Вы тут

Стартаваў самы адказны этап уступнай кампаніі


Сёння (17 ліпеня) прыёмныя камісіі ВНУ распачалі прыём дакументаў у абітурыентаў. Абнаўленне інфармацыі на сайтах вышэйшых устаноў адукацыі будзе адбывацца кожныя тры гадзіны: у 12.00, 15.00 і 18.00. Інфармацыя аб ходзе падачы заяў і конкурснай сітуацыі, якая складваецца, будзе таксама размяшчацца на папяровых носьбітах, у холах будынкаў, дзе знаходзяцца прыёмныя камісіі. У апошні дзень падачы дакументаў інфармаванне будзе адбывацца па наступным графіку: у 10.00, 12.00, 15.00 і апошні раз у 17.00. Каб здзейсніць канчатковы выбар, у абітурыентаў будзе гадзіна, калі яны могуць забраць свае дакументы і аднесці іх у іншую ВНУ або перападаць свае дакументы на іншы факультэт. Прыёмныя камісіі зачыняюць свае дзверы на ўваход у 18 гадзін.


Там, дзе нарадзіўся...

Як расказаў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей ПІШЧОЎ, сёлета прыём на першую ступень вышэйшай адукацыі вядуць 49 устаноў, з іх 42 — дзяржаўнай і сем — прыватнай формы ўласнасці. Усяго плануецца прыняць на першы курс 52,2 тысячы чалавек (28,4 тысячы — на бюджэтныя і 23,8 тысячы — на платныя месцы). Колькасць бюджэтных месцаў сёлета крыху павялічылася, а на платнай форме навучання, наадварот, адбылося скарачэнне.

16 чэрвеня ў Беларусі завяршыўся першы этап прыёмнай кампаніі — адбылося залічэнне на месцы, выдзеленыя для мэтавай падрыхтоўкі. Па словах Сяргея Пішчова, у бягучым годзе назіралася вялікая цікавасць да мэтавай падрыхтоўкі як з боку заказчыкаў кадраў, так і з боку моладзі. На мэтавыя месцы было залічана каля 3400 чалавек. Але крыху больш за тысячу месцаў засталося вакантнымі, яны былі перададзены на агульны конкурс.

Таксама сёлета 18 рэгіянальных ВНУ праводзілі свае алімпіяды, па іх выніках студэнтамі сталі 369 абітурыентаў. 75 працэнтаў з тых, хто скарыстаўся такой магчымасцю, абралі ВНУ ў сваім рэгіёне. «Спадзяемся, што наша мэта дасягнутая — замацаваць моладзь там, дзе яны нарадзіліся. Вялікая верагоднасць таго, што яны і пасля заканчэння ВНУ застануцца дома, каб развіваць свой рэгіён», — падкрэсліў Сяргей Пішчоў.

Стобальнікі ёсць ва ўсіх рэгіёнах

Што датычыцца конкурснай сітуацыі і прахадных балаў, то ніхто сёння спрагназаваць іх не бярэцца. Дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый МІКСЮК расказаў, што на ЦТ сёлета зарэгістраваліся 54 880 абітурыентаў, што на 6,9 тысячы менш, чым летась. Але гэтаму ёсць тлумачэнне. Для моладзі быў створаны шэраг магчымасцяў і траекторый, каб стаць студэнтамі без удзелу ў ЦТ. У самім выпрабаванні ўзялі ўдзел не ўсе, хто зарэгістраваўся, каля шасці працэнтаў не з'явілася. Удзельнічалі 51 448 абітурыентаў.

Абсалютны вынік на ЦТ у бягучым годзе паказалі 599 абітурыентаў у 619 выпадках па 14 прадметах, прычым у дваццаці абітурыентаў ёсць адразу два стобальныя сертыфікаты. У 2022 годзе было 337 чалавек, якія паказалі стобальныя вынікі ў 361 выпадку.

Але не варта забываць, што пэўная частка абітурыентаў здавала сёлета цэнтралізаваныя экзамены, дзе таксама было зафіксавана шмат максімальных вынікаў. У 29 абітурыентаў па выніках здачы двух ЦЭ і аднаго ЦТ агульная сума балаў — 300, а ў 242 абітурыентаў — два стобальныя сертыфікаты.

Па словах дырэктара РІКВ, сёлета сто балаў набралі 1982 абітурыенты ў 2282 выпадках. «Мы стараліся стварыць аднолькавыя ўмовы для ўсіх: і для тых, хто здаваў ЦЭ, і для тых, хто здаваў ЦТ. У тэстах не выкарыстоўваліся заданні пятага ўзроўню складанасці, толькі заданні базавага ўзроўню. Хачу дадаць: аналіз «геаграфіі» стобальнікаў паказаў, што максімальнымі вынікамі могуць пахваліцца абітурыенты з розных рэгіёнаў і розных тыпаў навучальных устаноў, ёсць сярод іх і выпускнікі сельскіх школ», — дадаў Юрый Міксюк.

Самыя матываваныя і ўпэўненыя

У Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт сёлета плануюць прыняць 4418 студэнтаў для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі. На дзённую бюджэтную форму план складае 2114 чалавек. Доля прыродазнаўчых спецыяльнасцяў у плане прыёму — 63,3 працэнта, а сацыяльна-эканамічных і гуманітарных спецыяльнасцяў — 36,7 працэнта. На завочную бюджэтную форму плануецца прыняць 150 студэнтаў.

На дзённай платнай форме навучання выдзелены 1574 месцы і 507 — на завочнай.

Як і ў папярэднім годзе, у БДУ будзе весціся набор у Сумесны беларуска-кітайскі інстытут БДУ-ДПУ (Даляньскі політэхнічны ўніверсітэт) па спецыяльнасцях «прыкладная фізіка», «механіка і матэматычнае мадэляванне» і «сусветная эканоміка». Падрыхтоўка студэнтаў ажыццяўляецца на першых двух курсах на рускай мове, а з трэцяга курса шэраг дысцыплін выкладаецца ім на англійскай. Прадугледжваецца таксама вывучэнне кітайскай мовы на базавым узроўні. Выпускнікі сумеснага беларуска-кітайскага інстытута атрымаюць два дыпломы: БДУ і ДПУ. Усяго ў бягучым годзе ў інстытут плануецца прыняць на дзённую форму навучання 70 чалавек.

Рэктар БДУ Андрэй КАРОЛЬ наведаў пункты прыёмнай камісіі, пагутарыў з абітурыентамі і адказнымі за прыём дакументаў супрацоўнікамі. Галоўныя на парадку дня — арганізацыйна-тэхнічныя пытанні правядзення кампаніі. Усе аўдыторыі абсталяваныя пітнымі кулерамі, з улікам гарачага надвор'я кантралюецца тэмпературны рэжым.

Рэктар БДУ Андрэй КАРОЛЬ пагутарыў з абітурыентамі і супрацоўнікамі прыёмнай камісіі.

Старт падачы дакументаў пачынаецца ў галоўным корпусе, дзе абітурыенты запаўняюць анкеты і заявы на паступленне пры ўмове адсутнасці папярэдняй рэгістрацыі ў электронным асабістым кабінеце. Далей іх шлях ляжыць да юрыдычнага факультэта, дзе на ўсіх паверхах будынка працуюць факультэцкія прыёмныя камісіі, якія правяраюць у абітурыентаў дакументы на іх адпаведнасць устаноўленым патрабаванням.

Андрэй Кароль адзначыў актыўнасць абітурыентаў у першыя гадзіны. Ён заўважыў, што звычайна ў гэты час ідуць самыя матываваныя і моцныя прэтэндэнты на студэнцкі білет. У іх высокі прахадны бал і яны не бачаць сэнсу чакаць. Такіх абітурыентаў можна нават вызначыць па настроі: яны ўсміхаюцца, больш расслаблена сябе адчуваюць. Яны ўпэўненыя ў сваіх сілах і свядома прыйшлі паступаць у БДУ. З другога дня актыўнасць крыху зніжаецца. У гэты перыяд усё часцей паступаюць пытанні, куды лепш пайсці, патрабуюцца кансультацыі, параўноўваюцца факультэты. Такія абітурыенты вызначаюцца з выбарам на працягу ўсёй прыёмнай кампаніі. Практыка паказвае, што гэтыя ж маладыя людзі даволі часта забіраюць дакументы, бо раней нацэліліся на некалькі ўніверсітэтаў, і толькі ў канцы кампаніі яны робяць канчатковы выбар. У апошнія два дні пачынаюцца «скачкі» для аматараў «заскочыць у апошні вагон». Гэтымі днямі прыкладна становяцца вядомыя прахадныя балы.

Таксама Андрэй Кароль расказаў, што на факультэце міжнародных адноснін ужо прыняты дакументы ад уладальніка 400-бальнага выніку па ЦЭ і ЦТ плюс атэстат. На гэтым жа факультэце ёсць абітурыенты з 399 баламі. На філалагічным факультэце адзначаецца актыўнасць медалістаў, якія паступаюць на рамана-германскія мовы.

На яшчэ адну тэндэнцыю звярнуў увагу Андрэй Кароль. Назіраецца станоўчая дынаміка падачы дакументаў ад выпускнікоў Ліцэя БДУ. Рэктар звязвае гэта з уведзеным сёлета бонусам для гэтых хлопцаў і дзяўчат — упершыню ім дадзена магчымасць паступаць у БДУ без здачы іспытаў, калі яны маюць не менш за «дзявятку» па профільных прадметах і па астатніх — не менш як восем балаў. Першымі такой магчымасцю скарысталіся выпускнікі Ліцэя БДУ, падаўшы дакументы на спецыяльнасць «рэгіёназнаўства» гістарычнага факультэта. Андрэй Кароль выказаў надзею, што сёлетняя прыёмная кампанія будзе паспяховай для ўсіх — і для абітурыентаў, і для ўніверсітэта, і пажадаў кожнаму атрымаць запаветны студэнцкі білет БДУ.

Насустрач пастаўленай мэце

У ліку лідараў па колькасці набраных балаў сярод абітурыентаў знаходзіцца выпускніца мінскай гімназіі № 16 Алеся АСТРОЎСКАЯ. Дзяўчына падае дакументы на «міжнароднае права» факультэта міжнародных адносін БДУ. Абітурыентка з'яўляецца ўладальніцай ста балаў адразу па двух прадметах ЦТ: грамадазнаўстве і англійскай мове. Сярод іншых дасягненняў дзяўчыны — залаты медаль, сярэдні бал атэстата 9,9 і дыплом І ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове. Дзякуючы перамозе Алеся аўтаматычна атрымала сто балаў па гэтым прадмеце. Яе агульны вынік склаў 399 балаў. Будучая студэнтка змагла падрыхтавацца да іспытаў усяго за год дзякуючы заняткам з настаўнікамі, алімпіяднаму руху і курсам. Цяпер яна ставіць перад сабой мэту стаць дыпламатам, выступаць на міжнароднай арэне і наладжваць супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі. «Свет стаіць на парозе глабалізацыі, будуецца і пашыраецца інстытут нацыянальнага характару. У сучасных умовах дадзены кірунак актуальны як ніколі», — падкрэсліла Алеся.

Алеся Астроўская падала дакументы на спецыяльнасць «Міжнароднае права».

Шэрагі беларускіх журналістаў імкнецца папоўніць абітурыент Дзмітрый ПАДДУБІЦКІ. Хлопец скончыў мінскую сярэднюю школу № 118. Вырашальным фактарам пры выбары спецыяльнасці для выпускніка сталі профільныя прадметы. Дзмітрыю было важна, каб яны супадалі з яго школьнымі інтарэсамі. Для яго любімымі ўрокамі былі гуманітарныя: гісторыя, грамадазнаўства, руская мова. Па гісторыі Беларусі абітурыент набраў 93 балы на ЦТ, чаму вельмі ўзрадаваўся. Таксама хлопцу яшчэ трэба будзе здаць унутраны творчы экзамен.

Выпускніца гімназіі № 2 Наваполацка Ганна АНДРАСЮК вырашыла звязаць сваё жыццё з вывучэннем моў розных культур і іх выяўлення ў літаратурнай творчасці. Менавіта таму дзяўчына падае дакументы на спецыяльнасць «рамана-германская філалогія» філалагічнага факультэта. «Найперш у БДУ мяне прыцягвае высокі ўзровень адукацыі, моцная вучэбная праграма і магчымасць развівацца ў многіх сферах. Думаю, ва ўніверсітэце я змагу ўдасканаліць свае як прафесійныя, так і асабістыя якасці», — тлумачыць свой выбар абітурыентка.

Нечаканую перамену ў перавагах адчула выпускніца Бараўлянскай гімназіі Паліна СТРЫГА. Раней дзяўчына хацела развівацца ў творчай сферы, бо некаторы час вучылася ў мастацкай школе. А цяпер яна паступае на «менеджмент» эканамічнага факультэта БДУ, хоць матэматыкай сур'ёзна захапілася толькі ў 11 класе. Спачатку Паліна проста вырашыла загадзя падрыхтавацца да цэнтралізаванага экзамену, але ў працэсе гэты прадмет моцна зацікавіў. Таксама важным момантам стала тое, што для паступлення на эканамічны факультэт трэба здаваць прадметы, якія Паліна любіла ў школе ў найбольшай ступені: англійскую і беларускую мовы. На залічэнне ў абітурыенткі ёсць усе шанцы: у сукупнасці яна набрала 338 балаў.

Выпускнік мінскай сярэдняй школы № 12 Кірыл ШАПОР быў прыемна здзіўлены падчас азнаямлення з пералікам дысцыплін, якія вывучаюцца ў ВНУ. Пасля разгляду ўсіх варыянтаў хлопец цвёрда вырашыў, што будзе паступаць на факультэт сацыякультурных камунікацый. «Больш за ўсё мяне прывабіла 3D-мадэляванне. Я ўжо разумеў перспектывы дадзенай сферы, таму адразу захацеў яшчэ больш паглыбіць свае веды. Дакументы падаю на спецыяльнасць «дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя». Мне яшчэ трэба будзе здаць творчы іспыт. Спадзяюся, я спраўлюся на «выдатна», — падзяліўся сваімі планамі Кірыл.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прэс-службы БДУ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.