Вы тут

Чым адметны нацюрморт у беларускім мастацтве


Нацюрморт, які адлюстроўвае рэчы, што належаць нейкаму ўладальніку і ўяўляюцца ўскоснай характарыстыкай іх гаспадара, і нацюрморт, што паказвае прадметы як самакаштоўныя, чым падкрэсліваецца дэкаратыўнасць выявы... Кветкі, накрыты стол на карцінах, vanitas нацюрморт... Рэалістычны, імпрэсіяністычны, кубічны нацюрморты...


Гаўрыла Вашчанка «Белыя калы», 1970 г.

Сапраўды талентавітыя майстры здаўна прымушаюць гледачоў любавацца чымсьці простым, на што звычайна чалавек не звяртае ніякай увагі. Сур’ёзна над стварэннем карцін у гэтым жанры пачалі працаваць толькі ў XVII стагоддзі. Пераасэнсавлі жанр у XIX — пачатку ХХ стагоддзя французскія мастакі. Ды што распавядаць: пра развіццё нацюрморта сказана, напісана, знята вельмі шмат. Даследчыкам засталося толькі прасочваць асаблівасці яго эвалюцыі ў сваёй краіне.

Адной з апошніх прац, звернутых да тэмы беларускага нацюрморта, быў тэматычны альбом Аляксандра Унукава 2015 года. Але наогул у публічным полі цішыня... А жанрам сучасныя мастакі не грэбуюць, колькасць твораў павялічваецца. У гэтым можна ўпэўніцца, завітаўшы ледзь не на любую мінскую выстаўку ці фестываль. І сапраўдная падзея для аматараў нацюрморта — нядаўняе адкрыццё яркай і змястоўнай часовай тэматычнай экспазіцыі «Vita Rerum: жыццё і партрэты рэчаў» у галерэі «Арт-Беларусь». У яе ўвайшлі творы не толькі з карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, але і з Нацыянальнага мастацкага музея, Беларускага саюза мастакоў і прыватных калекцый.

Валяр’яна Жолтак «Званочкі лясныя», 1958 г.

Увага да нацюрморта ў беларускім мастацтве з’явілася толькі ў другой палове ХХ стагоддзя. Напэўна, у гэты час многія аўтары зразумелі, што ў ім шмат дазволена. Тут даволі шмат свабоды, магчымасць пазбавіцца ад ланцугоў, абумоўленых жорсткімі рамкамі мастацтва таго перыяду, гістарычнымі ці рэлігійнымі патрабаваннямі. Між тым, як, мабыць, у любым нацыянальным мастацтве, нацюрморт прапаноўвае погляды аўтараў на нацыянальнаю культуру і гісторыю — тыя ці іншыя прадметы, рысы тых ці іншых з’яў, адлюстраваныя на палатне, дазваляюць рабіць высновы аб жыцці народа, аб яго асаблівасцях. Сярод тых, хто ў пасляваенны час звяртаўся да гэтага жанру, — Валяр’яна Жолтак, Соф’я Лі, Адольф Гугель, Натан Воранаў і нават Валянцін Волкаў. З развіццём мастацтва змяняліся, натуральна, і падыходы да нацюрморта. Многія творы сталі набываць, напрыклад, рысы манументальнасці, эпічнасці, уласцівыя так званаму «суроваму стылю». Узорамі ў гэтым рэчышчы з’яўляюцца карціны Хаіма Ліўшыца, Гаўрылы Вашчанкі, Ядвігі Раздзялоўскай, Альгерда Малішэўскага, той жа Валяр’яны Жолтак... Пазней, ужо ў 1970–1980-я гады, беларускі нацюрморт стаў напаўняцца філасафічным зместам, інтэлектуальнымі пошукамі, што суправаджалася наданнем аўтарамі вялікай ролі сімволіка-алегорычнаму складніку. У гэтую пару шмат сказалі Віктар Сахненка, Леанід Шчамялёў, Гаўрыла Вашчанка, Аляксандр Кішчанка, Альгерд Малішэўскі ды іншыя ў большай ці меншай ступені вядомыя майстры. Адным з найбольш распаўсюджаных у беларускім жывыпісе жанраў нацюрморт стаў, мусіць, у 1990-я, калі творцы — Мікалай Бушчык, Георгій Паплаўскі, Аляксандр Кішчанка і многія іншыя — змаглі эксперыментаваць у канцэптуальным і асацыятыўным мастацтве.

Мікалай Цыкоўскі «Нацюрморт», 1947 г.

З таго часу мастакі самі вызначаюць мэту і сродкі, якімі яна дасягаецца. А ў гледача няма дакладных схем, ключоў да разумення твора. З аднаго боку, усё, што змешчана на карціне, — істотны і самадастатковы знак, тэма для разважанняў, падказка для вызначэння сэнсу. З іншага, часам нацюрморт выяўляе ўсяго толькі аповед аб прадмеце, стаўленне аўтара да яго і, у рэшце рэшт, дазваляе апяваць прыгажосць прадметнага свету. Цяпер, калі кожны дэманструе індывідуальнае бачанне гэтага жанру, усё складаней расшыфроўваць аўтарскія задумы.

Гісторыя нацыянальнага нацюрморта даволі цікавая. Пра гэта сведчаць, натуральна, не сціплая гістарычная даведка, а выставачная прастора галерэі «Арт-Беларусь», запоўненая творамі самых розных стыляў і напрамкаў аўтарства мастакоў, якія належаць да непадобных паміж сабой эпох. І ўсё вышэйсказанае толькі дапаўняе выстаўку «Vita Rerum: жыццё і партрэты рэчаў». Многія са згаданых сёння аўтараў, а таксама іншыя папярэднікі і сучаснікі прадстаўлены адным ці нікалькімі нацюрмортамі, што здольны даць уяўленне і аб жанры ў беларускім мастацтве, і аб індывідуальнасці айчынных жывапісцаў і графікаў. Што характэрна, прысутнічаюць і работы некаторых мастакоў Парыжскай школы.

Міхаіл Кікоін «Сіні кафейнік», 1930-я гг.

— Калі рыхтавалі выстаўку, адбіралі ды кампанавалі работы, імкнуліся паказаць не проста цудоўныя нацюрмотры, не проста ўзоры беларускага жывапісу. Хацелася перадаць магутную энергію, якой валодаюць яркія і сціплыя па каларыстыцы творы ў гэтым жанры, — падзяліўся падчас адкрыцця кіраўнік праекта — куратар Карпаратыўнай калекцыі Белгазпрам-
банка Аляксандр Зінкевіч. — Многія з карцін можна лічыць пазачасавымі — настолькі яны самабытныя. Напрыклад, нацюрморт Аляксандра Кішчанкі, не ведаючы пра тое, што год яго стварэння 1960-ы, мы з упэўненасцю маглі б палічыць сучасным творам.

І ўсё ж нацюрморт, як падкрэсліваюць у галерэі «Арт-Беларусь», — гэта, перш за ўсё, аповед пра эпоху, яе бачанне мастаком. Вырашаючы пераважна эстэтычныя задачы, адмыслова ці мімаволі, стваральнік захоўвае гістарычную памяць і прапаноўвае цікавы матэрыял для будучых пакаленняў даследчыкаў гісторыі і культуры. Прынамсі, так было раней. Сёння ў выяўленчага мастацтва, у тым ліку жанру нацюрморта, ідэі і задачы змяняюцца. Але хто ведае, што будзе праз некаторы час.

Пінхус Крэмень «Клетка і рыба», каля 1950-х гг.

Што здольна асабліва прывабіць на падобных выстаўках? Вядома, работы любімых публікай сучасных мастакоў: Алесі Скарабагатай, Аляксандра Даманава, Андрэя Пяткевіча, Вольгі Мельнік-Малахавай, Уладзіміра Канцадайлава (у экспазіцыі надзвычай прыцягальныя творы майстра «Слівы» 2023 года, «Персік» 2022-га і «Месяцовыя грушы» 2005-га). А яшчэ, напэўна, экспанаты з прыватных калекцый альбо музейных фондаў, што не так часта дэманструюцца. Тут хацелася б вылучыць дзівосныя кампазіцыі, аб’яднаныя назвай «The four elements» (1995), Аляксандра Барташэвіча, некалькі насычаных колерам карцін Віктара Сахненкі (напрыклад, «Восеньскі нацюрморт» і «Нацюрморт. Рабіна», створаныя ў 1971 годзе), нетыповую работу «Кветкі» (першая чвэрць XX стагоддзя) Карла Чарняўскага, нечакана традыцыйны нацюрморт 1963 года пэндзля Георгія Паплаўскага... Пералік гэты можа доўжыцца, аднак паўсюль здзіўляе адно і тое ж — адметныя кампазіцыйныя рашэнні і вартая высокай ацэнкі назіральнасць у адлюстраванні прадметнага свету.

Работы Уладзіміра Канцадайлава ў экспазіцыі.

Выстаўка «Vita Rerum: жыццё і партрэты рэчаў» будзе працаваць да 17 сакавіка. Нацюрмотры, між іншым, змешчаны не толькі ў галерэі «Арт-Беларусь», але і на сценах калідораў Палаца мастацтва, а таксама ў прасторы ZAL #2.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.