ведаюць Паўла Гушынца, які гэтым разам прапануе кнігу «Приключения Буки Злюки: шотландские каникулы». Людміла Кебіч, пастаянны «звяздоўскі» аўтар, напісала апавяданне з элементамі фэнтэзі — «Чароўны куфэрак часу». Вельмі цікавы твор. Ёсць і пэўная інтрыга: Людміла Кебіч працуе ў большай ступені з разлікам на дарослага чытача. І вось такая кніга — і для дзяцей, і адразу фэнтэзі!.. Раю ўсім пазнаёміцца з гэтым выданнем…


Фота з адкрытых крыніц

У ліпеньскіх планах «звяздоўскага» выдавецтва — і кніга апавяданняў Яўгена Шастакова «Истории Михайлы Потапыча». Не першы свой зборнік выдае ў «Звяздзе» славуты дзіцячы пісьменнік Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Мікола Чарняўскі — на гэты раз да чытача прыйдзе яго кніга казак «Ноткі-ляноткі». Цікавая сустрэча для самых юных чытачоў — аповесць-казка башкірскай пісьменніцы Кацярыны Архіпавай у перакладзе на беларускую мову «Бардаклюшы ведаюць, чым заняцца». Фантастычным дэтэктывам «Повелитель игрушек» «Звязда» распачынае супрацоўніцтва з такім вядомым пісьменнікам Беларусі, як Сяргей Клімковіч. Падлеткам адрасавана кніга апавяданняў Тамары Кавальчук «Доброе сердце». Адносна гэтага выдання трэба заўважыць, што зборнік варты ўвагі ўсіх, хто разглядае кнігу і як сродак выхавання патрыятызму, любові да Радзімы. 

«Снежным годом» — такая нечаканая назва ў кнігі апавяданняў Таццяны Дземідовіч, якая таксама выдае ў «Звяздзе» не першую сваю кнігу. «Приключения Васи Неумыткина в стране Чулании» Анатоля Маісеева — аповесць-казка, якую добра ведалі і чытачы папярэдніх дзесяцігоддзяў. Цяпер вось выдавецтва вырашыла даць кнізе «новае жыццё» — «звяздоўцы» спадзяюцца, што казачная гісторыя А. Маісеева зацікавіць новае пакаленне юных чытачоў. 

Мастакамі дзіцячых кніг у ліпеньскіх планах «Звязды» выступаюць такія вядомыя кніжныя графікі, як Святлана Стахоўская, Алеся Чарняўская, Алег Грубін і іншыя. 

Але акцэнт у ліпеньскім плане выдавецтва зроблены не толькі на дзіцячую літаратуру. Даволі цікавай навінкай падаецца кніга доктара педагагічных навук, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Аляскандра Радзькова «Вкрапления в официальные, научные, корпоративные доклады, а также содержания бесед и разговоров». Ужо сама назва інтрыгуе!.. Навуковы эксперт, аглядальнік парламенцкай і ўрадавай газеты «Звязда» Гарбаніджад Гумен Гушанг знаёміць са сваёй кнігай «Как не стать заложником болезни». 

Кніжнай падзеяй ліпеня абяцае стаць зборнік вершаў Уладзіміра Караткевіча «Бацькаўшчына светлая мая». Кніга папоўніць бібліятэчку выдадзеных у «Звяздзе» паэтычных зборнікаў Рыгора Барадуліна, Анатоля Сыса, Генадзя Бураўкіна, Алеся Бадака, Віктара Шніпа. 

Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.