11 кастрычніка ў другім чытанні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі праект Закона «Аб змяненні кодэксаў», які прадугледжвае комплексную карэкціроўку Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Замацоўваюцца новыя інстытуты грамадзянскага права, уніфікуецца заканадаўства нашай краіны з грамадзянскім заканадаўствам дзяржаў — членаў ЕАЭС, удасканальваюцца нормы кодэкса з улікам практыкі яго прымянення. Акрамя таго, змяненні закрануць Банкаўскі, Працоўны і Жыллёвы кодэксы..
Усе навацыі накіраваны на справядлівасць у вырашэнні пытанняў грамадзян і суб’ектаў гаспадарання, стымуляванне законапаслухмяных і добрасумленных адносін усіх удзельнікаў праваадносін да сваіх правоў і абавязкаў. Аб некаторых новаўвядзеннях падчас прэс-канферэнцыі расказала старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Святлана Любецкая.
Канцэптуальна мяняецца падыход да адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў. Нормы Грамадзянскага кодэкса, якія рэгламентуюць гэтае пытанне на бягучы момант, прадугледжваюць адказнасць «без віны» і не дазваляюць улічыць законапаслухмяныя паводзіны кіроўцаў. Здараюцца выпадкі, калі падчас дарожна-транспартнага здарэння кіроўца транспартнага сродку не парушае Правілы дарожнага руху, але не па яго віне, а па грубай неасцярожнасці пацярпелага, адбываецца ДТЗ, у выніку якога наносіцца шкода здароўю і жыццю, напрыклад, пешахода.
«У гэтым выпадку закон не дапускаў адмовы ад пакрыцця такой шкоды, у тым ліку маральнай, — адзначыла Святлана Любецкая. — Сёння з улікам шырокага грамадскага абмеркавання, у тым ліку з удзелам практыкаў, навуковай супольнасці, закон прадугледжвае магчымасць адмовы пакрыцця шкоды, нанесенай жыццю і здароўю ў выпадку, калі яна наступіла ў выніку грубай неасцярожнасці пацярпелага і адсутнасці віны прычыніцеля шкоды. Пры гэтым абставіны павінны сведчыць аб тым, што дзеянні кіроўцы не былі звязаны з парушэннем правілаў эксплуатацыі транспартнага сродку, Правілаў дарожнага руху».
Раней такія сітуацыі выклікалі судовыя спрэчкі. У кіроўцаў транспартнага сродку ўзнікала непаразуменне, чаму яны павінны пакрываць нанесеную ў выніку ДТЗ шкоду ў выпадку ўласнай невіноўнасці ў аварыі.
З мэтай папярэджання правапарушэнняў, а таксама злачынстваў з удзелам падлеткаў выключаецца магчымасць адкрыцця непаўналетнімі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў разліковых бягучых рахункаў без згоды іх законных прадстаўнікоў (бацькоў, усынавіцеляў, папячыцеляў).
«Такія асобы могуць адкрываць у банку разліковыя бягучыя рахункі толькі з базавымі ўмовамі абслугоўвання — для атрымання стыпендыі, заработнай платы — без згоды бацькоў, — патлумачыла дэпутат. — Ва ўсіх астатніх выпадках для таго, каб дзіця атрымала плацёжную банкаўскую картку, патрэбна будзе згода аднаго з бацькоў. Гэта пацягне памяньшэнне злачынстваў у галіне незаконнага абароту псіхатропных і наркатычных сродкаў. Бацькі павінны ведаць, якімі грашовымі сродкамі карыстаецца іх дзіця, для чаго яму неабходная банкаўскай картка і куды ідуць пералічэнні».
Для адкрыцця разліковых бягучых рахункаў у банку непаўналетнімі дастаткова будзе згоды аднаго з законных прадстаўнікоў.
Прадугледжана выключэнне так званай двайной адказнасці суб’ектаў гаспадарання за невыкананне грашовых абавязацельстваў. Згодна з дзеючым заканадаўствам, пры невыкананні грашовых абавязацельстаў наступала адказнасць, у тым ліку ў выглядзе няўстойкі і працэнтаў.
Па словах парламентарыя, часам узнікалі такія сітуацыі, калі няўстойка, а тым больш працэнты, у сувязі з працягласцю перыяду шматразова прывышалі суму абавязацельства. «Фактычна такая адказнасць насіла характар кабальнай, — звярнула ўвагу Святлана Любецкая. — Сёння зменены падыход да двайной адказнасці, і працэнты ў выпадку, калі прадугледжана няўстойка, не падлягаюць спагнанню».
Для выключэння злоўжыванняў у плане адказнасці за невыкананне абавязацельстваў уносяцца змяненні, якія датычацца рэарганізацыі юрыдычных асоб. З улікам выпадкаў сыходу юрыдычных асоб ад адказнасці за кошт рэарганізацыі, якія назіраюцца апошнім часам, замацоўваецца шэраг гарантый правоў крэдытораў пры рэарганізацыі юрыдычных асоб.
«У адпаведнасці з унесенымі змяненнямі, у выпадку рэарганізацыі юрыдычнай асобы адказнасць за невыкананне абавязацельстваў будуць несці як асоба, якая рэарганізуецца, так і тыя суб’екты, якія будуць створаны ў выніку такой рэарганізацыі, а таксама ўласнікі, кіраўнікі, упаўнаважаныя на дачу ўказанняў па рэарганізацыі, — канстатавала Святлана Любецкая. — У выпадку, калі рэарганізаваная асоба застаецца без сродкаў, а рэарганізуемая асоба таксама не мае магчымасць выканаць абавязацельства, будзе наступаць субсідзіярная адказнасць усіх вышэй указаных асоб».
У грамадзянскі абарот уводзяцца новыя інстытуты. У прыватнасці, канвертуемая пазыка, накіраваная на стымуляванне дзейнасці па развіцці стартапаў. Змяненні датычацца і безадзыўнай даверанасці, запэўнення ў абставінах, калі бакі гарантуюць дакладнасць усіх звестак у адносінах свайго фінансавага становішча, абавязацельстваў, сапраўднасці ўпаўнаважаных асоб на выкананне тых ці іншых дзеянняў.
Змяненні закрануць і шэраг іншых момантаў жыццядзейнасці грамадства. Як расказала Святлана Любецкая, у ходзе работы над законапраектам працоўнай групай было разгледжана звыш 350 заўваг і прапаноў. Многія з іх знойдуць адлюстраванне ў абноўленым Грамадзянскім і іншых кодэксах.
Палажэнні Закона «Аб змяненні кодэксаў» уступяць у сілу праз год пасля яго афіцыйнага апублікавання. Гэтага часу дастаткова, каб грамадзяне, юрыдычныя асобы, адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі і іншыя ўдзельнікі грамадзянскага абароту змаглі дэталёва вывучыць змяненні, якія ўносяцца, а таксама прыняць меры, звязаныя з іх рэалізацыяй пасля ўступлення закона ў сілу.
Вераніка КАНЮТА
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.