Вы тут

У Нацыянальнай бібліятэцы прэзентавалі кнігу пра сімвалы беларускай дзяржаўнасці


У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя кнігі Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці: гісторыя сімвалаў беларускай дзяржаўнасці». Дыхтоўна выдадзеная кніга пабачыла свет у Год міру і стваральнай працы ў выдавецтве «Беларусь», а нарадзілася яна з аўтарскага праекту вядомага гісторыка і грамадска-палітычнага дзеяча Ігара Марзалюка на беларускім тэлевізійным канале «Сталічнае тэлебачанне».


«І тэлепраект, і гэта кніга — пра самае галоўнае для мяне. Як для гісторыка, як для беларуса. А значыць, як для чалавека, для якога словы „Радзіма “ і „патрыятызм“ — не пусты гук, не страсенне паветра. Яна — пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці. Пра нашы сімвалы і вытокі. Пра нас. Пра нашых продкаў».

Такімі словамі ад аўтара пачынаецца кніга, з якой на аснове багата прыведзеных гістарычных фактаў, у суправаджэнні мноства найцікавейшых ілюстрацый можна даведацца і гісторыю беларускай сімволікі, і асэнсаваць пакручасты шлях нашага народа да ўласнай незалежнай дзяржавы. Полацкае княства, Усяслаў Чарадзей, Кірыла Тураўскі, Давыд Гарадзенскі, Вітаўт Вялікі, Францыск Скарына, Леў Сапега, Адам Кіркор, Грунвальдская бітва, Статут Вялікага княства Літоўскага... Аўтар ахоплівае, бадай, усе знакавыя постаці і падзеі «святой зямлі пад белымі крыламі», цытуе не толькі дакументы, але і літаратурныя творы розных эпох. Падчас сустрэчы з чытачамі дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк распавёў, як збіраліся матэрыялы для кнігі, як яна стваралася, што для аўтара было першасным у працэсе стварэння. У чарговы раз звярнуў увагу прысутных на важнасць гістарычнай памяці. Пра гэтую памяць аўтар можа расказаць шмат са сваёй практыкі як навукоўца-гісторыка — пад кіраўніцтвам Ігара Марзалюка праводзіліся даследаванні помнікаў археалогіі Магілёўскага Падняпроўя і Пасожжа эпохі Сярэднявечча і ранняга Новага часу — курганных могільнікаў X—XІІІ стст., гістарычных цэнтраў горада і гарадзішчаў.

Зразумела, прагучала шмат пытанняў ад публікі, атрымалася сапраўдная дыскусія на тэму каштоўнасцяў і традыцый беларускага народа. Аўтар даваў разгорнутыя і пераканаўчыя адказы, абапіраючыся на факты. Але ў разважаннях пра лёс сваёй Радзімы не можа не быць месца эмоцыям. «Сваю нацыянальную ідэю беларускі народ фармулюе проста і дакладна: „Быў, ёсць, буду!“ На сваёй зямлі ў сваёй незалежнай дзяржаве. Бо толькі ва ўласным нацыянальным доме мы можам і павінны „людзьмі звацца“. Болей аптымізму! Мы яго заслужылі! Над намі наша, беларуская птушка бусел, з намі мудрасць і магутнасць нашай зямлі, увасобленая ў несакрушальнай моцы беларускіх зуброў. З намі наша крынічнае беларускае слова, хараство, пяшчота і прыгажосць нашых жанчын, мудрасць нашых продкаў, увасобленая ў пабудаваных імі храмах, замках, ратушах. З намі наш беларускі свет, наша беларускае сумоўе, наша зямля, наша сонца, наша паветра!» — узнёсла сцвярджае напрыканцы сваёй кнігі Ігар Марзалюк.

Кнігу «Сімвалы беларускай вечнасці» можна набыць у кніжных крамах, яна адрасаваная шырокаму колу чытачоў, будзе цікавая і моладзі, і сталым людзям.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.