Вы тут

Настаўнік фізічнай культуры павінен быць майстрам спорту па ўсіх відах спорту


Усе прывыклі звяртаць пільную ўвагу найперш на спорт вышэйшых дасягненняў, на медалі і рэкорды. А часта аснова гэтага спорту, падмурак, без якога не было б ні медалёў, ні рэкордаў, застаецца ў цені. Калі шчыра, то што для многіх школьныя ўрокі фізічнай культуры? Часцей за ўсё, урок, які пры жаданні можна прагуляць і за адзнаку па якім не варта моцна турбавацца. А разам з тым фізічная культура — прадмет, які выконвае найважнейшую задачу. Робіць дзяцей і падлеткаў развітымі, здаровымі і моцнымі. Фізічная форма, закладзеная ў дзяцінстве, застаецца з чалавекам назаўжды. Канешне, пры ўмове, што педагог ставіцца да сваёй справы адказна і з душой. Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча Леанід Кабяк працуе ўжо 50 гадоў. У інтэрв’ю «Звяздзе» ён расказаў, што галоўнае ў выхаванні дзяцей, чаму не трэба быць «фізруком» і як школьная фізкультура ўплывае на спорт.


Сям’я і моцная каманда

«Савецкія дзеці любілі адных і тых жа людзей: Льва Яшына, Мікалая Озерава, Эдуарда Малафеева, Міхаіла Мустыгіна. Мы ўсе балелі за Аляксандра Мядзведзя, Валерыя Шарыя, Уладзіслава Сапею і іншых славутых спартсменаў. Спорт быў ладам жыцця кожнага савецкага хлопчыка: гульні ў футбол вуліца на вуліцу, спартыўныя секцыі, дзіцяча-юнацкая школа. Таму ўжо ў 10 класе я вырашыў стаць настаўнікам фізічнай культуры. Бацькоў мой выбар расчараваў, яны бачылі мяне афіцэрам ці ўрачом. Але, нягледзячы на маміны словы „хочаш — паступай, хочаш — не паступай“, я паступіў на факультэт фізічнага выхавання Брэсцкага педагагічнага інстытута. Пасля заканчэння атрымаў накіраванне ў вёску Ястрамбель Баранавіцкага раёна. І вось 50 гадоў я ўжо тут», — успамінае Леанід Мікалаевіч.

У той час у Ястрамбелі працавала школа-інтэрнат для дзяцей-сірот, якая і стала першым месцам працы маладога настаўніка. Пачынаць педагагічную дзейнасць з дзяцей-сірот — задача няпростая. Але так толькі здаецца. «З сіротамі было цяжка працаваць у першым класе, калі іх прывозілі з усёй нашай вялікай краіны. Яны былі некіравальныя, першыя паўгода дакладна трэба было вадзіць кожнага за ручку. У першы год маёй працы ў першым класе было 42 чалавекі, з іх 7 — з затрымкай псіхічнага развіцця. Праз паўтара месяца мяне выклікаў дырэктар і спытаў: „Сынок, што ты з імі робіш?“. На маіх занятках усе былі пры справе: хто можа і хоча, той скача, бегае, хто хоча яму для скачкоў рыхтаваць — той рыхтуе, абы не ўцёк. Сірот трэба было „прыручыць“. Калі гэта зрабіў паспяхова — праблем не будзе. Да сёмага класа дакладна. А там ужо пачынаецца пераходны узрост, некаторыя пачынаюць жыць „па паняццях“, і там трэба жорстка ставіць дысцыпліну. Але гэта ўжо свае дзеці, ім можна калі і перніка даць, а калі і пугі. Я ставіўся да сваіх сірот па-бацькоўску: шмат ім даваў, але і шмат патрабаваў. І мы маглі ад іх патрабаваць, бо ўвесь педагагічны калектыў быў неабыякавы да гэтых дзяцей. Мы былі для іх больш, чым настаўнікі, яны для нас — больш, чым вучні», — разважае Леанід Мікалаевіч. Самы красамоўны паказчык такога стаўлення — той факт, што выпускнікі Ястрамбельскай школы-інтэрната і сёння трымаюць сувязь са сваім настаўнікам, тэлефануюць, прыязджаюць у госці, віншуюць са святамі. Ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені, якім у 1986 годзе ўзнагароджаны Леанід Кабяк, і прысвоенае ў 1997 годзе ганаровае званне «Заслужаны настаўнік Рэспублікі 

Беларусь» таксама таму пацвярджэнне. Але ж за ўсімі высокімі ўзнагародамі стаіць, найперш, стаўленне да сваёй працы і адносіны з вучнямі. Магчыма, гэта нават вышэй.

Выхавальнікі школы-інтэрната са сваім настаўнікам былі не толькі сям’ёй, але і моцнай камандай. Разам яны неаднойчы перамагалі на розных спаборніцтвах, нярэдка нават на ўсесаюзных. Для школы-інтэрната з Баранавіцкага раёна перамагчы на турніры ўсесаюзнага ўзроўню — амаль што выйграць Алімпійскія гульні. І ўсё дзякуючы іх настаўніку. У 2011 годзе з сіротамі Леанід Кабяк перастаў працаваць, але месца працы не змяніў. Школа-інтэрнат у Ястрамбелі была расфарміравана, а на яе месцы стала дзейнічаць Брэсцкае кадэцкае абласное вучылішча. «З кадэтамі працаваць прасцей, чым з сіротамі. У вучылішчы ёсць правілы, якім яны падпарадкоўваюцца. Але, зноў жа, у першы год трэба да гэтага прывучаць. Усе дзеці з розных школ, у іх розны ўзровень падрыхтоўкі, рознае выхаванне. Зноў жа, гэта падлеткі, паступаюць да нас у восьмы клас. І пакуль усіх параўняеш, раскрыеш, трэба паваждацца. А ў 10-11 класах ужо прасцей: яны матываваныя, у іх ёсць мэты, і яны дзеля іх працуюць. Многія нашы выпускнікі паступаюць у сілавыя структуры, фізічная культура ім патрэбная, і яны займаюцца ўпарта і адказна не толькі на ўроках, але і на дадатковых занятках», — распавядае Леанід Мікалаевіч. З-за такога графіка сваіх выхаванцаў на рабоце ён праводзіць шэсць дзён на тыдзень: трэніровак і ўрокаў фізічнай культуры ў кадэтаў шмат. І відаў спорту, якімі яны займаюцца, хапае: футбол, баскетбол, валейбол, гандбол, настольны тэніс, лёгкая атлетыка. У графіку таксама заняткі плаваннем і агульнай фізічнай падрыхтоўкай.

«Цяжка бывае толькі штацкім, а мы людзі ваенныя, жывём па прынцыпе «не хочаш — прымусім, не ўмееш — навучым», — жартуе Леанід Мікалаевіч, адказваючы на пытанне, ці не цяжка працаваць у такім рытме.

Галоўная задача — выхаваць дзяцей здаровымі

Нярэдка ад трэнераў можна пачуць, што для развіцця спартыўнага рэзерву ім трэба супрацоўнічаць са школьнымі настаўнікамі фізкультуры, якія часцей за ўсё працуюць самі па сабе. А менавіта яны могуць на месцы ўбачыць здольнага хлопчыка ці дзяўчынку і адкрыць яму шлях у спорт. І гэта агульная праблема. Як адзначае Леанід Кабяк, раней было цяжка знайсці хлопчыка, які б не ўмеў гуляць у футбол, а сёння цяжка знайсці хлопчыка, які ўмее гуляць у футбол. Па яго словах, здараецца, што дзеці, якія паступаюць у кадэцкае вучылішча, за сем гадоў у школе не трымалі ў руках мяча. І пра які спорт у такім выпадку можна казаць? Таму, сапраўды, уся надзея на настаўнікаў фізічнай культуры.

«Настаўнік фізічнай культуры павінен быць майстрам спорту па ўсіх відах спорту. Але ў яго яшчэ шмат папяровай працы, якая забірае час. Таму настаўнік фізкультуры не павінен рыхтаваць спартсменаў. Настаўнік фізкультуры павінен быць зацікаўлены ў тым, каб як мага больш яго вучняў перадаць у дзіцяча-юнацкую спартыўную школу, дзе з іх зробяць спартсменаў. Там у трэнераў свае задачы, а ў нас свае. І самая галоўная задача настаўніка фізічнай культуры — выхаваць дзяцей здаровымі, далучыць іх да здаровага ладу жыцця», — адзначае Леанід Мікалаевіч. Прынамсі свой уклад у развіццё айчыннага спорту ён унёс. У 1996 годзе Леанід Кабяк быў узнагароджаны ганаровым знакам за развіццё фізічнай культуры і спорту ў Рэспубліцы Беларусь. І ў яго нават ёсць рэцэпт, як зрабіць так, каб дзеці самі хацелі ісці на ўрокі фізкультуры, а не прагульвалі іх пры зручнай магчымасці: «На мой суб’ектыўны погляд, адзнакі па фізічнай культуры ўвогуле варта скасаваць. Прыйшоў на ўрок, адпрацаваў у сваё задавальненне, адпачыў, разгрузіў галаву пасля задач ды дыктантаў — і шчаслівы пайшоў вучыцца далей. На ўроках фізкультуры трэба не адзнакі ставіць, а закладваць у дзецях фізічную падрыхтоўку і павышаць яе, наколькі гэта магчыма для кожнага вучня», — разважае настаўнік. Але далёка не ўсе гэта разумеюць, таму, гледзячы праўдзе ў вочы, трэба прызнаць, што фізічная культура недаацэньваецца. «У гэтым мы, настаўнікі фізкультуры, вінаватыя. Мы самі дазволілі называць сябе фізрукамі, таму што так працуем. Можа, нам не хапае агульнага ўзроўню культуры, ды і ведаў таксама. Трэба працаваць так, каб цябе называлі не фізруком, а настаўнікам фізічнай культуры і здароўя. Мы ў вучылішчы так вызначылі: усе ўрокі важныя, але фізкультура важнейшая. Чаму так? Таму што фізкультура — адзіны прадмет, які ёсць у праграме з 1 да 11 класа. Ніводны прадмет больш так не выкладаецца. І маім калегам трэба самім пра гэта памятаць», — разважае Леанід Мікалаевіч. Вось ён і нагадвае ўласным прыкладам. Урокі фізічнай культуры і здароўя, спартыўныя секцыі, раённыя, абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы — разам са сваімі падапечнымі ён усюды ў цэнтры падзей. «Самае прыемнае ў маёй рабоце — бачыць вынік. Мы, настаўнікі, не адразу яго бачым. Але, калі да нас прыязджае ў госці моцны, фізічна развіты чалавек, выхаваны, удзячны, — найлепшага задавальнення не знайсці, — дзеліцца Леанід Мікалаевіч. — Я ніколі не думаў, што змагу адпрацаваць аж 50 гадоў. Але яны былі насычаныя рознымі яркімі падзеямі, падарылі мне мноства цудоўных людзей, што праляцелі вельмі хутка. І ўсё гэта дзякуючы фізічнай культуры. У маім узросце ў асноўным жывуць успамінамі. А дзякуючы фізкультуры ў мяне вельмі шмат цёплых успамінаў».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва героя

г. Баранавічы

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.