Вы тут

«Жаночая сіла: змяняць, ствараючы». Надзея Лазарэвіч: Мне імпануюць людзі, якія займаюцца справай


Надзея Анатольеўна Лазарэвіч нарадзілася ў Мінскай вобласці. Дзве вышэйшыя адукацыі, эканамічная і юрыдычная, атрымала ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Трэцяя вышэйшая — Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працавала ў «Белтэлерадыёкампаніі», першым намеснікам гендырэктара холдынгу «САЛЕА», генеральным дырэктарам ААТ «Бабруйскаграмаш». У лютым 2022 года прызначана намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, затым — першым намеснікам старшыні. Ажыццяўляе кіраўніцтва дзейнасцю па рэалізацыі дзяржаўнай эканамічнай палітыкі, каардынуе работу прамысловага комплексу, гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва, транспарту і сувязі. Арганізоўвае падрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі кадраў. Замужам, мае дачку.


Першае ўражанне аб чалавеку, як правіла, — самае дакладнае. Тая першая, памятная для мяне сустрэча з Надзеяй Лазарэвіч здарылася на прадпрыемстве, куды яна прыехала знаёміцца з калектывам, а я — рабіць пра гэта рэпартаж. І з першых хвілін адчула: гэтая далікатная, але моцная жанчына надзелена высокай кампетэнтнасцю, самадастатковасцю, лёгкасцю ў зносінах і алмазным стрыжнем у характары (неяк не магу прымяніць да яе азначэнні «жалезны» або «стальны»).

А яшчэ я тады ўбачыла ў Надзеі Анатольеўне абсалютна вывераную і абгрунтаваную жорсткасць, якой не хапае некаторым кіраўнікам, — для карысці справы, для працвітання роднай Беларусі. Мабыць, пералічаныя якасці і складаюць стыль кіраўніцтва Надзеі Лазарэвіч. Дарэчы, на падобных сустрэчах з працоўнымі калектывамі яна заўсёды дакладна вызначае, хто гатовы ісці за ёй, і сумленна адказвае на пытанні, бо лічыць, што толькі тады ёй будуць давяраць. А давер людзей для яе вельмі важны. Так было ўсюды, дзе яна працавала, так і цяпер.

Як удалося стратнае прамысловае прадпрыемства зрабіць прыбытковым? Што дапамагае спраўляцца з вялізным спісам абавязкаў? Якія якасці асабліва каштоўныя ў людзях? Пра гэта і многае іншае гутарым з першым намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Надзеяй Лазарэвіч.

— У 2018 годзе Вас прызначылі Генеральным дырэктарам ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Бабруйскаграмаш». Да гэтага Вы працавалі намеснікам дырэктара прамысловай кампаніі, жылі ў Мінску. Муж, дачка, наладжаны быт... Не спалохаліся пераезду? Былі сумненні, ваганні?

— Мне прапанавалі ўзначаліць унікальнае прадпрыемства — «Бабруйскаграмаш». Узгадняючы мяне на гэту пасаду, кіраўнік дзяржавы сказаў, каб я паказала, як трэба працаваць. Прыехаўшы на прадпрыемства, убачыла, наколькі складаная там сітуацыя. Але не спалохалася, наадварот: зразумела — спраўлюся. І праз паўгода мы сталі выходзіць на чысты прыбытак.

— Вы прыйшлі на стратнае прадпрыемства, дзе да Вас змянілася некалькі кіраўнікоў. Ці мелі праграму дзеянняў або вызначалі сваю стратэгію, так бы мовіць, з чыстага ліста?

— Я люблю і ведаю прамысловасць, гэта адыграла вялікую ролю. Акрамя таго, там былі добрыя спецыялісты, якім трэба было проста ставіць задачы. У мяне было чатыры баявыя намеснікі, два з іх перайшлі са мной з холдынгу «САЛЕА», а два іншыя — людзі служывыя, за парадкам глядзелі, без дысцыпліны нельга. Дапамог і мой баявы характар: для мяне не было праблемы паехаць да кіраўніка вобласці, вырашыць тое ці іншае пытанне. Ужо праз год усе пяць заводаў холдынгу пачалі працаваць, потым мы яшчэ адно прадпрыемства да сябе далучылі... Вось так і падымаліся з каленяў.

У мяне такі стыль работы, што ў пачатку калектыў пакутуе ад маёй патрабавальнасці, а потым — пакутуе без мяне. Мне да гэтага часу тэлефануюць рабочыя з Бабруйска, сумуюць, і я па іх сумую і хвалююся за іх. Там жа людзі, якіх я амаль усіх ведала ў твар, калі ішла ў цэхі, патрабавала і дабівалася выніку…

Я прапрацавала ў холдынгу тры гады, і ўвесь час чакала кіраўніка дзяржавы: мне вельмі хацелася яму паказаць, чаго мы дабіліся. Але ён туды прыехаў, калі я ўжо працавала ў Мінску. Тым не менш, я была ў спісе ўдзельнікаў, і сустракала Аляксандра Рыгоравіча на прадпрыемстве. Ён тады спытаў — ці мая гэта гаспадарка. Адказала сцвярджальна. Прэзідэнт ацаніў пазітыўна работу холдынгу.

— Ваша цяперашняя пасада сумяшчае ў сабе шматпрофільнасць, шматзадачнасць і медыйнасць. Адказваеце не за адзін суб’ект гаспадарання, а за мноства кірункаў, пры гэтым Вы ўвесь час на вачах. Ці ёсць страх памыліцца, прыняць няправільнае рашэнне?

— Я прывыкла шмат працаваць, рабіць усё хутка, і рашэнні — узважаныя і прадуманыя — прымаю гэтак жа хутка. Так, прадуманыя, таму не баюся за іх, але, здараецца, хвалююся. Гэта ў межах маіх кампетэнцый. Калі ёсць рашэнне вышэйшых службовых асоб, я ведаю, што яго трэба выконваць. Але калі ў мяне спытаюць маё меркаванне, то магу ўступіць у дыялог на самым высокім узроўні, і я ведаю, што адказаць.

— Надзея Анатольеўна, спіс Вашых абавязкаў велізарны. Здаецца, у сутках не хопіць гадзін, каб глыбока ўнікнуць ва ўсё. Як удаецца спраўляцца?

— Бяру стосы дакументаў дадому, каб паспець усё і нічога не ўпусціць. Мера маіх ведаў дазваляе мне думаць, што змагу ўзначаліць любы холдынг, таму што спраўлюся. Для мяне найлепшы тэрмін работы на адным месцы — пяць гадоў, потым вока «замыльваецца»... Але я буду працаваць там, дзе лічыць патрэбным Прэзідэнт.

— У адным з інтэрв’ю Вы казалі, што з’яўляецеся дастаткова ўпэўненым у сабе чалавекам. Што, апроч упэўненасці, дапамагло Вам стаць лідарам?

— Усё ідзе з дзяцінства. Я адзіная дачка ў сям’і, бацькі абое — кіраўнікі. Выхоўвалі яны мяне ў строгасці — думаю, таму што вельмі любяць. Мы жылі пад Мінскам, і ў восьмым класе мне ўзялі рэпетытара па матэматыцы, бо ў мяне былі праблемы з настаўнікам па гэтым прадмеце. А вось рэпетытар у мяне была матэматык, як кажуць, ад Бога, і неўзабаве я рашала ў школе па два заданні замест аднаго на кантрольных, але мне ўсё роўна ставілі чацвёркі. Бацькі рызыкнулі і адправілі мяне ў апошнія класы ў школу ў Мінск. Я ездзіла кожны дзень на электрычцы на заняткі і назад. І вось гэтую сярэднюю школу № 4 я скончыла з сярэбраным медалём! Менавіта там мне далі зразумець: толькі маючы веды, я змагу чагосьці дабіцца ў жыцці.

— А што было далей? Прафесію як выбіралі?

— Хацела быць следчым, але па стане здароўя не прайшла. Па парадзе мамы пайшла вучыцца ў Інстытут народнай гаспадаркі — без асаблівага жадання, але неўзабаве зразумела, што гэта — маё. Працаваць пачала адразу, з першага курса. Мне падабалася работа эканаміста, бухгалтара. Атрымаўшы першую вышэйшую адукацыю, адразу ж паступіла на завочнае аддзяленне той жа ВНУ, на гаспадарчае права. Працавала на буйных прадпрыемствах краіны, курыруючы фінансы. Потым мяне ўзгаднілі на пасаду начальніка фінансавага ўпраўлення «Белтэлерадыёкампаніі». А пасля мне прапанавалі «Бабруйскаграмаш»…

— Вы намеснік старшыні ГА «БСЖ», працягваеце ўзначальваць аб’яднаную арганізацыю Беларускага саюза жанчын прадпрыемстваў Мінпрама. І самі — яркі прыклад таго, як шмат здольныя зрабіць нашы жанчыны ў эканоміцы, грамадскім жыцці…

— Я займаюся Беларускім саюзам жанчын таму, што адзін у полі не воін. І ў нас ёсць пытанні і праблемы, якія трэба вырашаць, а гэта можна зрабіць толькі разам. Прасоўваць ідэалогію нашай краіны. Дапамагаць тым, хто ў гэтай дапамозе мае патрэбу. І мы гэта робім. Вельмі шмат у краіне моцных, прыстойных жанчын, яны займаюць розныя пасады і гатовы дапамагаць людзям, дасягаць вяршынь. Пад эгідай БСЖ мы робім шмат таго, што ў іншай плоскасці было б немагчыма. Мы дапамагаем бежанцам, жанчынам, якія трапілі ў цяжкую псіхалагічную сітуацыю, якія пацярпелі ад пажараў, паводак... І калі я чую, што нехта не можа дастукацца да ўлады, — я не вельмі веру ў гэта. Але перажываю за ўсю сістэму, гэта праўда.

— У інтэрв’ю Вы не раз з удзячнасцю адзываліся аб бацьках, якія выхавалі ў Вас працавітасць. Каму яшчэ Вы ўдзячныя за каштоўныя жыццёвыя ўрокі?

— Дзякую бацькам, а вучуся ў Аляксандра Рыгоравіча.

— У сям’і Вы таксама кіраўнік? Ці дома «выключаеце» ў сабе лідара? У кім ці чым чэрпаеце падтрымку?

— Для мяне вельмі важная падтрымка бацькоў, маёй сям’і. І Храм. Гэта самая важная падтрымка! У нас ёсць традыцыя — з мужам і дачкой разам ходзім на споведзь і да прычасця, у гэтым мая сіла. Ні секунды не саромеюся таго, што я вернік. Мая мама родам з Жыровіч, я вырасла ў Веры. Прашу Бога аб дапамозе ўвесь час, таму што кожны дзень напоўнены неабходнасцю прымаць рашэнні, і гэта проста немагчыма без божай дапамогі.

У маёй дачкі ўжо разрад па тэнісе, хоць яна скончыла толькі шосты клас. Вельмі самастойная, вучыцца на 9 і 10, гатуе лепш, чым я, нават пячэ булкі — гэтаму яна навучылася, калі я працавала ў Бабруйску. У яе адна прэтэнзія — мамы часта няма дома, часам яна просіць пабыць з ёй цэлы дзень. А так дома я звычайная мама і жонка, магу дачку і палаяць, і пахваліць. А ўвогуле ўсё ў нас добра, дзякуй богу.

— Вас называюць беларускай супер-жанчынай, «жалезнай лэдзі»... А якая Вы сам-насам з сабой? І як Вам удаецца заўсёды добра выглядаць?

— Стылістаў у мяне няма. Базу, станаўленне стылю я атрымала ад маёй дарагой мамы. Мужчын успрымаю як партнёраў па бізнесе, па дзейнасці, і толькі. Да грошай стаўлюся спакойна, не збіраю, не каплю, але люблю, калі яны ў мяне ёсць. Здольная на спантанныя пакупкі, як любая жанчына. Люблю добра апранацца, мне падабаюцца ўпрыгажэнні.

— Якія якасці цэніце ў людзях? І чаго, наадварот, не церпіце?

— Мне імпануюць людзі, якія займаюцца справай, і калі такім патрэбна мая дапамога, то я зраблю ўсё, што ў маіх сілах. А вось ліслівых людзей не люблю.

— Што Вам хацелася б змяніць у сабе, сваім спосабе жыцця?

— Хацелася б нарэшце пачаць займацца спортам, і для мяне прыклад у гэтым — Вольга Чамаданава, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама і лідар сталічных жанчын, вось яна знаходзіць у сабе сілы кожную раніцу пачынаць з трэніровак.

— Якія Вашы планы?

— Планаў не строю, але заўсёды адкрытая для любых пазітыўных змен.

Ад аўтара. Карыстаючыся выпадкам, выказваю падзяку Надзеі Лазарэвіч за рэбрэндынг грамадска-гандлёвага цэнтра «Сталіца», куды зараз па выхадных на розныя актыўнасці збіраюцца сотні бацькоў з дзецьмі. Ім рады, іх тут любяць, а гэта ж вельмі важна!

Тамара ВЯЦКАЯ

Фота БелТА і «СБ. Беларусь сегодня» 


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?