Вы тут

Чым жыве самы малады раён Гродзеншчыны?


Адносна нядаўна Астравецкі раён нічым не вылучаўся сярод іншых раёнаў Гродзенскай вобласці. Але з пачаткам будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі ён стаў вядомы далёка за межамі Беларусі. Цяпер Астравец — горад беларускіх атамшчыкаў. Аб тым, як змяніўся раён і наколькі ён стаў прывабным для жыцця, карэспандэнту «Звязды» расказаў старшыня Астравецкага раённага Савета дэпутатаў Генадзь Бычко, які ведае ўсё не па чутках — да нядаўняга часу Генадзь Паўлавіч працаваў на пасадзе намесніка старшыні Астравецкага райвыканкама амаль пяць гадоў.


— Генадзь Паўлавіч, апошні этап будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі ішоў, як кажуць, на вашых вачах. Якія значныя змены адбыліся за гэты тэрмін у Астравецкім раёне, наколькі павялічылася якасць жыцця людзей?

— Упершыню я наведаў гэты раённы цэнтр вясной 2012 года. Працаваў тады ў суседнім Смаргонскім раёне таксама намеснікам старшыні райвыканкама. Мне цікава было пабачыць, як жывуць суседзі. Тады праехаць Астравец на машыне можна было за вельмі невялікі час. І як я здзівіўся, калі праз некалькі гадоў на ўездзе ў Астравец убачыў новы мікрараён з прыгожымі шматпавярховымі дамамі! 

Прычым гэта быў толькі пачатак вялікай будоўлі. Новыя мікрараёны з’яўляліся ў раённым цэнтры адзін за другім. Прычым яны не падобныя паміж сабой. Відавочныя старанні архітэктараў, якія маглі выкарыстоўваць свае творчыя магчымасці. У гэтым, на мой погляд, і заключаецца асноўная адметнасць горада.

Я вельмі ўдзячны горадабудаўнікам, што яшчэ на этапе праектавання былі прадугледжаны ўсе неабходныя аб’екты сацыяльнай інфраструктуры. Магазіны, школы, дзіцячыя садкі, паліклінікі, пункты грамадскага харчавання, спартыўныя аб’екты — усё, як кажуць, у крокавай даступнасці. Створаны ўсе ўмовы для камфортнага і зручнага жыцця грамадзян. 

Як кажуць: сёння ў Астраўцы няма толькі метро і касмадрома. 

А калі жартам пытаюцца, чаму я забыўся пра аэрадром, адказваю, што вуліца Аэрадромная ў райцэнтры ёсць.

Мадэрнізаваны гарадскі стадыён з цудоўным штучным пакрыццём. У 2020 годзе адчыніў свае дзверы новы спартыўна-аздараўленчы комплекс «Імпульс». Гэта — сапраўдны гонар раёна. Сучасны двухпавярховы будынак са шматфункцыянальнай спартыўнай залай, трэнажорным памяшканнем, басейнам. У гэтым комплексе праводзяцца шматлікія спартыўныя спаборніцтвы рознага ўзроўню. У маі 2023 года пачала дзейнічаць і хакейная пляцоўка. Пры дапамозе нашых партнёраў з «Расатама» пабудаваны цудоўны баскетбольны стадыён. Сёння кожная астравецкая школа мае сваю добрую спартыўную базу. Як бачыце, кожны чалавек, нягледзячы на ўзрост, знойдзе магчымасць займацца сваім любімым відам спорту.

У Астраўцы існуюць і культурныя цэнтры, дзе вядзецца разнастайная гуртковая дзейнасць. Ёсць памяшканне для заняткаў боўлінгам. Можна арандаваць веласіпеды, байдаркі. Спартыўная інфраструктура створана на самым высокім узроўні. У нас і краявіды вакол прыгожыя. Ёсць усе магчымасці для турыстычных вандровак. Можна адпачываць на рэках і азёрах, лавіць рыбу, збіраць дзікаросы. Дарэчы, нашы мясціны вельмі падобныя на карэльскія. Адным словам, сумаваць у Астраўцы не прыйдзецца.

Хачу дадаць, што змяніўся не толькі сам горад, але і аграгарадкі раёна. Дзякуючы таму, што ў апошнія гады раённы бюджэт быў прафіцытным і мы абходзіліся без дзяржаўных датацый, надавалася ўвага і невялікім населеным пунктам: асфальтаваліся вясковыя вуліцы, ажыццяўлялася іх добраўпарадкаванне, праводзіўся капітальны і бягучы рамонт жыллёвага фонду, удасканальвалася сацыяльная інфраструктура вёсак…

— У сувязі са з’яўленнем на тэрыторыі раёна ўнікальнага энергетычнага аб’екта, з пашырэннем тэрыторыі райцэнтра, актыўным жыллёвым будаўніцтвам хачу спытаць, як за апошні час змяніўся склад насельніцтва, ці выклікала гэта актыўны прыток моладзі ў раён?

— Само будаўніцтва Беларускай АЭС мела на ўвазе вялікі прыток будаўнікоў, гэта па-першае. Па-другое, чакаўся прыезд пэўнай колькасці спецыялістаў-энергетыкаў, якім у будучыні трэба было абслугоўваць станцыю. Улічваючы спецыфіку аб’екта, да нас прыбылі энергетыкі не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з іншых былых рэспублік Савецкага Саюза. У першую чаргу — атамшчыкі.

У працэсе будаўніцтва АЭС у Беларусі ішла падрыхтоўка ўласных спецыялістаў у галіне атамнай энергетыкі. Прычым іх рыхтавалі не толькі ў беларускіх навучальных установах, але і ў вучэбна-трэніровачным цэнтры, створаным непасрэдна пры станцыі. Справа ў тым, што навучацца і перанавучацца спецыялісты АЭС павінны рэгулярна. Нават пабываўшы ў водпуску, супрацоўнік станцыі павінен прайсці пэўны курс падрыхтоўкі, каб яго дапусцілі да работ на адказным участку. Дарэчы, сёння нашы беларускія атамшчыкі гатовы рыхтаваць спецыялістаў з замежжа для работы на іх АЭС.

Акрамя спецыялістаў-атамшчыкаў, насельніцтва Астраўца дапоўнілі ваеннаслужачыя, якія ахоўваюць станцыю, і члены іх сямей. Горад значна пашырыўся, павялічылася колькасць устаноў адукацыі, аховы здароўя, іншых аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Адпаведна вырасла патрэба ў спецыялістах самых розных прафесій. Напрыклад, за апошнія гады толькі педагогаў нам спатрэбілася некалькі дзясяткаў. У раённым цэнтры пабудаваныя новыя школа і гімназія, пачала дзейнічаць новая раённая бальніца, якая атрымала статус клінічнай. У яе сценах — новае сучаснае медыцынскае абсталяванне, ёсць магчымасць выконваць складаныя хірургічныя аперацыі, а гэта, як вы разумееце, патрабуе спецыялістаў даволі высокага ўзроўню. Толькі ў 2019 годзе да нас прыбыло на першае працоўнае месца 120 маладых спецыялістаў-медыкаў.

Адзначу, што замацаванасць маладых спецыялістаў па раёне складае каля 70%. Адным словам, наяўнасць атамшчыкаў у Астраўцы прыцягнула шмат спецыялістаў іншых прафесій. Прычым многія навасёлы прыехалі ў Астравец з сем’ямі, а некаторыя стварылі сем’і ўжо непасрэдна ў нашым раёне, растуць дзеці. На сёння наш раён — самы малады на Гродзеншчыне.

— За апошнія гады Астравец павялічыўся ў два разы і працягвае развівацца. У сувязі з гэтым хачу спытаць, што яшчэ прадугледжана планам развіцця горада беларускіх атамшчыкаў?

— Безумоўна, працэс развіцця працягваецца. У прыватнасці, планам прадугледжана будаўніцтва ў раённым цэнтры яшчэ адной агульнаадукацыйнай школы. Цяпер поўным ходам ідзе рэканструкцыя другой чаргі раённай паліклінікі. Калі першая частка аб’екта, які змяшчаецца на базе былой раённай бальніцы, была здадзена ў жніўні мінулага года, то другая мадэрнізуецца самымі актыўнымі тэмпамі. Гэта будзе сучасная, цалкам абсталяваная ўстанова, дзе жыхары Астравецкага раёна змогуць атрымаць поўны комплекс разнастайных медыцынскіх паслуг. Дарэчы, шэраг паслуг нашы спецыялісты аказваюць і для жыхароў найбліжэйшых раёнаў.

Плануецца пабудаваць яшчэ некалькі шматкватэрных жылых дамоў, але для гэтага нам спатрэбіцца мадэрнізаваць гарадскія інжынерныя сеткі. А яшчэ неабходна будзе правесці рэканструкцыю кацельнай гаспадаркі, перавесці цеплавыя аб’екты на новыя віды паліва. Вялікую работу па добраўпарадкаванні давядзецца выканаць у сектары індывідуальнай забудовы. На першым плане — асфальтаванне вуліц. Працягнуцца работы па ўладкаванні паркава-рэкрэацыйнай зоны з мадэрнізацыяй гідратэхнічных збудаванняў. Адным словам, планы ў нас вялікія. Спыняцца на тым, што зроблена, мы не збіраемся.

— Астравец — гэта не толькі энергетыка. Што можна сказаць пра іншыя галіны эканомікі?

— Галоўнае прадпрыемства раёна — гэта, безумоўна, БелАЭС. 

Што датычыцца перапрацоўчых прадпрыемстваў, то іх у нас няма, паколькі мы з’яўляемся сыравіннай базай для суседніх раёнаў — Смаргонскага і Ашмянскага. У раёне дзейнічае пяць сельгаспрадпрыемстваў, самыя буйныя з якіх КСУП «Гудагай» і «Гервяты». Зараз яны вядуць будаўніцтва сучасных малочнатаварных комплексаў.

Астравецкі раён пастаўляе малочную сыравіну на Ашмянскі сыраробны і Смаргонскі малочны заводы, добра вядомыя не толькі ў краіне, але і за яе межамі. 

І ў тым, што прадукцыя гэтых прадпрыемстваў карыстаецца вялікім попытам у насельніцтва, ёсць значны ўклад астравецкіх працаўнікоў. Тое ж самае можна сказаць і аб прадуктах Ашмянскага мясакамбіната. Асноўны кірунак дзейнасці нашых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — раслінаводства і вытворчасць мяса-малочнай сыравіны.

Асобна хачу адзначыць дзейнасць нашай лесаперапрацоўчай прамысловасці. Астравецкі лясгас актыўна ўдзельнічае ў сумесным праекце двух лясгасаў Гродзенскай вобласці і прадпрыемства «Гроднажылбуд» па вытворчасці з бруса драўляных дамоў — цёплых, недарагіх, якія хутка ўзводзяцца. Наколькі мне вядома, гэтую прадукцыю плануецца актыўна пастаўляць за мяжу.

У раёне таксама дзейнічаюць прыватныя прадпрыемствы рознай скіраванасці.

— У Астравецкім раёне ёсць гісторыка-культурныя помнікі, існуюць цудоўныя прыродныя мясціны. Як кіраўніцтва райвыканкама мае намер развіваць турыстычны патэнцыял?

— Галоўнай гістарычнай каштоўнасцю нашага раёна з’яўляюцца мясцовыя храмы. 

У асноўным каталіцкія, паколькі большасць насельніцтва вызнае каталіцкую веру. Некаторыя з іх проста ўнікальныя. Знакаміты Гервяцкі касцёл невыпадкова носіць назву беларускага Нотр-Дама, бо ён вядомы ва ўсёй краіне. Цікавасць у наведвальнікаў выклікаюць і храмы ў вёсках Міхалішкі, Варняны, цудоўны драўляны храм у Кемелішках. Усе гэтыя гістарычныя помнікі ўключаны ў турыстычныя маршруты, якія праходзяць па Астравецкім раёне і карыстаюцца вялікай цікавасцю ў турыстаў.

Спрабуем развіваць і прыродны турызм, у прыватнасці звязаны з Сарачанскімі азёрамі і аднайменным заказнікам. Ёсць шэраг экалагічных маршрутаў, веласіпедных і пешаходных. Фізкультурна-спартыўны комплекс арганізуе водныя паходы на байдарках і каноэ. Гэта яшчэ адзін важны кірунак развіцця турыстычнага патэнцыялу.

На тэрыторыі раёна дзейнічае шэраг аграсядзіб, якія таксама карыстаюцца папулярнасцю ў нашых гасцей. Безумоўна, мы не з’яўляемся беларускай турыстычнай Меккай, але наш раён мае вялікую турыстычную прыцягальнасць, і мы з задавальненнем запрашаем гасцей наведаць Астравецкі раён, азнаёміцца з яго культурным і прыродным багаццем.

Гутарыў Сяргей РУЧАНАЎ

Фота з архіва Астравецкага райвыканкама

Загаловак у газеце: Энергія развіцця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Падарожжа па Радзме: дзе можа адпачыць беларус?

Падарожжа па Радзме: дзе можа адпачыць беларус?

Умець праводзіць вольны час цікава і з карысцю — свайго роду талент. 

Грамадства

Пачым на рынках прадаюць расаду?

Пачым на рынках прадаюць расаду?

Пакуль у продажы ў асноўным расада кветак, лекавых і духмяных раслін, дэкаратыўных кустоў, а таксама клубніц, суніц і «суніц-клубніц».

Грамадства

Як развіваецца прыдарожны сэрвіс краіны?

Як развіваецца прыдарожны сэрвіс краіны?

Зарадныя станцыі для электрамабіляў, дыстанцыйны заказ ежы, зоны адпачынку.