Вы тут

«Калі ласка!» — запрашэнне з Татарстана


Пяць гадоў назад, у 2023 годзе, у Казані пабачыла свет анталогія беларускай паэзіі на татарскай мове. Пад адно вокладкай сабраны творы 30 беларускіх пісьменнікаў. Адкрыў зборнік «Хуш калісэз — Калі ласка!» пераклад славутага ўрыўка з прадмовы Францыска Скарыны да выдадзенай ім акнігі «Юдзіф». 

А следам былі змешчаны вершы Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Міхася Чарота, Уладзіміра Дубоўкі, Петруся Броўкі, Пятра Глебкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Рыгора Барадуліна, Янкі Сіпакова, Юрыя Сапажкова, Міколы Чарняўскага, Віктара Гардзея, Раісы Баравіковай, Міхася Пазнякова, Валерыя Пазнякова, Міколы Мятліцкага, Уладзіміра Марука, Таццяны Сівец і іншых класікаў і сучаснікаў. Укладальнікамі кнігі выступілі: з беларускага боку — Алесь Бадак, з татарскага — Рэнат Харыс. Усе творы беларускіх паэтаў на сваю родную мову пераўвасобіў народны паэт Татарстана Рэнат Харыс.

Крыху пра Рэната Харыса. Нарадзіўся будучы татарскі пісьменнік 6 мая 1921 года. У вёсцы Елховае Возера Цыльнінскага раёна Ульянаўскай вобласці. У сям’і сельскіх настаўнікаў. Закончыў Казанскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. У 1963 — 1964 гг. настаўнічаў у Арскім педагагічным вучылішчы (Татарстан). У 1965 — 1971 гг. працаваў літсупрацоўнікам у розных рэдакцыях Татарскай АССР. З 1971 па 1973 гг. — адказны сакратар Саюза пісьменнікаў Татарскай АССР. З 1971 па 1974 гг. пісьменніцкую арганізацыю буйнай аўтаномнай рэспублікі Расіі ўзначальваў паэт Закі Нуры. Маладзейшы на два дзесяткі гадоў за свайго маладога калегу, пісьменнік і кіраўнік творчага саюза меў баявы вопыт, быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Свой першы бой 19-гадовы пагранічнік Закі Нурутдзінаў (сапраўднае прозвішча Закі Нуры) прыняў у Беларусі, у чэрвені 1941-га... Пасля былі новыя баі, акружэнне, фронт, які адкаціўся на Захад. Малады татарын застаўся на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі. Пашчасціла патрапіць у партызанскі атрад. Спярша пагранічнік становіцца падрыўніком. Узрывае чыгуначныя масты, эшалоны, нямецкую тэхніку. З часам легендарны Канстанцін Заслонаў прызначае Закі камандзірам коннай разведкі. Атрад на той час становіцца партызанскай брыгадай... У шэрагах народных мсціўцаў Закі Нурутдзінаў знаходзіўся да самага вызвалення Віцебшчыны, Беларусі. Адзнакі баявых подзвігаў партызана-татарына — ордэн Айчыннай вайны II ступені і медаль «Партызану Айчыннай вайны» I ступені. Учарашняга партызана прызначаюць намеснікам старшыні Аршанскага гарвыканкама. Закі займаецца аднаўленнем народнай гаспадаркі. На памяць прыходзяць веды, якія ён набыў у лесатэхнічным тэхнікуме. І яшчэ малады чалавек піша вершы на роднай татарскай мове. У Беларусі Закі пазнаёміўся — яшчэ ў партызанскім атрадзе — з дзяўчынай Валяй. З ёю і вярнуўся праз колькі гадоў у родны Татарстан. 

 
Адзін з першых вершаў татарскага паэта пра Беларусь:
Да світання прабыўшы ў дазоры,
Як і хвоі,
Я ўвесь у расе,
Што вартуюць спрадвек касагоры
І палеткі ў вясновай красе. 
 
З лугавін узыходзяць туманы.
Сонца бліснула ў кронах ярчэй.
І настой я ўдыхаю
духмяны,
Што ад явараў белых цячэ.
Дол ігліцаю леташняй хруснуў.
Я іду
і вось-вось запяю.
Ранак ціхі ў бары беларускім,
Я напомніў ты Волгу маю!
(Пераклад Івана Калесніка). 
 
...Працуючы поруч з старэйшым таварышам, штодня сутыкаючыся з ім, Рэнат Харыс даволі шмат чуў ад свайго кіраўніка добрых слоў пра Беларусь і беларускую літаратуру, пра беларускіх паэтаў. Закі Нуры не аднойчы наведваўся ў Оршу, у Мінск. Быў адзначаны званнем ганаровага грамадзяніна горада Орша. 
 
Вось у прадмове да кнігі «Калі ласка...» народны паэт Татарстана Рэнат Харыс і піша: «Асаблівая цікавасць да Беларусі ўзнікла ў мяне недзе ў 1971 годзе ў перыяд працы адказным сакратаром Саюза пісьменнікаў Татарстана. Тады старшынёю Саюза пісьменнікаў Татарстана працаваў вядомы паэт Закі Нуры (Нурутдзінаў Закі Шарафутдзінавіч). Ён часта ўспамінаў пра сваё „лясное“ жыццё ў час вайны, калі ён змагаўся супраць фашыстаў у партызанскім злучэнні Канстанціна Заслонава... <...> Пра гэты перыяд свайго жыцця ён напісаў у кнізе апавяданняў „І мёртвыя помсцілі“. Ганаровы грамадзянін горада Орша Закі Нуры заўсёды падтрымліваў кантакт з беларускімі пісьменнікамі, перакладаў на татарскую мову іх творы і выдаваў кнігі». 
 
Верш Закі Нуры — «Мая любоў нязгасная да Беларусі»: 
Хоць наша Перамога назаўжды
Мяне даўно з табою разлучыла,
Ды не забудуцца ніколі дні,
Калі хадзіў дарогамі тваімі
І грэўся каля вогнішчаў лясных. 
 
Нярэдка пра паходы ўспамінаю.
І хоць нялёгкай спарваю хзаняты,
Здаецца, на будоўлях я тваіх, 
Здаецца, на палях тваіх не госць я, 
Дзе з небам збажына гамоніць. 
(Пераклад Івана Калесніка). 
 
Быў і другі важны штуршок да развіцця беларускіх зацікаўленняў Рэната Харыса... У вёсцы Пячышчы Верхне-Услонскага раёна на беразе Волгі адкрыўся музей класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Народны пясняр Беларусі знаходзіўся ў Татарстане ў эвакуацыі. Музей быў створаны ў многім дзякуючы падтрымцы Закі Шаруфутдзінавіча. «... У гэтым музеі, — чытаем у прадмове Рэната Харыса, — праз жыццё і творчасць Янкі Купалы, для мяне шырэй адкрыліся дзверы ў свет беларускай літаратуры. Побач са знакамітымі па школьных падручніках Янкам Купалам і Якубам Коласам паўсталі Максім Танк, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў і іншыя. Неверагодных масштабаў бяда, прынесеная фашыстамі на беларускія землі, з узрушаючай сілай адлюстроўваецца ў іх творах і пераўтвараецца ў гімн багатырскай вынослівасці і жыццялюбству беларускага народа».
 
Рэнат Харыс у 1973 — 1982 гг. займаў пасаду намесніка міністра культуры Татарскай АССР. У 1982 — 1989 гг. паэт — галоўны рэдактар літаратурнага часопіса «Казан утлары». У 1990 — 1995 гг. — рэдактар газеты «Татарстан хэбэрлэра» і адначасова — старшыня Мандатнай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Татарстан. Наступныя чатыры гады пісьменнік займае пасаду намесніка Старшыні Дзяржаўнага Савета Рэспублікі Татарстан. З 1999-га года Рэнат Харыс — член Пастаяннай Камісіі Дзяржаўнага Савета Рэспублікі Татарстан па сацыяльных пытаннях, справах дзяцей і моладзі, старшыня Камісіі па ўсталяванню ідэнтычнасці тэкстаў законаў Рэспублікі Татарстан на татарскай і рускай мовах. Р. Харыс быў народным дэпутатам парламента Рэспублікі Татарстан трох скліканняў. 
 
Рэнат Харыс не аднойчы наведваў Беларусь. У 2009 годзе паэт прыняў удзел у Дні беларускага пісьменства ў Смаргоні. Наведаў Кушляны, пазнаёміўся з Літаратурным музеем Францішка Багушэвіча. У тыя вераснёўскія дні разам з татарскімі пісьменнікамі (гасцяваў у Беларусі разам з Рэнатам Харысам і другі народны паэт Татарстана — Роберт Мінулін) у Смаргоні былі і беларускія творцы — Мікола Мятліцкі, Алесь Бадак, Юрый Сапажкоў, Віктар Шніп... А за тры гады перад гэтым, у 2006-м, татарскі перакладчык беларускай паэзіі наведаў на Віцебшчыне мемарыяльны комплекс «Рыленкі» (гэта ў Дубровенскім раёне) , дзе пахаваны татарскі кампазітар Фарыд Ярулін — аўтар балета «Шурале». Ярулін загінуў каля вёскі Ніжняя Тухіня ў кастрычніку 1943 года... З прадмовы Рэната Харыса да анталогіі беларускай паэзіі на татарскай мове: «...Гэтая старонка звязана і з подзвігам Мусы Джаліля і яго паплечнікаў. У лютым 1943 года 825-ы батальён легіёна „Ідэл-Урал“, створаны і адпраўлены фашыстамі для барацьбы з беларускімі партызанамі, менавіта тут, на Віцебскай зямлі, паўстаў і перабіўшы сваіх камандзіраў, перайшоў на бок партызан, і 506 чалавек папоўнілі партызанскі атрад Гурко. У гэтай старонцы ваяваў, недалёка ад горада Оршы застаўся ў акружэнні і патрапіў у палон аўтар рамана „Разбураны бастыён“, аповесці „Паміж жыццём і смерцю“ Набі Даўлі . І ён захоплена гаварыў пра беларускі народ...» 
 
Гартаю кнігу «Калі ласка...» (яна выйшла ў Казані накладам 500 экзэмпляраў) і разважаю пра тое, што яе з’яўленне на свет у 2018 годзе — як своеасаблівы мост для далейшага развіцця беларуска-татарскіх літаратурных стасункаў. Праз год, у 2019 годзе, у Казані выйдзе яшчэ адна беларуская кніга: «Санеты» Янкі Купалы. Арганізаваў гэта выданне ізноў жа Рэнат Харыс... Памятаеце купалаўскія радкі?.:
 
На суд вам, кніжнікі, сябе я аддаю,
Судзіце па стаццях, як піша ваш закон;
Было ж жыццё мне — узаконены прыгон,
Хоць я не даў вам і не дам стаптаць душу сваю. 
 
Мінаў я вашу фарысейскую сям’ю, 
Мяне не збэсціў вашым ідалам паклон,
Калі ж з грудзей і вылятаў пракляцця стогн,
То кляў я сам сябе і мук сваіх змяю. 
 
Нічым грашыць ад вас грашнейшым я не ўмеў, — 
Піў чарку крыўды і цярпення — усё да дна,
І не спаганіла мяне аблуда ні адна. 
 
Адзін грэх толькі лёг мне на душу, як леў,
Праступак, суддзі, мой: я сэрца, сэрца меў!
Але ці ж гэта так страшэнная віна?!
 
У 2019 г. і у Мінску выйшаў зборнік «Санетаў» Купалы на мовах народаў свету. Усяго, акрамя мовы арыгіналу, — на 16 мовах: армянскай, грузінскай, іспанскай, кітайскай, літоўскай, мангольскай, рускай, сербскай, славацкай, табасаранскай, украінскай, французскай, чачэнскай, чувашскай, шорскай... І на татарскай — згаданы пераклад народнага паэта Татарстана Рэната Харыса. 
 
Паэту, перакладчык , лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі Рэнату Харысу ў маі 2024 года споўніцца 83 гады. Добра было б, не чакаючы іншай, болей круглай даты, адзначыць шчырага прапагандыста беларускага мастацкага слова. І творчымі, і дзяржаўнымі ўзнагародамі... І лішні рпаз праявіць перакладчыцкую зацікаўзленасць да творай самога Рэната Харыса — таксама не лішні беларускі клопат. Шматгадовая ўвага да беларускай нацыянальнай паэзіі дарагога каштуе! Нізкі паклон за гэта народнаму паэту Татарстана Рэнату Харысу!..
 
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.