Вы тут

Падвялі вынікі «Фактар.by». Хто стаў пераможцам?


Завяршыўся трэці сезон праекта «Фактар.by». Пераможца вызначаны — ім стаў 19-гадовы случчанін Данііл Савеня, падапечны Сярогі. Акрамя яго, у тройку суперфіналістаў увайшлі Аляксей Будзько з каманды Вольгі Бузавай і Маргарыта Шыбаева — падапечная Руслана Алехно. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на суперфінале аднаго з самых папулярных беларускіх музыкальных шоу і даведалася, як ішла падрыхтоўка да прамога эфіру і якія ўражанні ад праекта склаліся ў яго удзельнікаў.


За кулісамі ўчора было шумна, шматлюдна, у паветры лунала крыху хвалюючая атмасфера, а госці час ад часу абмяркоўвалі адно даволі лагічнае пытанне: хто усё ж-такі стане пераможцам? 

Для Маргарыты Шыбаевай гэты вечар вельмі кранальны. Суперфіналістка з камандай грымёраў спачатку з хваляваннем рыхтавала вобраз да апошняга прамога эфіру, а потым выйшла адказаць на пытанні журналістаў і паразмаўляць з группай падтрымкі. Па яе словах, выходзіць на сцэну «Фактар.by» у апошні раз, разумеючы, які шлях быў пройдзены, крыху сумна, бо менавіта на праекце дзяўчына не толькі стала больш упэўненай у сваіх сілах, але і ўсвядоміла, што яна артыст і сапраўды знаходзіцца на сваім месцы.

— Не хочацца, каб праект заканчваўся, але ўсё ж-такі правілы ёсць правілы, — адзначае суперфіналістка. — Я планую сёння паставіць прыгожую кропку. А калі ўспамінаць увесь творчы шлях на «Фактар.by», напэўна, першы эфір мне запомніўся больш за ўсе астатнія: гэта неверагодныя эмоцыі, першыя здымкі на вялікай сцэне. Дарэчы, я не адразу зразумела, у які маштабны праект трапіла. І я вельмі ўдзячна ўсёй камандзе «Фактар.by» за тое, што гэта шоу сапраўды стала для мяне домам, дзе заўсёды цёпла, утульна, — распавяла ўдзельніца каманды Руслана Алехно.

Да эфіру застаецца зусім мала часу. Каманда «Фактар.by» амаль што гатова. Асабліва напружана каля грымёрных, бо менавіта там зараз знаходзяцца суперфіналісты. У кожнага з выступоўцаў перад выхадам на сцэну існуе рытуал, які абавязкова павінен прывесці да поспеху: Данііл Савеня з групай падтрымкі настройваецца на перамогу асобна ад усіх, Маргарыта Шыбаева трымаецца стойка, усміхаецца, ахвотна адказвае на пытанні гасцей. Мы сустрэлі там і Аляксея Будзько, падапечнага Вольгі Бузавай, і спыталі ў яго, ці хвалюецца ён і да якіх высноў прыйшоў напрыканцы ўдзелу ў праекце:

— Мне зараз не хочацца распыляцца, а ўсе свае ўменні і энергію я планую праявіць у апошнім прамым эфіры, — дзеліцца думкамі суперфіналіст. — Дзякуючы праекту, я памяняў сваё меркаванне наконт работы са сцэнай. Да ўдзелу ў «Фактар.by» для мяне як для артыста было важна добра праспяваць, вакальна данесці сваю ідэю, але цяпер, калі я папрацаваў з прафесіяналамі, я зразумеў, што сапраўдны нумар артыста — не толькі спевы, але яшчэ шмат іншых складнікаў. Я стаў насамрэч больш дасведчаным у сваёй справе, — сказаў Аляксей Будзько перад самым пачаткам эфіру. 

Адкрывае шоу падапечная Руслана Алехно Маргарыта Шыбаева з песняй «Tattoo», наступным выступае Данііл Савеня з каманды Сярогі з песняй «Асветніца» і адпаведна апошні – Аляксей Будзько з песняй «Sugar». Падчас суперфінала ўдзельнікі павінны выканаць дзве песні: першую абралі гледачы, другую — сам выканаўца. 

Падтрымаць Данііла Савеню прыехалі педагог па вакале, бацька, сястра, канцэртмайстар і некаторыя сябры з каледжа. Верагодна, дзякуючы такой каласальнай падтрымцы і, перш за ўсё, вакальным здольнасцям яму і ўдалося дасягнуць перамогі.

— Падчас удзелу ў праекце мы выконвалі сваю задачу: дарылі гледачу цяпло, натхненне, зарад на светлую будучыню — і гэта, на мой погляд, вельмі важна, — адзначае Данііл. — Мне самому вельмі спадабаліся нумары, якія я выканаў сёння — «Асветніца» і «Живой». 

Данііл Савеня нарадзіўся ў Слуцку. Творчы шлях у яго сапраўды цікавы. Юнак 9 гадоў вучыўся ў Маладзечне — у мясцовай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку. А яшчэ ён — пераможца конкурсу маладых выканаўцаў на Нацыянальным фестывалі песні і паэзіі «Маладзечна-2023»: 

— Задача кожнага паспяховага чалавека — ставіць перад сабой недасяжныя мэты, непакорныя вяршыні. Адназначна ідучы на «Фактар.by» я разумеў, што гэтую вяршыню вельмі цяжка пакарыць, — скромна адзначае пераможца. — Як я сказаў у адным са сваіх інтэрв’ю, абмежаванні і рамкі толькі ў нас у галаве. 

Асаблівую ўдзячнасць хлопец выказаў свайму настаўніку Сярогу (Сяргею Пархоменку). 

— Працаваць з ім мне было вельмі камфортна. Без усялякага сораму скажу, што дзякуючы яму я зразумеў вельмі многае. «Фактар.by» даў мне магчымасць развіцца тэхнічна і духоўна, пазнаёміцца з выдатнымі людзьмі. Мне цяжка сыходзіць адсюль. Я буду з цяплом і шчымлівасцю ў сэрцы ўспамінаць гэты час. І я б не хацеў называць гэты праект конкурсам, гэта хутчэй спроба сваіх сіл. Канкурэнцыі ў такім агульнапрынятым сэнсе тут няма. Хто стане пераможцам, вырашае выключна глядач. І кожны з нас, я ўпэўнены, імкнуўся зрабіць усё магчымае. 

— Адкрыю заслону таямніцы: я да некаторага часу сумняваўся, ці варта ісці на праект увогуле, ці змагу я, – працягвае пераможца. – Але прыйшоўшы на кастынг, асабліва калі Сяргей Васільевіч уручыў мне зорку, я зразумеў, што пачынаецца нейкі новы этап у маім жыцці. Выконваць песню «Асветніца» было вельмі сімвалічна, бо нядаўна завяршыўся год міра і стваральнай працы, а яна з’яўляецца маніфестам, які гаворыць пра тое, што людзям трэба азірнуцца і паглядзець, якая ў нас прыгожая краіна, які прыгожы беларускі народ. Кожны раз, выконваючы гэтую песню, я выконваю яе па-іншаму. 

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант напрыканцы адзначыў, што «Фактар.by» — праект, карысны не толькі для нашай эстрады, тэлебачання, але і для культуры ў цэлым. Спадзяемся, працяг будзе, і ў гледачоў паявіцца шанец пазнаёміцца з новымі талентамі краіны.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота Віктар ІВАНЧЫКАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.